Эколагі: Устаноўка пашкоджанага корпуса рэактара нясе высокія рызыкі бяспецы
Беларуская партыя "Зялёныя" і грамадскае аб'яднанне "Экадом" папярэджваюць аб тым, што ўстаноўка корпуса рэактара першага энергаблока, які сутыкнуўся з чыгуначным слупам у снежні мінулага года, нясе высокія рызыкі бяспецы Беларускай АЭС. Адпаведную заяву яны распаўсюдзілі 6 красавіка.
Корпус рэактара для першага энергаблока ў снежні 2016 года пры чыгуначнай перавозцы сутыкнуўся з жалезабетонным слупам. Зялёныя і эколагі паведамлялі раней, што ўстаноўка такога корпуса істотна павышае верагоднасць здарэнняў пры эксплуатацыі энергаблока, уключаючы рызыкі радыяцыйных аварый. Яны патрабавалі прыпынення будаўніцтва і стварэння для расследавання інцыдэнту і яго наступстваў адмысловай камісіі з уключэннем іх прадстаўнікоў. Аднак, паводле слоў эколагаў, такая камісія не была створаная, а кантроль корпуса рэактара не быў належным.
Тым не менш 1 красавіка корпус рэактара першага энергаблока быў усталяваны "ў праектнае становішча" ў рэактарным будынку першага энергаблока Беларускай АЭС. Афіцыйна паведамлялася, што перад устаноўкай тэхнікі з дапамогай вымяральных прыбораў праверылі сам корпус рэактара. Пасля працэдуры пацвярджэння якасці абсталяванне дазволілі мантаваць.
Аднак аўтары заявы са спасылкай на канадскага эксперта ў галіне атамнай энергетыкі Гордана Эдвардса сцвярджаюць, што праведзеных мер было недастаткова для выключэння схаваных дэфектаў корпуса, якія пасля могуць стаць прычынай яго разгерметызацыі і прывесці да радыяцыйнай аварыі.
У тэксце заявы гаворыцца таксама пра тое, што будаўніцтва Беларускай АЭС, непразрыстае і непадкантрольнае грамадскасці, ідзе з парушэннямі тэхнічных нормаў і міжнароднага заканадаўства, па эксперыментальным расійскім праекце АЭС-2006 і без таго нясе недапушчальна высокія рызыкі для жыхароў Беларусі, якія пацярпелі ад наступстваў аварыі на ЧАЭС.
Эколагі і зялёныя патрабуюць спынення будаўніцтва Беларускай АЭС і незалежнага публічнага расследавання здарэнняў і парушэнняў, а таксама перагляду рашэнняў, прынятых з парушэннямі заканадаўства і тэхнічных норм.
Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расіі. Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення, у якім выкарыстоўваецца вода-вадзяны энергетычны рэактар ВВЭР-1200. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.
Таццяна Іванова, БелаПАН