Амаральны ці прымальны? Уладзіслаў Гарбацкі — пра раман «Чысты баранок»

Французскі раман — сам па сабе з'ява пазнавальная, знакавая. Літаратура, якая саспявала стагоддзямі да абсалютнай свабоды выражэння, сёння пачынае гучаць па-беларуску. Уладзіслаў Гарбацкі расказвае пра перакладную навінку гэтага лета — раман Франка Варжака «Чысты баранок».

Уладзіслаў Гарбацкі. Фота з асабістага архіву перакладчыка

Уладзіслаў Гарбацкі. Фота з асабістага архіву перакладчыка

Раман «Чысты баранок» напісаў у канцы 1990-х Франк Варжак. Упершыню твор быў надрукаваны ў 2000 годзе ў Францыі. Беларускі сацыялінгвіст, пісьменнік і перакладчык Уладзіслаў Гарбацкі зрабіў пераклад гэтай кнігі яшчэ ў сярэдзіне 2000-х, але надрукаваць яго стала магчымым толькі зараз. Галоўнай перашкодай для беларускіх выдаўцоў была тэма рамана. Чаму гісторыя пра рамантычныя стасункі паміж трынаццацігадовым хлопцам і дарослым мужчынам не магла выйсці ў Беларусі і ў чым каштоўнасць таго, што кніга ўсё ж выйшла па-беларуску, «Будзьма» высвятляла ў перакладчыка рамана.

— У інтэрнэце няшмат інфармацыі пра аўтара кнігі «Чысты баранок» Франка Варжака. Што Вы можаце пра яго расказаць?

— Франк Варжак (сапраўднае прозвішча — Шавэро) не славуты, але досыць вядомы пісьменнік у франкамоўным свеце. Таксама спадар Варжак вядомы як валанцёр і актывіст. Некаторы час ён шмат працаваў у справе хворых на СНІД, хаця гэтая праблема яго не тычыцца наўпрост — проста ён сам вельмі чуллівы чалавек. Дарэчы, гэтую чуллівасць можна пабачыць і ў тэксце «Чысты баранок»: так глыбока і бурліва аўтар рэагуе і ў жыцці на многія падзеі.

Ён называе сябе менавіта пісьменнікам, бо «Чысты баранок» — не адзіная яго кніга, ён напісаў яшчэ дзве. Увогуле Варжак — не мэйстрымны пісьменнік. Першы пераклад «Чыстага баранка» на замежную мову — гэта менавіта наш пераклад на беларускую. Мы тут можам пахваліцца.

— Што азначае назва кнігі і ці складана было перакласці яе на беларускую?

— З перакладам назвы была складаная і цікавая гісторыя: я шмат месяцаў вырашаў для сябе гэтае пытанне. Чысты баранок — гэта не толькі хрысціянскі вобраз божага ягняці, але і назва расліны, хаця па-беларуску яна так афіцыйна не называецца. У канцы кнігі аўтар паказвае сувязь той расліны з агульнай гісторыяй, таму важна было захаваць гэтую гульню слоў. На лаціне гэтая прыгожая лекавая расліна называецца Vitex цi Vitex agnus-castus. Афіцыйныя яе назвы па-беларуску: вітэкс, аўраамава дрэва, манаскі перац. У Сярэднявеччы яе плады давалі манахам і манашкам у кляштарах, каб кантраляваць і памяншаць іх сэксуальнае жаданне.

Назва ж «Чысты баранок» фіксавалася ў XIX стагоддзі ў дыялектах на беларуска-польскім памежжы. Таму я як мовазнаўца, як перакладчык адважыўся рэабілітаваць гэтую назву. Я шмат-шмат месяцаў правёў у розных архівах Лондана, Парыжа і Вільні, шукаў, каб пацвердзіць, што такая назва сапраўды была, што я нічога не выдумляю і штучна не ствараю. Як літаратар і перакладчык я магу сабе дазволіць прыдумаць нейкую назву, але не як навуковец. Таму я быў вельмі шчасны, калі ў старых слоўніках і дыялектах знайшоў, што такі варыянт сапраўды быў.


Глядзіце таксама

— Пра што гэтая кніга, паводле Вашага меркавання?

