«Літаратурную пацяруху садзьме вецер справядлівасці»

«Творчы чалавек па прыродзе сваёй апазіцыйны. І яна — тая апазіцыйнасць — мусіць быць канструктыўнай», — лічыць Сцяпан Лаўшук.

250px_laushuk.jpg

— У вас за плячыма вялікая навуковая творчасць і грама­дзянскае жыццё. Пасля БДУ вы былі настаўнікам на Палессі. Потым сталі аспірантам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Цяпер вы член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук. У сваіх даследаваннях найбольшую ўвагу надаяце беларускай драматургіі. Чаму?

— Так, найбольшую ўвагу я і сапраўды ўдзяляю даследаванню драматургіі. Чаму? А Вы задайце пытанне каму-небудзь са сваіх знаёмых, чаму ён кахае сваю жонку. Адназначнага адказу не дачакаецеся… Адно магу ска­заць пэўна: я з самага дзяцінства вельмі любіў тэатр. Радыётэатр. Бо мае Васілевічы прафесійныя тэатральныя трупы сваімі гастролямі не дужа песцілі. Затое я мог, зручна ўладкаваўшыся на канапе, самахоць далучацца да чароўнага свету сцэнічнага мастацтва.

Дзіва дзіўнае, але я і сёння помню некаторыя пастаноўкі! Вось чаму, калі мой навуковы кіраўнік прафесар Юльян Сямёнавіч Пшыркоў прапанаваў тэмай дысертацыі абраць праблемы канфлікту і характару ў сучаснай драматургіі, я вагаўся не дужа доўга. І ніколі не пашкадаваў аб гэтым.

Працаваць даследчыку драматургічных тэкстаў надзвычай складана, бо драматургія ў аднолькавай меры адносіцца да двух відаў мастацтва — літаратуры і тэатра. Затое і працаваць з ёю надзвычай цікава.

— Сцяпан Сцяпанавіч, як вядома, вас вылучылі на атрыманне прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па выніках 2016 года ў галіне літаратуры і мастацтва. І вось вынік — вы пераможца!.. Віншуем!

Сярод усіх намінантаў — а іх было пяць — вы атрымалі найбольшую колькасць галасоў камісіі. Як вы ўспрынялі перамогу?

— Ёсць у нас такая грамадская арганізацыя пад назвай «Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў». Якраз яна і вылучыла маю манаграфію «Праз церніі да брамы неўміручасці: Кандрат Крапіва і беларуская драматургія». Члены камісіі на атрыманне прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці прагаласавалі за маю кандыдатуру дружна: 25 чалавек з 29. Дзякуй ім! Дзякуй і вам за віншаванне.

Як я ўспрыняў перамогу? Адэкватна. Перамога — яна заўсёды прыемная. І вельмі мне было прыемна, што кіраўнікі ФПБ, якія арганізоўвалі конкурс, не фармальна аднесліся да яго правядзення. Давяраючы шаноўнай камісіі, яны і самі азнаёміліся з конкурснымі працамі: прачыталі кнігі, прагля­дзелі спектаклі і г.д.

— Вы перажылі ў сваім жыцці перыяд, калі пісьменнікаў прымушалі выходзіць з Саюза беларускіх пісьменнікаў і ўступаць у новаствораны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Некаторым нават ставілі ўмовы: або туды, або пасада. І вось вы, прадстаўнік СБП, аб’яднання, якое некаторыя кіраўнікі «правільнага саюза» на ўсіх перакрыжаваннях аб’яўляюць апазіцыйным, нібыта яны — сябры СБП — выступаюць супраць дзяржаўнай палітыкі… што вы, вядучы вучоны ў галіне літаратуразнаўства, гісторыі нашай літаратуры, скажаце на гэты конт?

