Ратуй, Святы Феліцыян!
Апошнім часам руйнуецца гістарычны цэнтр Мінска. Зусім нядаўна зніклі абрысы першай электрастанцыі, зараз ідзе наступ на вуліцу Гандлёвую і паўднёва-ўсходнюю частку Менскага
замчышча.
Абсалютна мае рацыю старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, калі кажа, што ў прапанаваных афіцыйных праектах па аднаўленню гэтых аб’ектаў тырчаць вушы прыдуманай
гісторыі. І двойчы мае рацыю, калі папракае ў гэтым расіян.
Расійская парадыгма ў беларускай гістарычнай навуцы працягвае існаваць. Галоўны яе пастулат — Расія і праваслаўе задавалі і задаюць тон у развіцці народаў Усходняй Еўропы. Адсюль у нашых
чыноўнікаў ды і ў архітэктараў-рэстаўратараў жаданне трымацца менавіта гэтай думкі. Бяспройгрышны варыянт. Праваслаўе ў нас, як і ў Расіі, — дзяржаўная рэлігія. Я не супраць праваслаўя. Але
я не бачыў ніводнага дзяржаўнага дакумента, якім бы забаранялася адраджаць былое аблічча гарадоў ці ўсталёўваць помнікі адпаведна беларускаму духу і гісторыі XV — канца ХVIII стагоддзяў. Не
ведаю, якой веры сёння нашы кіраўнікі, а ў той час яны былі каталікамі альбо пратэстантамі, радзей — уніятамі, і шчыравалі на дзяржаўнай ніве нічым не горш за сённяшніх.
Мінскі ваявода Крыштаф Завіша (1666–1721) пакінуў для нашчадкаў унікальны збор сваіх успамінаў. Мінгарвыканкам адмовіўся ў мінулым годзе далучыцца да яго выдання, хаця «Успаміны
Крыштафа Завішы» павінны ляжаць на стале ў кожнага мінскага чыноўніка, каб ведаць, як належыць шчыра служыць народу.
Прывяду толькі некалькі радкоў: «Рэліквію — мошчы святога Філіцыяна-пакутніка, дадзеную мне ў Рыме ў юбілейны 1700 год найвышэйшым пастырам Клеменсам ХІ, ахвяраваў касцёлу
айцоў-езуітаў у Мінску, якога ў час судоў трыбунала, скліканага ў Мінску, як патрона ваяводства і Вялікага княства Літоўскага ўрачыста інтрадукаваў віленскі біскуп Бжастоўскі пры вялікай колькасці
высакародных людзей і сходзе простага люду ў працэсіі з цэхамі, брацтвамі, музыкамі ад царквы Святога Духа ўніятаў айцоў-базыльянаў да згаданага касцёла. Была тая інтрадукцыя вялікапышнасцю і
выдаткамі значная. Труну, абабітую пунсовым аксамітам, з багатымі галунамі, усю ў шкле, несла ў калчане начальства ўсіх мінскіх манаскіх ордэнаў. Манашкі асісціравалі ў працэсіі. Было два біскупы:
віленскі і іерапалітанскі — яснавяльможны ксёндз Панцэржынскі, былі віленскія канонікі і грамада духавенства, скліканага з плябаніі. Проста і людна, з вялікапышнасцю і расходамі святы
пераселены, прыняты за заступніка літоўскага княства, ён славіцца вялікімі цудамі. Уводзіны былі 5-га лютага».
Але костачкі заступніка Беларусі выкінулі на сметнік сталічныя будаўнікі. Відаць, яны палічылі, што так будзе правільна з пункту гледжання айчыннай гісторыі.
Дзяржаўны дзеяч і вялікі мецэнат Крыштаф Завіша праслаўляў не толькі Мінск, а і ўсё ВКЛ сваім старшынёўствам на сеймах, удзелам у дэлегацыях на міжнародных перамовах, судзействам на трыбуналах. Ён
мог прамаўляць без паперкі па пяць гадзін, пакінуў пасля сябе шэсць кніг, пра якія, на жаль, не ведаюць сёння самыя дасведчаныя беларускія літаратуразнаўцы. Ён быў у сяброўскіх адносінах са шведскім
каралём Карлам XII і меў ад яго ўзнагароду за храбрасць, ён быў цёпла прыняты Пятром І у Слуцку, не кажучы ўжо пра даверлівыя дачыненні з каралямі Рэчы Паспалітай. Крыштаф Завіша — быў.
Значыць, была і наша гісторыя, існуе матэрыяльная гістарычная спадчына тых часоў, якую нельга парушыць, а тым больш пераўвасобіць.
Каму сёння патрэбны святыя заступнікі? Можа, толькі Астаповічу, які працягвае даказваць, што ў Мінска была свая гісторыя...