Артур Камароўскі і яго «Corpus Ville»: цела мастацтва і мастацтва цела

Некаторы час пасля 2020 года беларуская культура знаходзілася ў зняменні, быццам не ведаючы, як рэагаваць на рэчаіснасць. Паступова творцы пачалі зноў знаходзіць свае галасы, і адным з тых, хто зноў знайшоў патрэбныя словы, быў паэт Артур Камароўскі. Пра яго новы зборнік вершаў, пра мастацтва ўвогуле і больш прыземленыя рэчы кшталту эміграцыі мы пагаварылі з ім у гэтым інтэрв’ю. 

img_0064_2_logo.jpeg

— Ты пазіцыянуеш сябе як паэт і перформер. Скажы, калі ласка, з якіх яшчэ ідэнтычнасцей складаецца тваё «Я» і якая з іх для цябе самая важная?

— Чамусьці мне вельмі часта задаюць гэтае пытанне (усміхаецца). Напэўна, таму што я шмат чым займаюся. У мяне ўвесь час розныя адказы на гэта. У новай кніжцы я таксама пералічваў, хто я і што я, і я там не ўсё напісаў з таго, што было ў першым зборніку. Пастаяннымі застаюцца якраз паэт і перформер, часам гэта яшчэ журналіст (але я нячаста пішу штосьці такое), часам актывіст — і тут я пазначаю, што мой актывізм не такі, як прынята лічыць. Мой актывізм — гэта актывізм праз паэзію. І яшчэ цяпер я думаю над серыяй калажаў-інсталяцый, звязаных з ЛГБТК+ і квір-ідэнтычнасцю.

Самая важная для мяне ідэнтычнасць — гэта паэт, нягледзячы на тое, што за апошні год я вельмі мала напісаў. Зараз, напрыклад, дзякуючы аднаму праекту, для якога я напісаў дакументальныя вершы, ува мне зноў прачнулася прага да пісання, нават калі гэта проста гісторыі іншых людзей, расказаныя праз мяне. У межах гэтага праекта я напісаў верш, дзе задаваў сам сабе пытанні — тыя ж, якія задаваў іншым, і пасля гэтага я адчуў, што мне хочацца пісаць, хочацца расказваць нейкія гісторыі і, магчыма, ісці ў бок актывізму праз паэзію, праз вершы. 

— Ты нарадзіўся ў Міры. Ці можна сказаць, што мясцовасць, яе гісторыя і кантэкст паўплывалі на тваю беларускасць?

— Напэўна, не. Таму што я нарадзіўся ў Міры, але маё жыццё пачалося не там: я заўсёды быў у розных месцах, у школьныя гады кожную чвэрць у мяне было новае акружэнне, мяняліся аднакласнікі і аднакласніцы, пасля я пераехаў вучыцца ў Гродна, потым былі Мінск, Львоў, Тбілісі, цяпер вось Варшава... У мяне няма прывязанасці да месца, хаця ў кожным з гэтых гарадоў, дзе я ўжо быў, у мяне ўжо закладаюцца ўласныя сэнсы.

Усё, што мяне звязвала з беларускасцю ў Міры, — гэта мая прабабуля, якая размаўляла на трасянцы, і настаўніца беларускай мовы з санаторнай школы ў Вярэйках (Ваўкавыскі раён), якая неяк у мяне спытала, ці не хацеў бы я паступіць на філфак. Я пра гэта забыў, канешне, а пасля 11 класа ўспомніў. 

У дзяцінстве, дарэчы, больш вершаў я пісаў менавіта па-беларуску — у межах школьных урокаў. Адзін з вершаў тады яшчэ надрукавалі ў Зэльвенскай «раёнцы» (па-мойму, гэта быў 4 клас).

Я не фаталіст, але, можа быць, гэта ўсё так і складалася і вяло мяне да таго, што цяпер я пішу па-беларуску.

