«Scorpions» падаравалі мінчукам сапраўднае свята
У перадапошні дзень красавіка на «Мінск-Арэне» ўсё ж адбыўся доўгачаканы выступ легендарнай нямецкай рок-каманды «Scorpions», цікавасць да якога выявілі
больш за 11 тысяч гледачоў — прадстаўнікоў усіх пакаленняў.
Як старэйшага, што не дзіўна, бо заснаваныя «Скарпы» былі Рудольфам Шэнкерам (Rudolf Schenker) яшчэ ў далёкім 1965 годзе — 45 гадоў таму!), так і зусім маладых фанаў
«Scorpions», якіх толькі на фан-пляцоўцы ды ў танц-зоне было некалькі тысяч.
У перадапошні дзень красавіка на «Мінск-Арэне» ўсё ж адбыўся доўгачаканы выступ легендарнай нямецкай рок-каманды «Scorpions», цікавасць да якога выявілі
больш за 11 тысяч гледачоў — прадстаўнікоў усіх пакаленняў.
Як старэйшага, што не дзіўна, бо заснаваныя «Скарпы» былі Рудольфам Шэнкерам (Rudolf Schenker) яшчэ ў далёкім 1965 годзе — 45 гадоў таму!), так і зусім маладых фанаў
«Scorpions», якіх толькі на фан-пляцоўцы ды ў танц-зоне было некалькі тысяч.
Мінскі выступ легенды сусветнай рок-музыкі 29 красавіка адбыўся ў межах развітальнага туру «Get Your Sting and Blackout». Чарга да «Мінск-Арэны» выбудавалася яшчэ
задоўга да пачатку канцэрта. Ужо за некалькі гадзін было складана прыпаркавацца тым, хто прыехаў на ўласным аўто, праблемы ўзнікалі нават у тых, хто карыстаўся паслугамі таксоўкі.
Было крыху дзіўнавата, што арганізатары вырашылі адчыніць для ўваходу толькі сектары «А» і «С» (хоць у наяўнасці — чатыры «КПП»), гэтым
і тлумачылася тое, што некаторым гледачам давялося даволі доўга чакаць сваёй чаргі, каб трапіць на тэрыторыю «Мінск-Арэны». Плюс яшчэ прайсці праз працэдуру дагляду (выкласці рэчы з
кішэняў, прадаставіць на агляд змесціва кейсаў, барсетак і валізак, а потым пракрочыць праз металашукальнік).
Ну, захады бяспекі ў наш няпросты час ёсць рэч важная і неабходная — як той казаў, беражонага Бог аберагае. Варта дадаць, што тыя адмыслоўцы, што ажыццяўлялі кантроль публікі на ўваходах,
былі вельмі ветлівыя, папераджальныя і ўвогуле «прыемныя ва ўсіх адносінах людзі».
Гэтыя вось захады перасцярогі і паспрыялі таму, што канцэрт пачаўся на 45 хвілін пазней за абвешчаны час — музыкі, відаць, паклапаціліся пра тое, каб усе змаглі патрапіць у залу. Але
з’яўленне на подыуме Клаўса Майнэ (Klaus Meine) і кампаніі хутка прымусіла прысутных забыцца на не зусім прыемныя хвіліны зацягнутага чакання.
З першых жа акордаў стала зразумелым, што на сцэне — сапраўдныя майстры сваёй справы. Мне давялося прачытаць у нейкім выданні, што, маўляў, гук быў занадта моцны, а ў аўтара таго крытычнага
артыкула нібыта «кашуля варушылася на целе». Не ведаю, дзе знаходзіўся той аўтар, але мне падалося, што якраз гук быў файным (гэта пацвердзіў і адзін мой сябра-гукарэжысёр з больш
як трыццацігадовым досведам працы на радыё і з рок-гуртамі).
Карацей, гук быў прыстойным, подыум — таксама, хоць без якіх там піратэхнічных выкрунтасаў, як тое мела месца падчас нядаўняга выступу на гэтай жа сцэне суайчыннікаў
«Скарпоў» — гурту «Рамштайн». Высокая якасць выступу, а таксама кампазіцыі, якія даўно палюбіліся мільёнам фанаў гэтага калектыву, кампенсавалі адсутнасць
звышсучаснага асвятляльнага абсталявання і мудрагелістых спецэфектаў. «Still Loving You», «Wind of Change», «Holiday»,
«Hurricane» і яшчэ больш за дзесятак найвядомейшых твораў гурта даводзілі публіку літаральна да экстазу.