— Увогуле для мяне гэта кніга пра каханне. Калі разбірацца больш дакладна, то гэта кніга пра першае каханне, забароненае каханне, пра якое звычайна не размаўляюць, а таксама гэта кніга пра дзяцінства і сталенне. Дзяцінства бывае вельмі розным. Часта творы пра дзяцінства, якія напісаныя дарослымі, вельмі вывераныя, салодкія, стэрыльныя і зробленыя ў вельмі правільным рэчышчы. Гісторыя гэтага дзяцінства — вельмі па-за межамі прынятага. Аднак гэта таксама і вельмі тыповая гісторыя. Я думаю, такое здараецца па ўсім свеце.

Гэта кніга таксама пра падлеткавы пераходны перыяд. Пра складанасці гэтага перыяду таксама не прынята гаварыць у грамадстве.

— Якой была рэакцыя ў французскім грамадстве пасля выхаду гэтай кнігі?

— Гэтая кніга спачатку выклікала моўчанку. Грамадству проста ад пачатку мову заняло. Але потым выбухнулі бурлівыя дыскусіі, ці можна ўвогуле пра гэта пісаць. 

У французскім грамадстве прынята пісаць на абсалютна любыя тэмы: яны агучваюць і вербалізуюць усё. Таму я вельмі люблю французаў: яны спакойна пішуць пра цела і сэксуальнасць у самых розных вымярэннях. Аднак гэты тэкст здзівіў нават іх — з той прычыны, што тут паўстала слова «педафілія». Ёсць у нашай заходняй культуры шэраг словаў, якія адразу выклікаюць насцярожанасць і непрыняцце. У Францыі большасць літаратараў і літаратарак не выступілі супраць, бо ідэя пісаць пра ўсё ў іх культуры дамінуе, але ўсё ж ёсць некаторае ўнутранае цэнзураванне. Газеты і крытыкі амаль праігнаравалі выхад гэтай кнігі. Акрамя газеты «Le Monde» — гэта цэнтрысцкае выданне з вялікім накладам, якое напісала добры і смелы водгук.

— Як вам падаецца, ці раскрытая ў гэтай кнізе тэма педафіліі, ці мы там сутыкаемся з нейкай іншай з’явай?

— Аўтар аніводнага разу не выкарыстаў слова «педафілія». Гэта рэакцыя журналістаў і журналістак, якія потым пісалі пра гэтую кнігу. Аднак калі гаворка вядзецца пра хлопца 13 гадоў і яго стасункі з мужчынам 32 гадоў, то слова можна і не называць. Магчыма, аўтар праз гэты тэкст спрабуе паглядзець на тую з’яву пад іншым вуглом. Для нас педафілія асацыюецца са згвалтаваннем, прымусам і нейкімі аўтарытэтнымі фігурамі, якія карыстаюцца сваёй уладай над дзіцёнкам. Калі перавярнуць гэтыя стасункі, то атрымліваюцца зусім іншая мадэль. У гэтай кнізе гісторыя распавядаецца з пазіцыі дзіцёнка. Тут паказаны хлопчык, які сам з’яўляецца ініцыятарам, які мае сваю суб’ектнасць. Паводле сюжэту, калі гэты таемны раман раскрываецца, галоўнаму герою кажуць, што той дарослы яго згвалціў. А дзіцёнак кажа: не, гэта не быў гвалт. Гэта быў яшчэ большы шок для тых, хто быў вакол, што тыя стасункі былі для хлопца нармальнымі. 

Пры гэтым у кнізе няма оды гэтай з’яве: яна ўсё адно пакідае адказнасць за дарослым. 

Калі параўнаць гэтую кнігу з той жа «Лалітай», то чамусьці грамадства больш прыязна адрэагавала на публікацыю рамана Набокава. Канешне, «Лаліта» ў свой час выклікала бурлівыя дыскусіі, але пра раман пісалі, яго друкавалі, перакладалі і імкнуліся купляць. У нашым патрыярхальным свеце як быццам бы гетэрафармат падобнай гісторыі больш прымальны, чым калі гаворка вядзецца пра геяў.

— Аднак у «Лаліце» аповед вядзецца ад асобы Гумберта, і ў прынцыпе мы разумеем, што Гумберт злачынца: ён сам пра сябе гэта кажа. Але ў «Чыстым баранку» як быццам няма асуджэння гэтым стасункам. 