— А як ты прыйшоў да літаратуры?

— Усё пачалося з вершаў. Але я іх пісаў зрэдчас, і гэта не ўспрымалася як нешта сур'ёзнае. У 11 класе мне захацелася запісаць гісторыю маёй прабабулі. Яна расказвала, што памятае, як падчас вайны ў нашым мястэчку, якое мае вельмі значнае яўрэйскае мінулае, праз вуліцу вялі яўрэяў на расстрэл і ўсе жыхары гэтай вуліцы проста стаялі, глядзелі і не маглі нічога зрабіць. Яе цётку таксама схапілі, бо яна была чарнявая, падобная да яўрэйкі, але яе ўдалося адбіць.

Бабуля некалькі разоў расказвала гэтую гісторыю, і я падумаў, што мне трэба гэта запісаць. Я зрабіў з гэтага апавяданне, і якраз так супала, што да гадавіны Халакосту ў школе быў конкурс, куды я і даслаў свой твор — і атрымаў нейкі дыплом за яго. Гэтае ж апавяданне пазней я даслаў у «Школу маладога пісьменніка», дзе быў набор на «Прозу» («Паэзіі» тады яшчэ не было) — і мяне ўзялі.

Можна сказаць, што ўжо з першых курсаў універсітэта я калі-нікалі казаў пра сябе як пра паэта, пісьменніка.

— Паэзія — гэта даволі своеасаблівы лад мыслення і спецыфічны погляд на свет, часта з абвостраным успрыманнем рэальнасці. Ці не цяжка табе быць паэтам?

— Я думаю, што ў прынцыпе чалавекам быць цяжка. Паэтам таксама, як і іншымі ідэнтычнасцямі. Быць геем складана, быць бежанцам — таксама. А калі гэта ўсё накладаецца, увогуле цяжка.

У мяне ёсць нізка вершаў у другой кнізе, якую я называю паўдакументальнай паэзіяй, таму што там гісторыя «падгледжаныя»: яны не расказаныя мне наўпрост, але я іх прапусціў праз сябе. Напрыклад, пра першы паход у гей-бар Тбілісі, што само па сабе мерапрыемства цікавае, таму што краіна кансерватыўная, рэлігійная. Ты проста ідзеш па вуліцы, нечакана заходзіш у бар і быццам апынаешся ў іншым свеце, дзе ўсё бяспечна, дзе ты можаш быць сабой. 

Людзі расказвалі мне свае гісторыі, а я вырашыў іх зафіксаваць. Яны напісаліся вельмі хутка, і толькі пасля я зразумеў, што гэта тое, чаго мне не хапала для заканчэння маёй кніжкі. Там ёсць адзін верш, называецца «Магдаліна», ён напісаны пасля паездкі ў Стакгольм, куды я ездзіў як журналіст. Я павінен быў браць інтэрв'ю ў адной жанчыны, ёй было каля 70 гадоў. Інтэрв'ю не атрымалася з пэўных прычын, якія не залежалі ад мяне, але гэтая жанчына вельмі шмат мне расказала, падзялілася са мной рэчамі, якія яе хвалявалі. Размова павінна была быць пра тое, як яна на працягу многіх гадоў займалася квір-актывізмам, а атрымалася, што ўвесь час яна мне расказвала пра сваю каханую жанчыну, з якой яны былі разам больш за 30 гадоў таму. Яны даўно разышліся, але яна да сёння яе памятае, і ўся кватэра — гэта проста алтар яе Магдаліне (так звалі каханую). Гэта гісторыя, якая найбольш мяне кранула і ўразіла, і я напісаў верш проста ў той жа дзень, седзячы ў аэрапорце ў чаканні рэйса ў Тбілісі. Я стрымліваўся, калі быў у яе, але потым, застаўшыся адзін, заплакаў і доўга яшчэ не мог адпусціць гэтую гісторыю.

