Плюсы і мінусы літоўскага міфа

Літва як дзяржава ўбачыла свет у 1918 годзе, і літоўцы адразу ж актывізавалі даследаванне спадчыны Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя вывучэння гісторыі, упершыню быў узняты і сцяг яе маштабнай папулярызацыі. Займаліся літоўцы аднаўленнем гістарычнай спадчыны і ў часы СССР.

2_37.jpg

Таму думка пра тое, што «Літва — адзіная спадкаемца ВКЛ», пануе ва ўсёй літоўскай публічнай прасторы і падтрымліваецца на высокім дзяржаўным узроўні. Кожны літовец, дзе б ён ні працаваў і які б статус не меў, добра, калі не выдатна, ведае гісторыю краіны і асабліва ролю ВКЛ ва ўзнікненні Літвы. З цэльным уяўленнем пра тое, як Вялікае Княства з цягам часу пераўтварылася ў сучасную Літву, гэтую краіну пакідае кожны замежнік, які карыстаўся паслугамі мясцовага гіда. Як жа літоўцам удаецца ствараць такі моцны наратыў і ці ёсць у такім падыходзе мінусы?

Сто гадоў форы

Мэтанакіравана ствараць аснову сваёй сённяшняй ідэнтычнасці літоўцы пачалі амаль сто гадоў таму. Маштабны помнік Вітаўту ў Коўне аўтарства Вінцаса Грыбаса з’явіўся якраз у міжваенны перыяд, у 1930 годзе. Князь Вітаўт стаіць на пастаменце, а пад ім, прыгнуўшыся, размешчаны чатыры пераможаныя фігуры: маскавіт, немец, паляк і татарын. Калі Літва гвалтам была інкарпараваная ў СССР, помнік знішчылі, але ён быў адноўлены ў 1992 годзе.

1a.jpg

Фігура Вітаўта — самая знакавая для літоўскага наратыву. Вялікі князь літоўскі прысутнічае ўсюдыісна: у назвах вуліц, навучальных устаноў, гэтым імем называюць дзяцей. Партрэт Вітаўта быў ключавым у літоўскай школе ў перыяд першай незалежнасці краіны. Каб гэта пабачыць, дастаткова наведаць рэканструяваную школу 1930-х гадоў у музеі народнага быту Румшыскес пад Коўна. Разам з Вітаўтам тагачасныя школьнікі — дзядулі і бабулі сучасных літоўцаў, — бачылі і партрэт аўтара дзяржаўнага гімна Вінцаса Кудзіркі, і епіскапа-асветніка Мацеюса Валанчуса, і іншых знакавых для літоўскай дзяржаўнасці гістарычных постацей.

Таму няма дзіва, што пасля Другой сусветнай вайны ў Літве сфармаваўся вялікі пласт нацыянальна арыентаваных інтэлектуалаў: навукоўцаў, мастакоў, архітэктараў. Фактычна гэта выявілася ў тым, што замак у Троках, які быў заснаваны яшчэ вялікім князем Гедымінам, пачаў аднаўляцца ў 1955 годзе. Рэстаўрацыя доўжылася больш 30-ці гадоў, і дзякуючы ёй мы зараз маем цудоўную пярліну эпохі ВКЛ. А літоўцы маюць, найперш, моцны аргумент для сілкавання свайго асноўнага дзяржаўнага нацыятворнага наратыву. Дарэчы, як у Трокскім замку, так і на іншых гістарычных аб’ектах у турыстычных буклетах ВКЛ называецца «Вялікае Літоўскае Княства». Два словы перастаўлены месцамі, а сутнасць становіцца зусім іншай.

Чаму савецкая ўлада дазволіла літоўцам не толькі займацца Трокамі, але яшчэ і выдзяляла грошы на аднаўленне замку шляхты, якая, па ўяўленнях тагачасных ідэолагаў, на працягу стагоддзяў цягнула жылы працоўнага сялянства? Справа ў вымушаным выбары, які для сябе зрабілі камуністычныя нобелі. Пасля 1944-га, калі месца немцаў у Літве заняла Чырвоная Армія, шмат узброеных літоўцаў павярнулі рулі аўтаматаў у бок Усходу. Каля дзесяці тысяч чалавек працягнулі партызанскую барацьбу за незалежнасць краіны, і толькі ў сярэдзіне 1950-х міліцыя, КДБ, войскі канчаткова знішчылі апошнія ачагі супраціву. Пасля такога лідары СССР скемілі: няхай літоўцы займаюцца гісторыяй і культурай, але без агнявой зброі.

img_7541_1.jpg

Як прысабечыць агульную гісторыю?

Сёння ствараюцца маштабныя энцыклапедыі на літоўскай мове, якія апісваюць Беларусь і Украіну як гістарычныя землі цяперашняй Літвы. Узяць, напрыклад, сучасныя гістарычныя атласы для школьнікаў. Насуперак дамінуючай у Беларусі думкі, што першая сталіца ВКЛ — Наваградак, у Літве кажуць пра першую сталіцу Кернаў, якая знаходзіцца ў 35 кіламетрах ад Вільні. Наваградак разам з Гродна і Мінскам, па меркаванні сённяшніх літоўскіх гісторыкаў, далучыліся да ядра ВКЛ пазней.

img_7539.jpg

Трохтомная, выдатна аздобленая энцыклапедыя «Вялікая Літва» распавядае на літоўскай мове пра землі ВКЛ. Першыя два тамы прысвечаныя гістарычным помнікам Беларусі, трэці — Украіны. Аўтары наведалі і нас, і ўкраінцаў, зрабілі прафесійныя фотаздымкі. Згодна сучаснай практыцы працы з інфармацыяй, энцыклапедыя багата ілюстраваная, даецца мінімум тэксту.