— Ох, як бы мне хацелася з вышыні свайго ўзросту прыкрыкнуць на Вас, маўляў, не трэба блюзнерыць. Хіба ж магла быць такая сацыяльна-палітычная гнюснасць у Беларусі? У цэнтральна-еўрапейскай краіне з векавымі традыцыямі народнай духоўнасці? Але ж — усё было. Вы можаце падрыхтаваць серыю матэрыялаў пра скалечаныя лёсы некаторых таленавітых пісьменнікаў. Міф пра татальную апазіцыйнасць Саюза беларускіх пісьменнікаў выгадны некаторым «дзеячам». На жаль, не толькі з асяродзя кіраўнікоў СПБ. Вядома ж, не ўсе ў СБП беленькія ды пухнаценькія. Ёсць тут добры тузін крыкуноў-праўдашукальнікаў. І гэта нармальна, бо творчы чалавек па прыродзе сваёй апазіцыйны. І яна — тая апазіцыйнасць — мусіць быць канструктыўнай. Я ўжо ў літаратурным цэху працую паўстагодзя. Ведаю становішча ў ім не па чутках. Дык вось, з поўнай адказнасцю сведчу: у СБП шчырых дзяржаўнікаў больш, чым у СПБ. А няшчырых? Не лічыў. Не хачу. Мяне радуе тое, што і ў шырокіх грамадскіх колах, і ў асяроддзі кіраўніцтва краіны (гэта я таксама ведаю не па чутках) няслушнасць абвінавачванняў у адрас СБП становіцца ўсё больш відавочнай.

— Кіраўніцтва СПБ паўсюль заяўляе, што ў іх арганізацыю са старэйшага пісьменніцкага Саюза перайшла найбольшая колькасць самых знакамітых пісьменнікаў. Ці так гэта?

— Цікавае пытанне. І трошкі правакацыйнае. Я мог бы дзеля куражу схавацца за выказванне на гэты конт народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Калі да яго завіталі агітатары з просьбай уступіць у неафiтны саюз пісьменнiкаў, ён папрасіў азнаёміць яго з навабранцамі. Прачытаўшы спіс, ён усклікнуў: «Хлопцы, дык тут усе творчыя імпатэнты!» Усе? Ды не, не ўсе. А вось тое, што найбольшая колькасць самых знакамітых пісьменнікаў не перайшла са старэйшага СБП у СПБ — гэта неаспрэчны факт. Вазьміце спісы, параўнайце. Хто ёсць хто — пра гэта сведчаць творы…

Я ж асабіста гляджу на саюзаўскія памежныя «спрэчкі» з паляшуцкай насмешлівасцю. Ну чаго вы лямантуеце? Крычы, хоць лопні, што твор твой геніяльны, што яго трэба ўключаць у навучальныя праграмы. Дзівакі! І дзесяці гадоў не пройдзе, як літаратурную пацяруху садзьме вецер справядлівасці. І яшчэ. Калі я рыхтаваў заключныя тамы «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагодзя», калі адбіраў кандыдатуры для манаграфічных раздзелаў, ніколі не зважаў, да якога Саюза належыць пісьменнік. Літаратура — яна адна! Гісторыя яе складаецца не з нахрапістых акцый кіраўнікоў пэўных літарганізацый (узгадаем «Маладняк», БелАПП), а таленавітых твораў.

Каб завяршыць гаворку пра «нашых» і «нянашых», зазначу: раскол былога пісьменніцкага згуртавання Беларусі быў несусветнай лухтой і правакацыяй. Прызнаюся, да мяне ў ліку першых будучы кіраўнік СПБ звярнуўся з прапановай прымкнуць да яго праекта, тлумачачы, што «той Саюз» — варожа настроены да нашай дзяржавы. Дазволю самацытату: «Так, ёсць у нас з дзясятак непрымірымых. Але іх можна ўкруціць у адну посцілку і пацягнуць у бок Свіслачы. Не ўтапіць, бо няма за што, а трохі астудзіць іх запал. І з-за іх расколваць Саюз пісьменнікаў? Пладзіць варажнечу? Ставіць крыж на нармальным творчым працэсе?» На жаль, не пачуты быў я.

— Мой лепшы сябар — з Васілевіч, месца вашага дзяцінства. Ці бываеце на сваёй радзіме?

— Усе палешукі любяць свой родны кут. Для мяне Васілевічы заўсёды заставаліся святым месцам. З чароўнымі краявідамі і вельмі разумнымі землякамі. На жаль, часта бываць там не дазваляе загружанасць працай. Але я вырашыў абхітрыць лёс. Атрымаўшы «надзел» зямлі на славутай Лысай гары, я перавёз з родных мясцін добрую хату. Цэгла на грубку — таксама адтуль. Як я быў усцешаны, калі на адной з цаглін прачытаў: «Васілевіцкі цагельны завод №2». Золкім асеннім часам я прыхінаюся да цёплай бакавіны грубкі і… Антэем сябе не адчуваю, але мне робіцца вельмі камфортна, бо адчуваю злітнасць з Радзімай, успамінаю сцежкі дзяцінства…