Аляксандр Тамковіч: Калі б нехта сказаў, што мы будзем будаваць АЭС, я б адправіў яго да псіхіятра

12 красавіка ў Прэс-клубе а 17-ай гадзіне адбудзецца дыскусія "Чарнобыль: паміж мінулым і будучыняй" і прэзентацыя нямецкага перакладу кнігі «Філасофія дабрыні. Ад катастрофы — да сада надзеі».

tamk1.jpg

Журналіст і пісьменнік Аляксандр Тамковіч з радасцю пагаджаецца на інтэрв’ю і запрашае да сябе на гарбату. Дома гаспадар сустракае ў цішотцы з партрэтам зніклага аператара Дзмітрыя Завадскага і прапануе сядаць на канапу — «на ёй сядзеў увесь палітычны бамонд Беларусі». Сядаеш і спрабуеш уявіць, як на гэтым самым месцы сядзелі суаўтары апошняй (пакуль што) кнігі Аляксандра Тамковіча — нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч і паэт ды палітык Уладзімір Някляеў.

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» пагутарыла з Аляксандрам Тамковічам пра шлях у літаратуру, пра яго герояў, сітуацыю ў краіне і творчыя планы.

Пра галоўную праблему беларускай апазіцыі

Камунікаваць з людзьмі немагчыма ў жорсткіх рамках, асабліва калі ты займаешся журналістыкай — суразмоўцы не раскрыюцца. А расказаць пра кагосьці нешта новае вельмі цяжка. Напрыклад, пра праваабаронцу Валера Шчукіна. Усе ведаюць пра яго змаганне. А мне ён расказваў, як яго дачка вучылася граць на фартэпіяна. У тыя часы інструмент быў у дэфіцыце, дый грошай на яго не было. Тады Валер Шчукін выразаў фанеру і намаляваў на ёй клавішы. І такія выпадкі можна знайсці ў кожнага, іншая справа — так пагаварыць з чалавекам, каб ён нешта расказаў. Я вельмі не люблю, калі просяць даслаць інтэрв’ю перад публікацыяй, асабліва палітыкі, якія хочуць падавацца белымі і пухнатымі. Яны думаюць, што калі скажуць так, як напісана ў рэкламнай улётцы, людзі іх лепей зразумеюць. Я так не думаю: людзі зразумеюць тады, калі з імі размаўляеш на іх мове. Праблема ўсёй нашай апазіцыі менавіта ў гэтым.

Пра сваю «галерэю»

10 год таму, калі я пачынаў працаваць у біяграфічным жанры, у мяне не было глабальных мэтаў нешта зрабіць (зараз ёсць). Тады мной кіраваў не нейкі пафас, а жаданне вярнуцца «ў абойму». Цяпер я хачу стварыць сваю суб’ектыўную «галерэю». Бо ў сучаснай энцыклапедыі Рэспублікі Беларусь шмат каго няма, там цэнзура страшная. Да мяне неяк прыйшоў Вінцук Вячорка і запытаўся: «А ў энцыклапедыі БНФ ёсць?» Мы паглядзелі — няма. Гэта кажа аб тым, што пройдзе гадоў 15, і людзі не будуць памятаць, як што было. Калі я яшчэ быў вайсковым журналістам, мне тры генералы распавядалі, як вызвалялі Мінск на танку, які цяпер стаіць каля Дома афіцэраў.

У першай маёй кніжцы «Судьбы», якую мне вельмі дапамагаў рабіць Аляксандр Фядута, быў на той час дырэктар тэатру Музкамедыі Аляксей Ісаеў. А ў беларускім перакладзе «Лёсы» яго ўжо няма, бо да яго ўзнікла шмат пытанняў. Такіх прыкладаў няшмат, але яны ёсць.

 Пра шлях да беларускасці

У 2007 годзе па прапанове спачылага Аляксея Караля я пачаў рабіць парныя нарысы для «Новага Часу», якія пазней сталі кніжкай «Асобы». Пасля за гэта на мяне падаў у суд Мікалай Чаргінец. Ён запатрабаваў з мяне 100 мільёнаў, чым зрабіў самым «дарагім» журналістам у гісторыі Беларусі. (Сярод парных нарысаў Шушкевіч-Кебіч, Пазняк-Малафееў у «Новым Часе» выйшаў і нарыс пра двух генералаў — Грыба і Чаргінца. — ЕўраБеларусь.). Але пасля 100 мільёнаў пераўтварыліся ў пяць, а суд пастанавіў выплаціць мільён.