— Ты адкрыты гей, і твая любоўная лірыка — пра каханне да мужчыны. Як гэта — выходзіць у свет з самым балючым, інтымным, шчырым, калі ты ведаеш, што гэты свет можа ўдарыць?

— У мяне ўсё яшчэ ёсць чаканне гэтага ўдару, прадчуванне яго. Але ўсё-ткі я пішу з надзеяй, што хаця б адзін чалавек, які да гэтага збіраўся ўдарыць, не зробіць гэтага і зразумее.

Мне, напэўна, пашчасціла, што ў мяне было даволі мала гамафобіі ў жыцці, з якой я сутыкаўся персанальна. У школе былі выпадкі, калі мне нешта казалі, але мяне гэта асабліва не кранала. І мяне не білі. 

Цяпер я вучуся адкрывацца, не баяцца таго, што могуць ударыць. Людзі розныя, і некаторым складана ўспрымаць тое, што каханне таксама можа быць розным: і мужчыны могуць кахаць адзін аднаго, і жанчыны, і нейкія іншыя варыянты кахання могуць існаваць...

Глядзіце таксама

З любоўнымі вершамі заўсёды крыху складаней, таму што, калі ты пішаш пра сацыяльныя праблемы ці палітычныя, ты трымаеш дыстанцыю (прынамсі, у мяне так). А вершы пра каханне — гэта якраз «маё». Цыкл «Ён» у кнізе я прысвяціў свайму партнёру, але гэта не класічныя вершы пра каханне. У мяне было максімальнае адчуванне шчасця, кахання, гармоніі цягам трох месяцаў, калі мы жылі ў Батумі, ля мора. Я прыходзіў на бераг пісаць, і гэта быў час, калі я адчуваў усё вельмі абвострана: пахі, колеры і г. д. Напісаліся такія вершы, і насамрэч я вельмі рады, што і такая частка паэзіі ёсць у кнізе. І ўвогуле што яна ёсць.

— У сваіх вершах ты таксама даволі часта вывучаеш цялеснасць у розных яе праявах, і з целам звязаныя твае перформансы. Як ты стаў перформерам?

— Усё пачалося з квір-арт-майстэрняў, гэта быў 2018 год, мы вучыліся працаваць з рознымі медыя, пасля ў нас была выстава, а потым мы вырашылі, што не хочам, каб на гэтым усё скончылася — мы хочам займацца далей мастацтвам. Якраз тады быў open call на фестываль у Піцеры, і мы аб'ядналіся ў суполку і паехалі туды з цыклам перформансаў. З гэтага ўсё і пачалося.

З часам колькасць удзельнікаў і ўдзельніц скарацілася амаль што ўдвая, і мы па сёння працягваем гэтым займацца, хаця знаходзімся ў розных месцах. Мы займаемся не толькі чыста мастацтвам, перформансамі, але і актывісцка-адукацыйнай дзейнасцю, запісваем падкаст, у якім ужо некалькі сезонаў.

— Ваша суполка «Красный Борщевик» час ад часу выступае на міжнародных пляцоўках. Як публіка рэагуе на ваша мастацтва?

— Па-рознаму, але нас не закідваюць памідорамі (смяецца). Тут такі момант, што людзі, якія ідуць глядзець на перформанс, ведаюць, што гэта такое, — хаця не ведаюць, чаго чакаць, але, у прынцыпе, магчымыя розныя варыянты развіцця падзей. Іншая справа, што, бывае, мы робім перформансы, якія адбываюцца ў розных гарадскіх прасторах, там, дзе людзі могуць увогуле не ведаць не толькі што такое перформанс, а што ўвогуле там адбываецца. Напрыклад, у межах фестывалю «Рэбры Евы» ў Піцеры ў нас быў перформанс «Месца крыку», дзе мы проста ў нейкім месцы горада вярталі сабе голас, адваёўвалі гарадскую прастору як квір-персоны. Была акцыя «Месца смаку»: мы зварылі боршч, кармілі ім людзей і задавалі ім пытанні кшталту «Хто ў вашай сям'і гатуе?», «Хто больш займаецца хатнімі справамі?», «Якім павінен быць боршч?». Адказы былі вельмі цікавыя. Так мы даследавалі ўскосна тэму хатняга гвалту і проста бытавой дыскрымінацыі.

