Саюз перакладчыкаў Літвы абвясціў 2022 год Годам беларускай літаратуры

Штуршок гэтаму дала 500-я гадавіна з дня нараджэння полацкага грамадзяніна Вялікага Княства Літоўскага Францішка Скарыны. Скарына выдаў у Вільні «Малую падарожную кніжыцу», чым паклаў пачатак кнігадрукаванню ў ВКЛ.

08810000_0a00_0242_7617_08d9dc35bd79_w1023_r1_s.jpg


«Яшчэ адна прычына — жаданне падтрымаць беларускіх пісьменнікаў і перакладчыкаў у гэты цяжкі для Беларусі час і прыцягнуць увагу нашага чытацкага грамадства да літаратуры нашых суседзяў, як бы на ўзбочыне за гэтыя тры дзесяцігоддзі незалежнасці, калі перакладчыкі і выдаўцы засяродзіліся на заходняй літаратуры», — гаворыцца ў прэс-рэлізе аб’яднання перакладчыкаў.

Пасля 2015 года, калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры, сітуацыя амаль не змянілася. Пераклалі і выдалі найбольш важныя кнігі Алексіевіч, але на гэтым цікавасць да беларускай літаратуры скончылася. Таму ў прафсаюзе спадзяюцца, што праект Года беларускага пісьменства прыцягне ўвагу і перакладчыкаў, і выдаўцоў, і чытачоў да літаратуры суседзяў.

Сёлета літоўскія перакладчыкі плануюць правесці вечар паэзіі і музыкі з нагоды Дня Волі Беларусі. Плануюць апублікаваць аглядны артыкул Андрэя Хадановіча пра сучасную беларускую літаратуру і яе стваральнікаў, артыкул Ірэны Алексайтэ аб сучаснай беларускай драматургіі, урывак з рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы», пераклады твораў беларускіх паэтаў. Запланавалі выдаць анталогію сучаснай беларускай паэзіі.

У кастрычніку ў Друскеніках пройдзе навучанне для літоўскіх і беларускіх перакладчыкаў.