Рэліквіі Радзівілаў на паўгода вернуцца з Баварыі ў Мірскі замак

З 16 мая па 16 лістапада 2014 года ў музеі "Замкавы комплекс "Мір" (Гродзенская вобласць) пройдзе выстава "Партрэты князёў Радзівілаў з калекцыі кн. Канстанціна Гагенлоэ (Германія)".



b1tqzo_w465h262.jpg

Унікальная калекцыя партрэтаў і прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая належала гаспадарам Мірскага замка ў ХІХ стагоддзі, была знойдзена ў выніку навуковых даследаванняў спецыялістамі музея "Замкавы комплекс "Мір" у Баварыі ў палацы Шылінгcфюрст яшчэ ў 2012 годзе. У Германію калекцыю перавезла кн. Марыя Гагенлоэ, нашчадак Радзівілаў па жаночай лініі, у канцы ХІХ стагоддзя. У цяперашні час партрэтамі валодае кн. Канстанцін Гагенлоэ, спадчыннік бакавой лініі. Князь спецыяльна прыляціць 16 траўня з Баварыі на адкрыццё выставы.

Працэс арганізацыі выставы заняў амаль паўтара года, у ім было задзейнічана шмат прыватных асоб і арганізацый. Перш за ўсё я хачу падзякаваць супрацоўнікам Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Мюнхене і Інстытута імя Гётэ ў Мінску, якія прынялі самы актыўны ўдзел у праекце. І, вядома, мы ўдзячныя кн. Гагенлоэ — дзякуючы яго добрай волі рэліквіі Радзівілаў, хай і на час, вернуцца ў Мірскі замак, — кажа кандыдат гістарычных навук, дырэктар музея "Замкавы комплекс "Мір" Вольга Папко.

На выставе ў Міры будзе прадстаўлена вялікая частка калекцыі кн. Гагенлоэ: два вялікія партрэты ў поўны рост і 16 твораў меншым памерам. Самая позняя праца датавана 1884 годам і належыць пэндзлю віленскага мастака Вікенція Слязінскага. Аўтарства астатніх работ невядома.

Сярод герояў, намаляваных на партрэтах, самыя значныя прадстаўнікі роду Радзівілаў, пачынаючы ад міфічнага продка Войшунда. Калекцыя стваралася адмыслова для адной вялікай параднай залы. У гэтым сэнсе адно з яе галоўных вартасцяў — цэласнасць. Працы выдатна ўпісваюцца ў інтэр'еры Партрэтнай залы Мірскага замка, у якім будзе праходзіць выстава.

Даведка:
Кн. Канстанцін Гагенлоэ нарадзіўся ў 1949 г., па адукацыі інжынер, жыве ў Вене. Палац Шылінгсфюрст дастаўся яму ў спадчыну ад далёкага сваяка, у абыход сваёй кузіны, бо ў Гагенлоэ, як калісьці ў Радзівілаў, асноўная спадчыны да гэтага часу перадаецца па мужчынскай лініі.

telegraf.by