"Польшча — першая краіна на выхадзе беларускай літаратуры ў свет"

Лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца Таццяна Барысік, Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Дубавец наведалі Варшаву. Беларускія пісьменнікі знаходзілася ў польскай сталіцы па запрашэнні МЗС Польшчы. Галоўнай мэтай візіту была папулярызацыя прэміі Гедройца, прамоцыя беларускай літаратуры і кантакты з польскімі культурніцкімі ўстановамі.



fc17a3f2_c79c_432a_80ae_92b82b7d0098_file.jpg

Фота: radyjo.net

Разам з чальцом журы прэміі Андрэем Хадановічам пісьменнікі наведалі Беларускую службу Польскага радыё

Таццяна, чаму прэмія Гедройца заўсёды выклікае столькі медыйнага шуму і эмоцый у Беларусі, дзе літаратурных прэмій нямала?

Т. Барысік: Гэта найбольш вядомая прэмія ў Беларусі, нават у асяродку, які ад літаратуры падалей. Пра яе больш ведаюць і чуюць.

radyjo.net__c150d97a_5632_4_8be3a6388e552ab8314977f17af5d0e4.html

Таццяна Барысік

Сп. Альгерд, у Польшчы кажуць, калі невядома, у чым праблема, то праблема ў грашах. А грошы ў прэміі таксама польскія. Ці гэта ёсць прычына эмоцыяў вакол прэміі?

А. Бахарэвіч: Хутчэй справа ў тым, што гэта самая прэстыжная ўзнагарода. Людзі, якія яе арганізуюць, разумеюць, што такое сучасная літаратурная ўзнагарода. Яны арыентуюцца на заходнія стандарты ўручэння прэміі, стараюцца, каб вакол яе ўтвараліся інфармацыйныя нагоды, займаюцца прамоцыяй, працуюць са СМІ. Вось і ўся прычына.

radyjo.net__ffecbfdf_f06d_4_db8254fbc9364f35de5d1de5b6aef235.html


Сяргей Дубавец

Сп. Сяргей, ці змяніла прэмія Гедройца літаратурную палітру за тыя гады, што яна ўручаецца?

С. Дубавец: Безумоўна, змяніла. Прэмію чакаюць. Адмыслова сядаюць пісаць творы і кнігі. Я лічу, што гэта вельмі добра, бо заўсёды, калі ёсць працэс, то з  яго нешта праявіцца. З'явіцца больш сапраўдных талентаў у беларускай літаратуры.

 Сп. Андрэй, як прамоўтар беларускай літаратуры, скажыце, ці дасягаецца мэта, якую ставіць перад сабой прэмія Гедройца? Ці спрыяе яна развіццю беларускай літаратуры?

А. Хадановіч: Як калісці розныя вар'яты выпівалі за «успех безнадёжных дел», як кожная недасягальная справа, гэта прыгожа, гэта высакародна. Мы самі сабе ствараем ілюзію, у той момант, калі пісьменнік піша верш ці раман, арганізатары прэміі, каб зрабіць гэта добра, шчыра вераць, што гэта пуп зямлі і што гэта зменіць заўтрашні лёс усёй беларускай культуры. Зменіцца, напрыклад, ад прысуджэння Таццяне Барысік другой прэміі Гедройца. У некаторыя моманты зваротная рэакцыя пацвярджала гэта. Калі мы ладзілі ў кнігарні Логвінаў сустрэчы з прэтэндэнтамі, раптам людзі, якіх я не бачыў па 10 гадоў, беларусы з Воршы, з кветкамі прыязджаюць, каб пабачыць Таццяну Барысік, каб пачуць яе і ўшанаваць. У мяне ілюзія, што гэта дзейнічае. Колькасна кніжак зрабілася больш. Думаю, што чальцы журы пасля прачытання 60-70 кніжак-прэтэндэнтаў пачынаюць ненавідзіць беларускую літаратуру, але думаю, што некалькі вартых рэчаў з гэтага прарастае. З'яўляюцца кніжкі, за якія не сорамна. Але трэба не толькі матэрыяльна прастымуляваць пісьменніка, не толькі звярнуць увагу беларускай публікі, але яшчэ і перакінуць масток паміж Беларуссю і Польшчай. Каб як мага больш пераможцаў прэміі выходзілі ў Польшчы ў добрых перакладах, з добрай прамоцыяй. Было б здорава.

Таццяна, ці ставіце вы сабе мэту, каб вашыя творы выдаваліся ў Польшчы па-польску?