фота Алены Весяловай
Дарэчы, яшчэ на пачатку канцэрту, пасля дзвюх кампазіцый, неўгамонны саліст «Скарпоў» Клаўс Майнэ нарэшце звярнуўся да гледачоў. Ды як! «Мінск, як настрой?»
— менавіта так, па-беларуску запытаўся выбітны спявак! Фанаты аддзячылі куміраў аглушальным ровам. Потым Клаўс Майнэ яшчэ не аднойчы казаў «Дзякуй» сваім верным фанатам,
якіх пастаянна адорваў бубначовымі стукалкамі. Але апагеем стаў момант, калі музыкі разгарнулі расцяжку на надпісам «Scorpions», выкананую ў колерах дзяржаўных сцягоў Беларусі і
Германіі — во тут было крыку ды эмоцыяў!
Дарэчы, гледачы вельмі цёпла прымалі нямецкіх артыстаў: здзіўляла тое, наколькі добра нашы суайчыннікі ведаюць «матэрыял» — як толькі саліст змаўкаў і кіраваў мікрафон у
залю, тут жа песню стройна і прыгожа падхоплівалі тысячы галасоў. І словы ж ведаюць! Гэтыя абставіны вельмі ўзрадавалі саміх выканаўцаў, таму «Scorpions» яшчэ не аднойчы звярталіся
да гэтага файнага прыёму працы з публікаю.
Асобным момантам канцэрту было выкананне кампазіцыі без слоў, калі нават Клаўс Майнэ ўзяў у рукі гітару — гэта было сапраўды цудоўна. А бубнач Джэймс Котак (James Kottak) уразіў усіх
філіграннай тэхнікай, фантастычным выступам сола ў той час, калі яго калегі па калектыву ўзялі некалькі хвілін паўзы, каб перавесці дыханне. Дарэчы, менавіта з-за таго, што гэты геніяльны майстар
перкусіі не змог прыляцець у Еўропу са Злучаных Штатаў з прычыны буйства ісландскага вулкану, быў адкладзены на 29 красавіка канцэрт «Скарпоў», што мусіў адбыцца 20 красавіка.
І ўсё ж яшчэ адзін момант, нават не момант, а цэлая з’ява, якая мяне ўразіла, прычым вельмі прыемна. Упершыню я ўбачыў «Scorpions» у Мінску ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Тады
мне нават пашчасціла зрабіць з Клаўсам Майнэ невялікае інтэрв’ю для «Радыё 101,2 FM» (адмысловая падзяка за тагачаснае спрыянне ў гэтай цяжкой справе Аляксандру
Памідораву!), дзе на той час я працаваў ды-джэем. Дык вось, даводзілася мне з працяглымі інтэрваламі ў іх дзейнасці бачыць жыўцом і легендарных немцаў з «Accept», і прывабных і
меладычных шведаў з гурту «Еўропа». Дык з цягам часу выбітныя галасы выдатных вакалістаў Уда Дыркшнайдэра і Джоя Тэмпэста, на жаль, страцілі сваю былую моц і чысціню. Гэта і не
дзіва — маладзейшымі ні зоркі, ні мы з вамі з бегам часу не робімся. А вось з Клаўсам Майнэ ўсё наадварот — мне падалося, што голас лідэра «Скарпоў» стаў яшчэ
больш чыстым і моцным. І не толькі ў мяне склалася такое ўражанне. Сапраўднае дзіва…
Гледачы доўга не хацелі адпускаць з подыуму сваіх куміраў. І тыя адплацілі сваім мінскім фанам удзячнасцю за цярплівасць (у звязку з пераносам канцэрту), выканаўшы яшчэ некалькі хітоў са свайго
вялікага і бясцэннага рэпертуару. І неяк цяжка ўсведамляць, што выступ у беларускай сталіцы легендарных «Scorpions» быў, відаць, апошнім у Беларусі, і для большасці тых, хто прыйшоў
29 красавіка ў «Мінск-Арэну», гэта была фінальная магчымасць атрымаць асалоду ад жывога выступу сваіх улюбёнцаў. Як гэта ні сумна, але даводзіцца прымаць да ведама: гэты гастрольны
тур «Скарпоў» «Get Your Sting and Blackout», няхай ён і зацягнецца на некалькі год, але ўсё ж развітальны. Дзякуй, «Scorpions»!