Дык вось, калі Кароль мне прапанаваў рабіць гэтыя нарысы, я падзякаваў і сказаў, што газета на беларускай мове, і мне будзе цяжка. А Кароль кажа: «Ну пішы, будзем перакладаць». Мне стала сорамна. Жонка прынесла з працы праграму, якая падкрэслівае русізмы, я абклаўся слоўнікамі і пачаў пакрысе пісаць. Бедныя людзі, якія першымі гэта чыталі! Але з часам я спакойна стаў пісаць на беларускай мове, а пасля таго, як расіянам прадалі газавую трубу і ў нас з’явіўся «Газпрам», я прынцыпова не хачу пісаць на рускай мове, хоць часам даводзіцца рабіць гэта для «Свободных новостей».

Пра кнігу «Філасофія дабрыні. Ад катастрофы — да сада надзеі»

Кніжка — гэта спроба аднавіць справядлівасць. Бо ўсё, што зрабіў фонд «Дзецям Чарнобыля», шмат хто перацягвае на сябе. Я прапаноўваў Генадзю Грушавому зрабіць кніжку, гаворка пра гэта цягнулася год. Нарэшце дамовіліся, але за гадзіну да інтэрв’ю ён мне тэлефануе і кажа, што здарылася няшчасце з яго маці і трэба ехаць да яе. Тады я паехаў у Польшчу і быў там без сувязі, а калі вярнуўся, атрымаў СМСку, што ў Грушавога здарыўся інфаркт. Я ж не ведаў, што ён хворы на анкалогію… Так мы і не запісалі інтэрв’ю.

Але жонка Генадзя Ірына Грушавая (падчас інтэрв’ю яна тэлефануе Аляксандру Тамковічу з Берліна. — ЕўраБеларусь.) узялася за гэтую справу і мы зрабілі кнігу. Я магу дакладна сказаць, калі яна пачыналася — 9 лістапада 2014 года, бо гэта дзень майго нараджэння, а для немцаў — дзень падзення берлінскага мура. Я падаў ідэю выдаць кнігу нямецкай амбасадзе.

Канешне, пасля «Чарнобыльскай малітвы» цяжка сказаць нешта новае пра радыяцыю. Мне проста хацелася справядлівасці: людзі так шмат зрабілі, а іх адсунулі.

Мы з жонкай праехалі амаль 5 000 км па чарнобыльскай зоне. Што ўразіла: заканчваецца зона і праз 200 метраў на горцы стаіць новенькі кароўнік, фарба ледзьве высахла. Мы не маглі зразумець, як так: тут нічога нельга збіраць, есці — а праз 200 метраў каровы пасвяцца. А як жа снег, вецер, грунтовыя воды?.. Калі б мне 10 год таму нехта сказаў, што мы пад Астраўцом будзем будаваць сваю АЭС, я б адправіў чалавека да псіхіятра. Немцы да 2022 года закрыюць усе свае атамныя станцыі, а мы будуем.

Пра наступную кнігу і сітуацыю ў краіне

На новую кнігу я хачу збіраць грошы праз «Талаку». Я ніколі такога не рабіў і ўвогуле не прадаваў свае кніжкі. Але цяпер, на жаль, без дапамогі людзей не абысціся. Кніжка не палітычная, яна будзе называцца «Мазаіка жыцця». Калісьці я ўжо рабіў кніжку «Найноўшая гісторыя ў асобах», там сабраны нарысы пра 100 чалавек. Але гэта для Беларусі мала. І цяпер хачу зрабіць «другую хвалю». Там будуць Зміцер ВайцюшкевічІгар ВарашкевічАлег ХаменкаАлесь Камоцкі, Кася КамоцкаяІван КірчукСяргей ХарэўскіГенік ЛойкаАндрэй Кудзіненка і Андрэй КурэйчыкЮлія Чарняўская і многія іншыя.

Хацеў пачаць кампанію на Вялікдзень, але цяпер у краіне такія абставіны, што давядзецца адкласці да траўня — спадзяюся, да гэтага часу напружанне суцішыцца. Увогуле, галоўнае адрозненне паміж падзеямі сёлетняга Дня Волі і Плошчы–2010 года ў тым, што тады ўладам было чаго баяцца, а цяпер — не. Тады на Плошчу ішлі за палітыкамі, а цяпер іх збольшага пасадзілі. Улада не можа зразумець адно: справа не ў палітыках і не ў «пятай калоне». Людзі бачаць, у што пераўтвараецца краіна.

 eurobelarus.info