— Я, канешне, параўноўваю «Чысты баранок» і «Лаліту» толькі часткова. Гэта розныя гісторыі, бо сапраўды ў «Чыстым баранку» няма негатыву і няма асуджэння. Як кажа галоўны герой, гэта гісторыя чыстага кахання. Раман Франка Варжака — гэта аўтафікшн, цалкам асабісты раман. У апісанай пазіцыі падлетка няма катэгорыі «дрэнна і добра», «можна і нельга», усё падаецца проста як ёсць. 

Тут таксама важная тэма суб’ектнасці і аб’ектнасці. Геі раптам пішуць пра саміх сябе. Раней толькі гетэрасэксуальныя людзі маглі пісаць пра геяў як пра нейкую маргінальную групу. Гэта таксама выклікала ступар у грамадстве: хлопцы выходзяць з-пад кантролю. На мой погляд, яшчэ адна з прычын, чаму тэкст быў праігнараваны — змена суб’ектнасці і аб’ектнасці.


Глядзіце таксама

— Раман сапраўды напісаны ад асобы падлетка, але думкі галоўнага героя — зусім не думкі падлетка. Ёсць адчуванне, што галоўны герой апісвае самога сябе праз погляд дарослага чалавека. Гэта можа быць погляд яго самога, пасталелага, ці погляд яго дарослага каханка.

— Я згодны, што думкі там — зусім не думкі падлетка. Як я ведаю з ліставання з аўтарам і з той крытыкі, якая была апублікаваная, гэты тэкст — сапраўды ўспаміны пасталелага аўтара. Успаміны нам часта здраджваюць, колеры змяняюцца. Але ёсць адзін нюанс, уласцівы пісьменнікам і пісьменніцам: часта яны вядуць дзённікі. Франк Варжак вёў дзённік у падлеткавы перыяд, і гэта яму дапамагала ў напісанні рамана. Гэта як палявы матэрыял даследчыка: ты можаш нейкі факт забыць, але паглядзеў у палявы дзённік — узяў дакладную цытату. Зразумела, што погляд, апісаны ў кнізе, — погляд дарослага чалавека, але на падставе досведу падлетка. Гэта не тое, што нейкі дарослы шукае сабе, прабачце, «новую ахвяру». Гэта менавіта погляд на самога сябе ў юнацтве.

— У кнізе шмат апісанняў сэксуальнай сувязі, але нейкай духоўнай сувязі і тлумачэння, што героі «знайшлі» адзін у адным, няма. Ці сапраўды гэта гісторыя кахання?

— Каханне — рознае. Колькі пар, столькі тых «каханняў». Да таго ж, гэта першае каханне. Мы не можам надаваць рысы дарослага падлетку. Ён не будзе шукаць глыбіні ў аб’екце свайго кахання. Герою толькі 13 гадоў: ён яшчэ фармуецца і не павінен па-філасофску разважаць. З пазіцыі яго каханка Фабрыса — тое, што вы кажаце, можа мець сэнс. Аднак па сюжэце Фабрыс — жанаты чалавек, у яго ёсць жонка і дачка. Не забываем кантэкст: гэта былі 1970-1980-я гады, калі любыя негетэранарматыўныя стасункі былі пад забаронай. Таму і паводзіны былі такія зрэзаныя, крывыя, нібыта не раскрытыя. Паміж героямі паўстаюць свайго кшталту бацькоўскія адносіны, што натуральна, калі ёсць розніца ва ўзросце. Нават калі гаворка вядзецца пра паўналетніх асоб. Для мяне было пераканаўча, што бываюць і такія адносіны. Я не магу навязаць сваю мадэль кахання іншым парам. Таму мне і было цікава, што ў творы апісаная такая вось нетыповая, іншая і часта забароненая ў нас сувязь.

Мажліва, з пазіцыі 2023 года мы чакаем ад тэксту чагосьці іншага, аднак гэта дакумент менавіта таго часу, таму раю ўспрымаць яго як цікавы дакумент таго часу.

— Ці не было ў вас ідэі паставіць на вокладку кнігі нейкую плашку-папярэджанне, бо для часткі людзей гэта можа быць чуллівы кантэнт?

— Мы абмяркоўвалі гэта з выдаўцом і іншымі калегамі, і такія прапазіцыі былі.

