«Прызнаюся, я проста не змог бы жыць без чытання...»

З нагоды выхаду беларускага перакладу рамана «Чысты баранок» і сумысля для «Новага Часу» з французскім пісьменнікам Франкам Варжакам гутарыць перакладнік, пісьменнік, адзін з рэдактараў выдавецтва «Скарына» Уладзіслаў Гарбацкі.

ok5.jpg

— Скажыце, калі ласка, хто вы, Франк Варжак? Як бы вы сябе прэзэнтавалаі беларускай публіцы?

— Гэта вельмі не камфортнае для мяне заданьне, але я гатовы згуляць у гэтую гульню. Я — барадач, якому ў бліжэйшым лістападзе споўніцца 63 гады і які любіць самоту, пры гэтым камунікабэльны. Халасты. (Маю сваю невялічкую тэорыю пра чалавека-сабаку, чалавека-ката і чалавека-папугая, якая тычыцца нашай здольнасьці прывязваньня. Я — чалавек-кот). Ня маю дзяцей (і ніколі ня марыў завесьці іх). Чалавецтва мяне цікавіць, у мяне шмат пытаньняў да яго — нават калі ў мяне расьце схільнасьць да мізантропіі.

Я — хадок, які вельмі доўга хадзіў з цэлай групай сяброў і сябровак у паходы-шпацыры па сваім паўднёвым рэгіёне. Я імкнуся палепшыць сябе, счасаць свае вострыя бакі, свае страхі, свае перакананьні... і будыйская мэдытацыя добра мне ў гэтым дапамагае  на працягу 23 гадоў.

Мае крэда натхнёнае афарызмам Жоржа Клэмансо (1841 — 1929): «Свабода — гэта мець права дысцыплінаваць сябе, каб не быць дысцыплінаваным іншымі», што тлумачыць мае часта складаныя адносіны з працай, з адносінамі ў пары таксама. 

Я працаваў макетнікам-фотагравэрам, затым быў трэнэрам, лайфтэрапэўтам, перш чым спыніць усю дзейнасьць чатыры гады таму.

І, нарэшце, я аматар расьлінаў, без саду, на жаль... Можа, неяк аднойчы...

Выснова: ці сапраўды мы тое, за што сябе выдаем? Час памэдытаваць…:-) 

— Вы дэбютавалі зь вельмі прыгожым раманам «Чысты баранок». Адкуль уьзнікла ідэя рамана? Гэта аўтабіяграфічны тэкст ці цалкам прыдуманы? 

— Гэта сапраўдная выдумка. Я ня зьведаў нічога такога, што перажывае Давід у свае дванаццаць-трынаццаць гадоў. Гэты тэкст быў напісаны ў канцы 90-х (я ніколі не датую тое, што пішу), і першай ідэяй было ўявіць сабе лёс з пункту гледжаньня дарослага чалавека (Фабрыса, якому ў рамане 32 гады), таму што ў той час шмат гаварылася пра пэдафілію і я хацеў пайсьці і дасьледаваць гэтую сэксуальнасьць, проста таму, што я цікаўны чалавек і мне падабаецца разумець (гэта адзін з маіх любімых дзеясловаў!). Але сутыкнуўся з цяжкасьцю — немагчымасьцю ідэнтыфікацыі сябе з дарослым, менавіта таму падлетак стаў цэнтральным пэрсанажам. Адзінае агульнае, што ў мяне можа быць з Давідам, — гэта ягоная адзінота ў дзяцінстве і ў падлеткавы пэрыяд, ягонае адчуваньне сябе іншым у сям'і, дзе было мала любові. Ня больш за гэта. Калі я пачаў пісаць, я, шчыра кажучы, ня ведаў, што такое быць згодным сэксуальным партнэрам значна старэйшага чалавека. Я зыходзіў з прынцыпу, што так, гэта магчыма (і тады аўтар мае ўсе паўнамоцтвы, усе свабоды, ці ня так?). Пасьля я атрымаў вельмі кранальныя лісты ад чытачоў, якія больш-менш пазналі сябе ў гэтай гісторыі. Аднак гэта застаецца выдуманым сьведчаньнем, літаратурным творам. Я добра ўсьведамляю і дасьведчаны аб фізічным і псыхалягічным спусташэньні, якое адчуваюць усе тыя, хто падвяргаецца такой сэксуальнасьці без іх згоды. Аб усхваленьні ня можа быць і гаворкі ў рамане. Дзяцінства — гэта сьвятое! Галоўнае пытаньне — незалежна ад сэксуальнай практыкі або ўзросту — гэта згода. «Чысты баранок» — гэта не клінічнае і не сацыялягічнае дасьледаваньне, таму яно не дае адказу, а пытаньне — у падтэксьце...