Быў яшчэ перформанс у Кіеве, дзе мы даследавалі бяздомнасць: мы на суткі выходзілі ў горад проста без нічога і на ўласнай скуры адчулі ўсё. Гэты час, праведзены вось так, дазваляе па-іншаму паглядзець на праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі, у каторых няма дому. Думаю, што зараз гэты перформанс быў бы найбольш актуальным з таго, што мы зрабілі.

Глядзіце таксама

— У 2020 годзе ты выдаў кнігу «Вада пачынае жыць», якая была адзначана прэміяй «Дэбют» за найлепшую дэбютную паэтычную кнігу. Як ты глядзіш на яе зараз, праз 3 гады, і як цябе змяніў гэты досвед?

— Ты ведаеш, я думаў, што з часам буду глядзець на гэтыя вершы і думаць: «Божа, як я мог такое напісаць?» У сэнсе, што гэта ніякія вершы. Але я цешуся, што ёсць у гэтай кнізе вершы, якія я перачытваю і якія мне падабаюцца, якія часта перачытвае мой партнёр. Цяпер я, напэўна, так не напішу. Гэта быў пачатак, і калі ты стараешся быць лепшым, імкнешся развівацца, то ты ў любым выпадку зменішся і твая паэзія (калі ты паэт) будзе іншай.

Я думаю, што тая кніжка вельмі адрозніваецца ад новай. Якраз новая кніга ўва многім стала магчымай дзякуючы таму, што была тая, таму што тым зборнікам я падвёў нейкую рысу, і гэта дазволіла мне пайсці далей.

img_1246_logo.jpg

Я стараюся спрабаваць нешта новае ў паэзіі і дазваляць сабе нейкія эксперыменты. І мне падаецца, што ў другой кнізе некаторыя эксперыменты атрымаліся. Мне таксама цікава, як яе ўспрымаюць з пункту гледжання гэтага развіцця. Для мяне будзе прыемна, калі гэтыя эксперыменты будуць заўважныя і будуць ацэненыя — пазітыўна альбо негатыўна. І калі мне скажуць: «Ты не падобны да таго Артура, які быў раней», — або што тая кніжка была лепей ці гэтая стала лепей, — гэта будзе для мяне знакам, што я зрабіў усё правільна.

— Скажы, калі ласка, адкуль такая назва?

— Я зрабіў у Фэйсбуку допіс, проста коратка адзначыў, што пачаў працаваць над новай кнігай. У 2020 годзе, калі выйшла «Вада пачынае жыць», у мяне былі нейкія вершы, якія ў яе не ўпісваліся, яны ўжо адрозніваліся. Падчас «Школы маладога пісьменніка» я напісаў першы цыкл вершаў «Падарожжа ад простай да ўскоснай мовы». Ужо тады ў маёй галаве была ідэя кнігі і ідэя таго, што я хачу там бачыць, пра што хачу напісаць. І вось гэты першы раздзел быў пра цялеснасць — адначасова і маю, і вельмі абстрактную, — пра тое, як гэтая цялеснасць праяўляецца праз мову. Гэта мой самы любімы раздзел (усміхаецца). 

Я ўжо ведаў, што хачу напісаць далей. І з кожным разам гэта былі крыху іншыя адносіны, іншае ўспрыманне цялеснасці: калі першы цыкл быў нечым абстрактным і вельмі-вельмі «маім», вельмі пра мяне, то нізка «Называй маё цела» — гэта цела з пункту гледжання кагосьці, хто побач са мной, і ўспрыманне сябе праз цела, якое знаходзіцца блізка: што адбываецца з табою, калі ты знаходзішся побач з іншым, як целы размаўляюць або не размаўляюць, выбудоўваюць ці не выбудоўваюць адносіны.

