Грамадзяніну Расіі на бліжэйшыя 10 гадоў забаранілі ўезд у Беларусь
З Беларусі дэпартаваны грамадзянін Расіі Аляксей Паліховіч, які быў затрыманы ў Менску 25 сакавіка. Нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі маладому чалавеку прысудзілі 12 сутак адміністрацыйнага арышту.

Суд Кастрычніцкага раёну Менску вызначыў, што Паліховіч «нёс бел-чырвона-белы сьцяг і выкрыкваў лозунгі на беларускай мове». Пры тым, што сам расеец спрабаваў давесці, што беларускай мовы не ведае.
Сёння Аляксей Паліховіч вярнуўся ў Маскву і на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў: яму забаронены ўезд у Беларусь на працягу 10 гадоў — да 7 красавіка 2027 году.
Аляксей Паліховіч з'яўляецца фігурантам справы аб беспарадках на Балотнай плошчы ў Маскве ў траўні 2012 году. Разам з іншымі актывістамі ён прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў «масавых беспарадках і ўжываньні гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады». Актывісту прысудзілі 3,5 гады калоніі агульнага рэжыму.
Паводле амбасады Расіі ў Беларусі, 25 сакавіка ў Мінску былі затрыманыя чацвёра расійскіх грамадзянаў, трое з іх пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі.
Паводле svaboda.org