Т. Барысік: Цяжка ставіць мэту, калі ты сам за гэта не адказваеш. Такую мэту можна паставіць, калі ты сам перакладаеш сваю кнігу. Калі б гэта атрымалася, то я была б усцешаная. Але непасрэдна такой мэты я перад сабой не ставіла. Для мяне ўвогуле ўзнагарода была нечаканасцю, таму што я жыву не ў Менску, я з правінцыі. Калі загадзя кажаш пра свае планы, то яны, як правіла, не збываюцца, альбо збываюцца з вялікай цяжкасцю.

radyjo.net__ce73ec81_196c_4_d569649665d763b1f8c9c4c18d6b8756.html


Альгерд Бахарэвіч

Сп. Альгерд, вы самі перакладаеце і вас перакладаюць. Гэта ўсё ж такі мэта для пісьменніка ці не?

А. Бахарэвіч: Я думаю, што для кожнага аўтара, для якога літаратура гэта самае важнае ў жыцці, для якога гэта справа жыцця, безумоўна, для яго гэта важна, істотна, ён пра гэта думае й марыць. І робіць усё магчымае для таго, каб яго перакладалі. Але што можа зрабіць пісьменнік для таго, каб яго перакладалі на іншыя мовы? Адзінае, дык гэта пісаць лепш, лепш і лепш.

Сп. Андрэй, вы перакладаеце польскую літаратуру на беларускую мову. Ці ёсць у Польшчы людзі, якія могуць якасна перакладаць беларускія кнігі?

А. Хадановіч: Такіх людзей вобмаль. Яны толькі падкрэсліваюць як выключэнне правіла, што такіх перакладчыкаў катастрафічна бракуе. На сёння ў Польшчы ёсць адзін суперперакладчык беларускай паэзіі Адам Паморскі. Некалькі людзей, якія могуць, і ў прынцыпе, калі збягуцца зоркі, маглі б гэтым займацца: паэты Лешак Энгелькінг, Богдан Задура. Можна згадаць нашага трылінгва Яна Максімюка, які часам паспяхова здзяйсняе абеларушчванне, а часам перакладае й на польскую. З прозай нашмат горай. Мы маем яскаравую зорку, перакладчыцу і прамотарку, літаратурную агентку Малгажату Бухалік. Яна мае свае густы, мае свах аўтараў, якіх перакладае й якіх не перакладае. Каб было дзесяць Малгажат Бухалік, каб яны яшчэ між сабой стваралі канкурэнцыю, і нейкую палітру розных густаў, стварылі б шчаслівае заўтра беларускай літаратуры ў Польшчы. Але мала перакласці. Цудоўная серыя беларускай літаратуры, выдадзеная ва Ўроцлаве, з'явілася, прыгожа аформленая, і самае катастрафічнае: хто далей і як будзе займацца гэтай кніжнай прамоцыяй.

Але параўноўваючы з іншымі суседзямі Польшчы: Летувой, Латвіяй, Славаччынай, то мы выглядаем ня так і кепска. Праўда, нядаўна сапраўдны фурор на польскім рынку зрабіла Крысціна Сабалеўскайтэ гістарычным раманам «Silva Rerum”.

А чым сп. Сяргей, на вашую думку, могуць захапіць польскага чытача беларускія аўтары?

С. Дубавец: Праблема ў якасным прафейсійным перакладзе, і густ перакладчыка, які можа выбраць з таго, што ёсць. А ў беларускай літаратуры ёсць практычна ўсё. Гэта трэба перакласці й прасачыць, каб яно тут прагучала. Не проста каб нехта адшкадаваў грошы, каб выдалі 300 асобнікаў, і яно паляжыць-папыліцца. Гэта тое самае, што іх няма. Трэба, каб былі сустрэчы з чытачамі, удзел у фестывалях, удзел у польскіх прэміях. Бо на нашым выхадзе ў свет Польшча знаходзіцца на першым месцы. Бо Нямеччына сочыць за тым, што адбірае Польшча з усходняй літаратуры. Нехта далей глядзіць, што там у Нямеччыне адбываецца й г.д.. Для беларускай літаратуры вельмі важна паказацца ў свеце, заняць сваё месца. Ня толькі дзякуючы гэтаму ўнікальнаму Нобелю. У нас ёсьць шмат таленавітых пісьменнікаў. Трэба якасны пераклад і прамоцыя.

Сп. Альгерд, вы жылі ў Нямеччыне. Якія там ёсць інструменты, каб разварушыць кніжны рынак? Што з іх досведу можа быць карысным для нас?

А. Бахарэвіч: Тут вельмі важна разумець, што кніжкі бываюць розныя. І калі мы кажам пра вялікія наклады, 100 – 200-тысячныя, то гэта ўсё тычыцца масавай літаратуры. Я, напрыклад, масавай літаратурай не займаюся, і на такія наклады прэтэндаваць не магу. Як прытомны чалавек, я гэта разумею. Я магу вас запэўніць, што і ў Нямеччыне, і ў Польшчы таксама наклады інтэлектуальных кніжак, больш-менш элітарнай літаратуры, ніколі занадта высокімі не будуць. Калі мы паглядзім на Расію, то там таксама на такое насельніцтва плюс расійскамоўны свет наклады ўсё роўна не адпавядаюць колькасці чытачоў.