Калі кніга выходзіла ў Францыі, то не было аніякіх пазнак. Зноў жа, гэта французская вольніца: там няма нашых пазнак 16+, 18+ у дачыненні да мастацкай літаратуры. Мы пайшлі па гэтым жа шляху.

На сайтах, дзе прадаецца кніга, ёсць кароткае апісанне і пазнака катэгорыі. Але аніякіх іншых значкоў мы не ставілі, бо на Захадзе ў прынцыпе няма аніякіх значкоў з папярэджаннямі, налепак з абмежаваннем па ўзросце і гэтак далей.

Што мы выдатна разумеем: у цяперашніх умовах кніга не ідзе і не пойдзе на беларускі рынак. У пасляслоўі гэтай кнігі я расказваю пра тое, як да 2020 года я шмат разоў звязваўся з беларускімі выдавецтвамі з прапановай надрукаваць гэтую кнігу. Нават адкрытыя і незалежныя выдавецтвы не хацелі разглядаць такую магчымасць. І толькі ў 2023 годзе мяне падтрымала лонданскае выдавецтва «Скарына».


Глядзіце таксама

— Ці вы ўжо атрымалі водгукі на гэтую кнігу? 

— Нягледзячы на тое, што кніга толькі пачала прадавацца на электронных платформах, я ўжо нечакана атрымаў два водгукі, прычым ад бацькоў. Мяне гэта вельмі ўсцешыла: калі робіш пераклад, заўсёды цікавая рэакцыя людзей. Мне напісалі дзве маладыя жанчыны, у якіх ёсць дзеці. Дзіцёнку адной з жанчын таксама 12–13 гадоў, а дзіцяці другой — яшчэ далёка да 12, але маці ўсё адно шмат думае пра падлеткавы ўзрост. Абедзве жанчыны сказалі, што гэтая кніга стала для іх накшталт тэрапіі. Усе разумеюць, што падлеткі маюць сэксуальнасць, і замоўчваць яе — гэта не выйсце, пра гэта трэба гаварыць. А па-беларуску да гэтага ўвогуле не было аніякіх публічных разваг.

Важна, каб з’яўляліся такія тэксты, і не важна, ці пра стасункі гетэранарматыўных людзей яны будуць, ці пра геяў. На жаль, праз маралізм і пэўны кансерватызм пакуль наша літаратура проста пра гэта маўчыць.

— Ці гатовы Вы да таго, што частка грамадства будзе вас крытыкаваць за пераклад і выданне такой кнігі і нават вінаваціць у прапагандзе?

— Хутчэй так, гатовы. Гэты тэкст 18 гадоў ляжаў у шуфлядзе. Мноства разоў я спрабаваў на беларускім узроўні прасунуць гэтую кнігу і выслухаў мноства адмоў. Ведаеце, у мяне ўжо выпрацаваўся імунітэт датычна такога кшталту зваротнай сувязі ці яе адсутнасці.

Такая рэакцыя можа быць не толькі ад кансерватыўнай, правай часткі грамадства, але і ад людзей цэнтрысцкіх поглядаў. Яны часта не падзяляюць кансерватыўныя каштоўнасці, але хварэюць на маралізатарства. Я не думаю, што буду спрачацца і нешта даводзіць людзям, якія прытрымліваюцца такіх поглядаў. Мне няма сэнсу даводзіць: я заўсёды за разнастайнасць літаратуры. Не актуальна — не чытайце.

Аднак мяне заўсёды больш цешыць рэакцыя такога кшталту, як ад тых жанчын, якія прачыталі і не паленаваліся напісаць свой водгук. Не важна, калі ёсць сотні каментароў дрэнных, перамагаюць заўсёды два тыя добрыя каментары.

Наколькі я ўяўляю беларускую супольнасць, будзе шмат тых, хто добра паставіцца, але не зрэагуюць. У нас каментары пішуць тыя, хто маюць негатыўныя эмоцыі. А тыя, хто маюць пазітыўныя — хутчэй прачытаюць і прамаўчаць. Таму мяне не хвалюе колькасць негатыўных рэакцый. Я ведаю, што тэкст мае і літаратурную, і сацыяльную каштоўнасць. Лісты чытачак гэта толькі падмацоўваюць.