Руплівец, навуковец, беларус. Леаніда Лыча павіншавалі з 90-годдзем

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Коласа адбылася вечарына з нагоды 90-годдзя прафесара, доктара гістарычных навук Леаніда Лыча.

leanid_lycz_dzijana_seradzjuk__2__logo.jpg

Калегі па Акадэміі навук адзначалі, што юбіляр — чалавек няўрымслівы: у Інстытуце гісторыі ён працуе 56 гадоў. Навуковы даробак, прадстаўлены на выставе з нагоды 90-годдзя Леаніда Міхайлавіча (ці, як цёпла і так па-беларуску клічуць яго калегі, Лявона Міхасевіча), адлюстроўвае толькі частку таго, што было напісана ў выніку шматгадовай працы на самыя розныя тэмы: эканоміка, палітыка, гісторыя, культура…

leanid_lycz_dzijana_seradzjuk__6__logo.jpg

Леанід Міхайлавіч — чалавек шматканфесійных поглядаў. Ён даследуе гісторыютатараў Беларусі, і, як адзначыў імам Абу-Бэкір Шабановіч, для татараў-мусульман Беларусі постаць Леаніда Лыча — адна з самых важкіх. Ён напісаў дзве кнігі пра Атацюрка па-беларуску. Цяпер яны ёсць у перакладзе на турэцкую мову, і знаходзяцца ў музеі Атацюрка ў Турцыі.

Імам Абу-Бэкір Шабановіч і Леанід Лыч

Імам Абу-Бэкір Шабановіч і Леанід Лыч

«Ёсць такое паняцце, як беларускія татары. А мне здаецца, Леанід Міхайлавіч ужо стаў татарскім беларусам», — перакананы Шабановіч.

У сваю чаргу прафесар, доктар гістарычных навук Імануіл Іофэ нагадаў, што Леанід Міхайлавіч напісаў кнігу і аб яўрэйскай культуры Беларусі. «Чалавек энцыклапедычных ведаў, народнага гумару і мудрасці», — ахарактарызаваў ён калегу.

Імануіл Іофэ віншуе Леаніда Лыча

Імануіл Іофэ віншуе Леаніда Лыча

«Мова — гэта код нацыі. Ёць мова — ёсць народ. Таму тое, над чым працуе Леанід Міхайлавіч, не мае кошту», — упэўнена старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Заповіт» Галіна Калюжная. Яна паставіла спадару Лычу задачу напісаць яшчэ і кнігу пра ўкраінцаў беларускага паходжання.

Галіна Калюжная і Леанід Лыч

Галіна Калюжная і Леанід Лыч


Яшчэ адзін сябра даследчыка — галоўны рэдактар «Краязнаўчай газеты» Уладзімір Гілеп нагадаў, што год таму спадар Леанід атрымаў найвялікшую ўзнагароду Беларускага фонду культуры «Рупліўцу-стваральніку». І гэтая адзнака вельмі пасуе яму, бо менавіта дзякуючы створанаму і напісанаму ім шмат людзей адчулі сябе беларусамі.

Грамадская актывістка Галіна Сіўчык выказала шкадаванне, што грамадскась не мае магчымасці вылучаць на акадэміка. «Сорамна, што Леанід Міхайлавіч — не акадэмік нашай Акадэміі навук», — падкрэсліла яна.

У акадэмічным асяроддзі нават юбілейная вечарына не можа абысціся без навуковых спрэчак. Так калега віноўніка ўрачыстасці Мікалай Смеяновіч выказаў перакананне, што дзяржаўнасць — найважнейшая рэч для Беларусі. Але спадар Леанід не пагадзіўся:

«Я б на першае месца паставіў усведамленне людзьмі значэння сваёй этна-культурнай самабытнасці і іх уклад у гэтую справу. Бо дзяржава ў нас ёсць. Але за 25 гадоў дзяржаўнасці мы панеслі вялікія этна-культурныя страты».

leanid_lycz_dzijana_seradzjuk__4__logo.jpg

leanid_lycz_dzijana_seradzjuk__7__logo.jpg

Павіншаваць Леаніда Лыча прыйшлі шматлікія калегі, сябры, грамадскія і культурныя дзеячы: Мікола Савіцкі, паэт Анатоль Вярцінскі, Аляксандра Грыцкевіч, Разалія Александровіч, Яўген Гучок, Леанід Акаловіч, Алена Талстая і іншыя.

mikola_savicki_dzijana_seradzjuk_logo.jpg

Мікола Савіцкі і Леанід Лыч

Напрыканцы вечарыны спадар Леанід падзяліўся з прысутнымі сакрэтам свайго даўгалецця і бадзёрасці.

«Многае залежыць ад спадчыны, але з цэлага клубка прычын я б вылучыў — асабліва не хвалявацца ў час захворвання. Калі хвароба «выгуляецца» ў арганізме чалавека, то яна не будзе мець уздзеяння. Што хоча арганізм — давайце яму ўволю, і аддавайце перавагу вясковай страве, асабліва той, на якой вы гадаваліся».

Увогуле, юбіляр параіў не хвалявацца, хаця прызнаўся, што яго таксама хвалююць некаторыя рэчы, напрыклад, перапіс насельніцтва, які неўзабаве адбудзецца ў нашай краіне: каб беларусы абралі сваёй роднай мовай беларускую.


Фота аўтаркі