Напрыклад, мястэчку Падароск у Ваўкавыскім раёне (Padaroskas па-літоўску) прысвечаны аж разварот энцыклапедыі. Мы бачым невялікую мапу, якая падказвае дарогу да мястэчка. На фотаздымках — сядзібна-паркавы комплекс канца XVIII стагоддзя, Свята-Троіцкая царква, якая першапачаткова, у тым жа стагоддзі, закладалася як касцёл. На словах у энцыклапедыі — мінімум вербальнай ідэалогіі, але візуальная падача і сам кантэкст трохтомніка фармуюць патрэбны Літве сучасны культурна-палітычны наратыў. Ствараюць сімвалічнае права на валоданне гістарычнай спадчынай Беларусі і Украіны.

Літоўцы працуюць у свой бок і са спадчынай і памяццю, якая зараз звязана з гісторыяй Расіі. Гаворка ідзе пра Калінінград, які па-беларуску зваўся Каралявец, а па-літоўску — Каралявічус. Калінінградскі край, на думку літоўскіх гісторыкаў, уваходзіць у панятак «Малая Літва». У Малую Літву ўключаны землі блізу Балтыйскага мора, у тым ліку і Клайпеда. І калі з апошняй усё зразумела — цяпер гэта літоўскі горад і цэнтр Клайпедскага павета — Калінінградская вобласць сёння з’яўляецца часткай Расіі.

Таму пра Малую Літву, лічаць літоўцы, неабходна распавядаць у тым ліку з дапамогай маштабных навукова-папулярных энцыклапедый. Іх выдае спецыяльна створаны для гэтага Фонд Малой Літвы (гэта прыкладна, каб у Мінску існаваў Фонд беларускай Вільні, які б займаўся выданнем кніг пра тое, што Вільня — наш горад). У пачатку энцыклапедыі пералічаныя ўсе яе фундатары і сумы іх ахвяраванняў — агулам гэта дзясяткі тысяч долараў. Маштаб такога грамадскага краўдфандынгу на глебе гісторыі і культуры ўражвае.

І гэта дае плён

Літоўскія гуманітарыі стварылі і замацавалі ў свядомасці свайго народа міф пра Літву як адзіную пераемніцу Вялікага княства Літоўскага. Міф мае надзвычай парадыгмальны характар: ён не прымае ніякую крытыку. То бок, калі спрабуеш абвергнуць пастулаты міфа, літоўцы нават не намагаюцца спрачацца. Бо іншы погляд на гісторыю ВКЛ у іх разуменні — чыстае блюзнерства.

Нацыянальная ідэя літоўцаў прапісана выдатна, але зроблена гэта чыста з прысабечанскіх пазіцый, без беларускай візіі. Яна спрыяе еднасці літоўцаў, стварае адзіную карціну свету развіцця сённяшняй Літвы, цешыць пачуццё гонару за сваю Радзіму. Але калі літоўцы пачынаюць выходзіць у свет, будаваць палітычныя адносіны з бліжэйшым суседам — Беларуссю — на глебе гісторыі ўзнікае канфлікт непаразумення. Літоўцы хочуць мець прыватнае, толькі сваё права на гісторыю ВКЛ, і амаль не разглядаюць ніякіх іншых варыянтаў.

Несумненна, цалкам прыдуманай гісторыю Літвы (перыяд ВКЛ) называць няправільна і нельга. Усё ж навука — і літоўская, і беларуская — аперуе фактамі, і яны маюцца ў абодвух бакоў. Але Літва стварыла хутчэй не міфалагізаваную гісторыю, што цалкам прымальна і нават карысна для любой краіны. Іх гістарычны наратыў бліжэй да міфатворчасці. І ў гэтым яго слабасць.

img_7544.jpg

Лепш разам, чым паасобку

Невытлумачанасць гістарычных пазіцый Беларусі і Літвы стварае гуманітарную напружанасць. А гэта адбіваецца і на эканамічных, і на палітычных адносінах нашых краін. Складваецца ўражанне, што Літва не разумее з геапалітычнага становішча існаванне Беларусі як незалежнай краіны — надзвычай, нават крытычна, важнае для Балтыйскага рэгіёна.

Калі літоўцы выштурхоўваюць нас з гісторыі ВКЛ, яны падрываюць нашу суб’ектнасць і нават суверэннасць. Тактычна гэта для іх выгадна, але стратэгічна — нашто Літве слабы рэгіянальны партнёр? Гэта аслабіць і яе таксама. Бо адна справа — АЭС у 50 кіламетрах ад Вільні, і зусім іншая, не дай Бог, расійская ваенная база на такой жа адлегласці. Моцная суседка Беларусь з цэльнай гісторыяй — значна лепш для бяспекі Літвы, чым літоўска-расійская мяжа побач са сталіцай. Хаця б таму, з рацыянальнага падыходу, ім варта паважаць і наша права на гісторыю ВКЛ.

Хаця мы і без іх ведаем, што наша права крыецца ва ўсёй логіцы гістарычнага працэсу на працягу стагоддзяў.

Фота аўтара