img_5660_1.jpg

— Я закаханы ў ваш першы раман. Мне асабліва важна і сімпатычна тое, што ён напісаны з пункту гледжаньня падлетка. Гэта адразу ўсё мяняе, пашырае панятак пэдафіліі і паказвае нам, што мы павінны пазьбягаць вузкага бачаньня любой зьявы. І потым вы ніколі не выкарыстоўваеце слова «пэдафілія» ў сваім рамане. Гэта наўмысна? 

— Я ўжо часткова адказаў на ваша пытаньне. Гэта наўмысна, таму што гэта таксама пасьлядоўна, як мне здаецца. У 12-гадовага Давіда, альбо ў самотнага дарослага чалавека, няма адчуваньня, што ён перажыў нешта падобнае да пэдафіліі. Гэта дакладны і неабходны тэрмін для судоў, для мэдыцынскай назалёгіі, для псыхалягічнай падтрымкі. Тады як у рамане гаворыць 12-гадовае «я». Давід ня можа быць у гэтым вызначэньні; Фабрыс, так, напэўна, трэба спытаць у яго... (Гэта ня проста жарт, я люблю верыць, што мае героі не належаць мне, што ў іх ёсьць сваё жыцьцё).

— Калі выйшаў ваш раман, крытыка літаральна замаўчала — ёй заняло. Ці былі вы гатовыя да такой рэакцыі? Што здарылася потым? 

— Выбіраючы такую ​​тэму, я нават думаў, што ніводзін выдавец не рызыкне яе апублікаваць. Але адна выдаўчыня мела такую сьмеласьць і, магчыма, таксама крыху густу да правакацыі. Я не быў ні да чаго асабліва гатовы, калі кніга выйшла і пакуль у газэце Le Monde не зьявіўся хвалебны артыкул. Потым была адмова з боку вядомага францускага пісьменьніка (якога я вельмі цаню за ягоныя біяграфіі) што-небудзь напісаць пра «Чыстага баранка», якога ён вельмі ацаніў, але забаяўся быць западозраным у прадузятасьці і патураньні. Пошта ад чытацтва таксама дала мне зразумець, што гэты кароткі раман закранае рэчаіснасьць, пра якую нялёгка гаварыць.

2b992210_794c_42c5_a2e3_b74f091ba922.jpeg

— Ваш першы раман быў перакладзены на іншыя мовы? Ці беларускі пераклад стаў першым? 

— Беларуская мова — гэта першая магчымасьць для гэтага баранка выйсьці за межы франкамоўнага сьвету! ДЗЯКУЙ!!!

— Часта літаратурныя крытыкі ў Францыі, Бэльгіі і Канадзе адносяць ваш першы раман да ЛГБТК+ літаратуры. Ці згодныя вы з гэтай клясіфікацыяй? 

— Увогуле я ня згодны ні зь якой клясіфікацыяй :-) — Мне было б шкада, нават гэта неяк па-сэктанску ставіць гэтую кнігу на паліцу толькі ЛГБТК+ літаратуры, але эпоха любіць дзяліць, клясіфікаваць, ідэнтыфікаваць (аўтар прапануе нэалягізм identiser, то бок «ідэнтызаваць», у сэнсе «ідэнтыразьдзяляць»). Я з тых, хто перакананы, што лепш будаваць масты, чым сьцены...

— Давайце пагаворым крыху пра назву вашага першага рамана. Перакласьці на беларускую мову яе было ня так проста (але ўсё ж атрымалася пасьля доўгага актыўнага пошуку і аналізу гістарычных і дыялектных дакумэнтаў і слоўнікаў). Дваццаць адзін год таму, калі я ўбачыў у вітрыне вашу кнігу і купіў яе, адразу падумаў пра нешта рэлігійнае, хрысьціянскае. Толькі потым я прачытаў і зразумеў іншыя сэнсы. Ці можаце вы сказаць мне, як вы прыдумалі назву сваёй кнігі? 