Але гэта азначае, што такі пісьменнік не можа жыць дзякуючы таму, што ён піша.

А. Бахарэвіч: У Нямеччыне так адбываецца з большасцю маіх знаёмых пісьменьнікаў, якія не пішуць дэтэктываў, жаночых раманаў, з тымі, хто хоча сказаць свету нешта сур’ёзнае. Яны жывуць за кошт атрымання нейкіх стыпэндый, за кошт пісання нейкіх калонак, крытычных артыкулаў, дзякуючы калялітаратурнай дзейнасці. А

ле з творачасці жыве мала хто, я думаю, і ў Нямеччыне, і Польшчы, і ў Брытаніі.

Таццяна, для вас пісьменніцтва — гэта спроба ў тым ліку і зарабіць, ці наадварот?

Т. Барысік: Гэта недзе паміж. Уласных грошай я не выдаткоўваю, бо ў мяне іх наўпрост няма. Я адна гадую дзіця, працую на вытворчасці, каторая вельмі далёкая ад літаратуры. Гэта сэнс жыцця, прыярытэтны накірунак жыцця. Праца для мяне існуе дзеля заробку, бо з літаратуры не пражывеш. Але калі б не было творчасці, то пэўна і жыццё страціла б сэнс. Гэта дадае жыццю фарбаў і веры ў тое, што яно пражыта не дарэмна.

А як, на вашу думку, на кандыцыю беларускай літаратуры паўплывае Нобель для Алексіевіч? Ці ўжо можна казаць пра нейкія прафіты для нашых пісьменнікаў?

radyjo.net__3b730e1d_3a90_4_3936523be1eb9bdeeda4ced86a781143.html


Андрэй Хадановіч

А. Хадановіч: Я нядаўна ляцеў праз Франкфурт у Канаду. Нямецкі памежнік, паставіўшы штэмпель, ветлівай нямецкай мовай павіншаваў мяне, як грамадзяніна Беларусі, назваўшы імя пісьменніцы. Паліцэйскі з аэрапорта яе ведаў. Можа гэта сакрэтны агент сусветнай літаратуры, Шведскай акадэміі, засланы туды. Было вельмі прыемна. Вялікая колькасць людзей з Ісландыі, Ірландыі, з Польшчы, не кажучы пра Летуву і Ўкраіну, віншавалі мяне.

Спадарыня Святлана, як чалавек савецкага выхавання, мае размытую ідэнтычнасць. Але думаю, што пасля Нобеля яна сама паверыла ў тое, што яна беларуская пісьменніца. Гэта вельмі істотны плюс.

Сп. Сяргей, ці адбудзецца манетызацыя перамогі Алексіевіч для беларускай літаратуры?

С. Дубавец: Адбудзецца, але не імгненна і не адразу. Мы проста павінны зразумець, што нейкі сэнс краіны, культуры, народа ў свеце і сусветай грамадскай думкі змяніўся. Беларусь ужо ніколі не будзе такой, якой была да атрыманя Нобелеўскай прэміі. Самой Беларусі трэба гэта асэнсоўваць. Іншыя народы скакалі б ад шчасця, што мы выбіліся ў элітарны клуб краін і нацый свету. Але гэта нікуды не дзенецца. Сваёй вартасці прэмія не страціць.

Сп. Альгерд, вы напісалі, што гэта “апошні Нобель для Беларусі”. Дык як нам яго лепш выкарыстаць?

А. Бахарэвіч: Я акурат з тых, хто не падзяляе ўсеагульнай эйфарыі ад атрымання гэтай узнагароды. Таму як яе выкарыстаць, я не ведаю. На мой погляд, наступствы могуць самыя нечаканыя. Ад нас будуць чакаць творы пра наша савецкае мінулае. Захад запатрабуе ад нас, каб мы працягвалі за Святланай тлумачыць ім гэтыя аспекты. Але нашая сучаснасць, як ніколі не цікавіла, так нікога і ня будзе цікавіць. Я не бачу ніякага прафіту для беларускамоўнай літаратуры. Гэтая складаная ідэнтычнасць Святланы Алексіевіч будзе праектавацца і на астатніх. У нас будуць і далей пытацца, чаму вы працуеце па-беларуску ў практычна цалкам расійскамоўнай краіне. Гэта не ўкладваецца ў іх у галаве.

Т. Барысік: Я думаю, што ўнутры краіны гэта будзе мець большае значэнне, чым за яе межамі. Гэта будзе сведчыць аб тым, што літаратура, а не толькі хакей і выраб трактараў, гожы і варты чалавека занятак.

Размаўляў Дзьмітры Гурневіч