Кіднэпінг, групавы гвалт мужчыны
Судовы працэс па справе «Тарнада» адбываўся ў закрытым рэжыме. Беларус Данііл Ляшук (на фота) асуджаны на 10 гадоў. Пра гэта ў сваім «Facebook’у» паведаміў галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатолій Маціёс.
Судовы працэс доўжыўся некалькі месяцаў. Справа налічвала 86 тамоў. Усяго было 12 фігурантаў справы. Іх абвінавачвалі ў выкраданні людзей, групавым гвалце мужчыны, здзеках над жыхарамі Луганскай вобласці.
«Жорстка, але без страляніны, следчыя Галоўнай вайсковай пракуратуры, у выніку філіграннай аперацыі па затрымалі самага небяспечнага ды жорсткага з усіх падазраваных байцоў роты «Тарнада» з пазыўным «Маджахед» — грамадзяніна Беларусі Ляшука, які больш за 2 месяцы хаваўся ад суду і следства», – пісаў два гады таму ў «Facebook’у» Анатолій Маціёс.
Данііл Ляшук вырас у Берасці, спяваў рэп (Deni Mad).
Пазней пераехаў у Севастопаль, дзе пражыў два гады. Ляшук прайшоў шлях ад неанацызму да радыкальнага ісламізму, абвясціў Расеі джыхад і накіраваўся ваяваць ва ўкраінскую роту «Тарнада». Быў арыштаваны ў лазні пад Кіевам, дзе адпачываў з сябрамі.
Паводле экс-кіраўніка дэпартаменту МУС Украіны па працы з батальёнамі добраахвотнікаў Віктара Чалавана, «Маджахед» ніколі не быў у складзе «Тарнада» — пасведчанне было падробкаю.
Батальён «Тарнада» быў створаны ў кастрычніку 2014-га і ўваходзіў у склад МУС Украіны. Летась батальён расфарміравалі.
Паводле belsat.eu