Далей дыстанцыя пашыраецца ў іншы бок. Цыкл «Ён» — пра тое, што адбываецца паміж мной і канкарэтным целам, маім партнёрам. Гэта іншыя ўзаемаадносіны паміж целамі, у тым ліку сэксуальныя, і духоўнае паяднанне цел, як бы дзіўна гэта ні гучала.

І апошні раздзел — гэта яшчэ большая дыстанцыя і адначасова іншы кірунак. Там з'яўляецца шмат іншых цел. Гэта ўжо не адносіны з канкрэтным целам — гэта адносіны з іншымі, многімі целамі. І, паколькі іх многа, яны вельмі розныя. Гэта зусім іншы досвед. Калі, напрыклад, ты знаходзішся на адной з першых у сваім жыцці тэхна-вечарын і не чакаеш, што табе так спадабаецца адчуванне іншых цел, выпадковыя дотыкі... нават цяжка патлумачыць, што адбываецца з табою, з тваім целам у гэты момант. Я паспрабаваў асэнсаваць гэта праз вершы, праз гісторыі іншых людзей. 

Гэта ўсё вельмі рознае: розныя дыстанцыі і розныя адчуванні, і мне падабаецца тое, што ўрэшце атрымалася. Такое даследаванне цялеснасці і сэксуальнасці. 

img_1259_2_logo.jpg

Калі я напісаў кніжку цалкам, я стаў думаць, як тое, пра што я напісаў — гэтыя адносіны паміж целамі, цялеснасць (і суб'ектыўную, і ўніверсальную, аб'ектыўную) — як гэта ўсё назваць. І я выпадкова натрапіў на выраз са словам «Corpus», які проста ідэальна ўпісаўся ў тую канцэпцыю, якую я выкладаў. Да таго я думаў, што ніколі не буду называць кніжкі замежнымі словамі, але так атрымалася. «Corpus ville» — выраз, што выкарыстоўваецца для апісання аб'екта, над якім праводзяцца нейкія эксперыменты, і пры гэтым не важна, якія будуць вынікі і што з гэтым целам адбудзецца: яно можа быць пашкоджаным, знішчаным, а можа застацца цэлым. І я падумаў, што кніжка якраз пра гэта — пра эксперыменты, якія людзі робяць са сваім целам (ці, можа быць, целы робяць з людзьмі). Гэта таксама адкрытае пытанне: цела — гэта суб'ект ці аб'ект? 

Я не даю адказу. Можа быць, для кожнага ён будзе свой, — але мне было цікава паразважаць над гэтым.

img_1875_1_logo.jpg

— Дзе твая кніга выйшла і як яе можна набыць?

— Кніга выйшла ў выдавецтве «Skaryna Press», але з пэўных прычын была надрукаваная не ў Лондане. Яна даступная на сайце выдавецтва, яе можна замовіць там, а таксама ёсць электронныя варыянты, якія можна набыць.

Іншыя спосабы — проста, напэўна, у мяне замовіць, і я буду спрабаваць распаўсюджваць, ну і на нейкіх прэзентацыях таксама. Асноўная задача па распаўсюдзе ляжыць на мне, таму можна мне пісаць.

img_1279_2_logo.jpg

— У 2021 годзе ты з'ехаў з Беларусі. Ці можаш ты расказаць чаму?

— Наколькі мне дазвалялі абставіны, я досыць часта хадзіў на маршы, і адзін з апошніх быў недзе напрыканцы снежня 2020 года — гэта быў вельмі цяжкі досвед дваровага маршу, калі мы засталіся невялічкай групкай і за намі пагналіся з аўтобуса і «бусіка». На шчасце, у мяне атрымалася збегчы, але адчуванне вельмі траўматычнага досведу засталося. Потым у мяне пачаліся праблемы са здароўем, ад якіх я доўга не мог пазбавіцца.