— Проста нейкае прасьвятленьне!.. Наўмыснай рэлігійнай спасылкі я не задумваў, хоць яна і ёсьць дэ-факта, але выбар шмат у чым абавязаны таму, што я горача люблю расьлінны сьвет... Пісаць, даглядаць сад... Ёсьць паралелі; садоўнік, як і пісьменьнік, прарошчвае праект, потым ім патрэбна бясконцае цярпеньне, каб прымусіць яго расьці... І тады павароты натхненьня і ўяўленьня непранікальныя, невытлумачальныя, не ўсе вытлумачальныя. Але назва кнігі — гэта вельмі важна. Мне гэта трэба, каб пачаць пісаць, хаця б для сябе, у думках, каб мець магчымасьць назваць тое, што я пішу. 

— Першыя беларускія крытыкі параўноўвалі ваш раман з Набокаўскай «Лалітай». Што вы думаеце пра гэта параўнаньне? 

— Параўнаньне, вядома, напрашваецца: узрост герояў (12 і 37 гадоў), сэксуальныя адносіны, блуканьні герояў... Але параўнаньне ня можа ісьці далей; пункты гледжаньня апавяданьня розныя. «Чысты баранок» — гэта эксклюзіўная гісторыя 12-гадовага Давіда ад пачатку да канца.

Усёведнага назіральніка няма, усё перажытае перадае сам галоўны герой. Падчас інтэрвію францускай тэлевізіі ў 1975 годзе Набокаў прызнаўся: «Лаліта — не вычварная маладая дзяўчына, яна — беднае распуснае дзіця, пачуцьці якога ніколі не прачынаюцца пад ласкамі бруднага спадара Гумбэрта». Яшчэ адна розьніца ў ракурсе.

— Вы працягваеце сваю пісьменьніцкую кар'еру, зьяўляецеся аўтарам трох кнігаў: «Чысты баранок», «Яйка і камень» і «Квэнтэн Люсан». Ці можаце вы сказаць мне, якая з вашых кнігаў вам асабліва падабаецца? 

— Часта чытаю, што ўлюбёная кніга аўтара — апошняя! Я не парушаю «правіла»... Мая трэцяя кніга «Квэнтэн Люсан», на жаль, сутыкнулася з цяжкасьцямі падчас распаўсюду, але мне спадабалася будаваць пэрсанажа з XVIII стагодзьдзя, такога далёкага ад мяне па часе і лёсу, але блізкага культурна, бо ён таксама з Німу, як і я...

img_5659.jpg

— Над чым вы цяпер працуеце?

— Раман, зь якім я прасоўваюся вельмі-вельмі маленькімі крокамі... адсюль цяжкасьці казаць пра яго... вернемся да яго пазьней, добра?

— У вашых тэкстах лёгка прачытаць любоў да поўдня. Адкуль гэта ў вас?

— Гэта ўсьвядомленае, нават крытычнае каханьне... Мяне вырвалі з Нармандыі і перасадзілі на бераг Міжземнага мора ва ўзросьце 4 гадоў: потым у Альжыр пасьля незалежнасьці; затым Марсэль і Тулён; затым Авіньён і, нарэшце, Нім. Маленькі хлопчык, народжаны ў Нармандыі, зялёным і травяністым рэгіёне, павінен заўсёды жыць далей з сваім зьдзіўленьнем ад жыцьця ў такім гарачым і засушлівым краі...

— Хто вашыя ўлюблёныя пісьменнікі і пісьменьніцы? 

— Я чытач з вялікім апэтытам! Перадусім гэта пісьменьнікі выклікалі ўва мне жаданьне пісаць. Сярод франкамоўных аўтараў-ак я назваў бы: Калет — Жорж Сімэнон — Ражэ Мартэн д'ю Гар — Франсуа Марыяк — Сымона дэ Бавуар... У замежнай літаратуры: Штэфан Цвэйг — Філіп Рот — Кафка — Стэйнбэк — Муракамі... І потым так шмат іншых аўтараў, і яшчэ іншых, якіх яшчэ трэба будзе адкрыць, як нядаўна Энтані Тролапа, якога я ня ведаў!! 

Прызнаюся напрыканцы: я проста ня змог бы жыць без чытаньня...