У студзені мне пазванілі і сказалі: «Мы з вамі хочам паразмаўляць, таму што вы былі заўважаны на маршах». Я адмовіўся з імі размаўляць і прыкладна праз месяц з'ехаў у Львоў. Тады я не думаў, што з'язджаю надоўга, у мяне было адчуванне, што я вярнуся. Цяпер я так не думаю.

— Які для цябе досвед эміграцыі?

— У мяне, напэўна, ёсць нейкія прывілеі: на шчасце, у мяне няма неабходнасці думаць пра жыллё і працу. Гэта магло бы быць, але так склалася, што я не маю патрэбы. Былі толькі нейкія дробныя рэчы: нас падманулі некалькі разоў з жыллём, коштамі, грашыма; розныя бюракратычныя штукі... Цяпер у Польшчы такое адчуванне, што на цябе глядзяць і думаюць: «Што ты тут хочаш? Што ты тут забыў?»

Адразу, як прыехаў, я спрабаваў зрабіць банкаўскую картку. Мне адмовілі ў чатырох банках пасля таго, як я казаў, што я з Беларусі. У такія моманты ты адчуваеш, што ты тут непажаданы госць.

З пазітыўнага — тое, што да цябе ніхто не дакалупваецца, што няма пагрозы жыццю і свабодзе, ты можаш спакойна жыць і не думаць, што па цябе прыйдуць. Дарэчы, пасля апошняга маршу ў мяне пэўны перыяд быў страх мікрааўтобусаў, я ад кожнага шарахаўся. А тут я магу не адчуваць гэтага страху.

Я ведаю, што ёсць розныя людзі, і сустракаў шмат палякаў, якія добра ставяцца да нас і разумеюць сітуацыю, а ёсць... як паўсюль. Спрабую лавіраваць паміж імі.

— Ці ёсць у цябе ўяўленне, якая Беларусь сёння?

— Напэўна, не. Я параўноўваю гэта з тым перыядам, калі я быў яшчэ ў Беларусі, пісаў розныя вершы пра пратэсты і сітуацыю ўвогуле. Як толькі я з'ехаў, я зразумеў, што не магу больш пісаць пра гэта, таму што я знаходжуся ўжо па-за кантэкстам. Ужо тады я не мог разумець, а цяпер тым больш — два гады прайшло.

Той Беларусі, у якой я быў, ужо няма і не будзе. Я вярнуся ў любым выпадку ў нейкую іншую. Калі вярнуся, канешне. Пакуль што я не думаю пра вяртанне.

Не магу сказаць, чые гэта словы, але да гэтага чалавека прыслухоўваюцца: «Тым, хто з'ехаў, трэба перастаць азірацца на Беларусь, не думаць, што мы проста пажывём некалькі гадоў тут і вернемся, не жыць гэтай думкай. Бо гэта няправільна і неканструктыўна. Трэба жыць тое жыццё, якое ёсць у цябе цяпер».

Паколькі ў мяне не было прывязанасці да нейкага месца, напэўна, мне яшчэ прасцей — і таму я спрабую нейкае жыццё жыць тут.

img_0063_1_logo.jpeg

— Дзе і кім ты сябе бачыш праз 5 гадоў?

— Гэта цікавае пытанне (усміхаецца). Не ведаю. Усё настолькі хутка змяняецца... За гэтыя два гады ў маім жыцці адбылося столькі ўсяго, чаго не адбывалася за ўсё папярэдняе жыццё, што мне складана цяпер нешта планаваць — асабліва калі ад мяне не ўсё залежыць.

Мы з маім партнёрам амаль паўгода былі не разам толькі праз тое, што былі праблемы з візамі і межамі. І я разумею, што паўгода ў нашых рэаліях — гэта так шмат! Не ведаю, каго ненавідзець за гэта. Але мне шкада, што той час мы былі не побач — ва ўмовах, калі кожная секунда важная. Гэта страшна. Таму я не ведаю, чаго чакаць, але я вучуся прымаць нечаканае.

— Пра што ты зараз марыш?

— У мяне гэтая функцыя адпала... Я б хацеў проста быць побач з партнёрам цяпер, каб мы пайшлі разам гуляць. Такая простая мара.

— Ты ўжо дастаткова доўга жывеш у Варшаве. Ці атрымалася ў цябе знайсці там сваё месца? Якое яно? Ці дае яно табе магчымасці для самавыражэння і раскрыцця?

— Калі дастаткова доўга лічыць год, то так. Але насамрэч дзесьці першыя паўгода ў мяне ўвесь час сышоў на тое, каб трохі адаптавацца. Я вырашаў розныя бюракратычныя пытанні, займаўся сваёй кнігай, таму асабліва не было часу штосьці ствараць, ладзіць, наведваць і шукаць месца. А цяпер, думаю, я знайшоў сваё месца — калі можна так сказаць. Зусім нядаўна я зрабіў міжнародную выставу, там былі мастакі і мастачкі з чатырох розных краін, і гэта быў важны крок для мяне, таму што там мне ўдалося скантактавацца з польскімі творцамі, мяне часам пазнаюць людзі не толькі з беларускай культуры, але ўжо і з польскай.

Таксама я быў суарганізатарам двух паэтычных слэмаў у Варшаве гэтым летам, а яшчэ мяне два разы запрасілі паўдзельнічаць у розных праектах. Першы раз гэта была эксперыментальная тэатральная пастаноўка, а другі раз — фестываль імправізацыі. 

Таму цяпер у мяне добры час, я сябе адчуваю нашмат лепш, таму што яшчэ і партнёр тут таксама са мной, і ўсё гэта спрыяе таму, каб займацца тым, што я люблю. Я пакрысе пачынаю зноў пісаць, і гэтае месца не тое каб само па сабе мне ўсё дае, але я таксама прыклаў нейкія намаганні для таго, каб у мяне атрымлівалася самавыражацца.

У прынцыпе, гэта так паўсюль працуе: калі ты сам прыкладаеш нейкія намаганні, то месца дае табе розныя магчымасці.

— Пра што б ты хацеў далей размаўляць са светам? І на якой мове — верш, візуальнае мастацтва ці нешта іншае?

— Гэта вельмі добрае пытанне, таму што цяпер я як быццам спрабую намацаць гэтую мову, намацаць словы, каб сказаць тое, што я хачу сказаць. Гэта дзіўны стан, таму што ты нібыта і хочаш пісаць, але часам здаецца, што гэта не зусім тое, што ты хацеў сказаць. Хутчэй цяпер гэта больш перавага на бок візуальнага мастацтва — і мастацтва ўвогуле: перформанс, калаж. 

А яшчэ мне цікава было б сумясціць «чыстае мастацтва» і тэкст.

«Красный Борщевик» робіць арт-курс, і я там расказваю пра перформанс і пра тэкст як медыюм — як мастакі і мастачкі працуюць з тэкстам, робячы з гэтага мастацтва. Тэкст перастае быць сам па сабе і ператвараецца ў мастацкі аб’ект, у мастацкі твор (не твор мастацкай літаратуры, гэта зусім рознае). 

Разам з маёй знаёмай фатографкай мы думалі над тым, каб зрабіць штосьці тэкстава-візуальнае, і я думаю, што яшчэ дайду да гэтага. Хацелася б таксама працягваць пісаць — магчыма, для наступнай кніжкі спатрэбіцца больш за тры гады (смяецца), але ўсяму свой час.