«Шэнгенка» крочыць па краіне
У сталічнай галерэі «Ў» адбылося ўрачыстае адкрыццё «Шэнгенкі» — фестывалю сярэднееўрапейскай літаратуры, арганізатарамі якога з’яўляюцца культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і «Лабараторыя навуковага і мастацкага перакладу».
Першай імпрэзай фестывалю зрабілася «Мультыкультурная віза», прысвечаная феномену сучаснай сярэднееўрапейскай літаратуры і яе перакладчыкам. Звычайна перакладчык указваецца маленькімі літарамі, яго імя пішацца ў канцы кнігі і застаецца нікому не вядомым. Гэта вечарына, як і наступныя імпрэзы «Шэнгенкі», маюць на мэце выправіць такую недарэчнасць.
На адкрыцці фестывалю Алена Макоўская, каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!», адзначыла: «Перакладчыкі падчас літаратурных мерапрыемстваў заўжды заставаліся людзьмі другога плану. Наш фестываль закліканы выправіць гэту сітуацыю. Падчас мерапрыемстваў фестывалю мы будзем знаёміцца не толькі з творамі зорак літаратуры і філасофскай думкі сярэдняй Еўропы, але і з людзьмі, якія зрабілі для нас гэтыя творы дасяжнымі. Прыемна канстатаваць, што ў Беларусі стварыўся грамадскі інстытут перакладу замежнай літаратуры. Дзякуючы намаганням ПЭН-Цэнтра, Лабараторыі навуковага і мастацкага перакладу, Саюза беларускіх пісьменнікаў і часопіса «ПрайдзіСвет», да мастацкага і навуковага перакладу далучаецца ўсё больш маладых, апантаных і таленавітых людзей. І гэта ёсць агульным грамадскім здабыткам, з чым я нас усіх і віншую».
«Мультыкультурная віза» дапамагла наведнікам вечарыны прасякнуцца сярэднееўрапейскай літаратурай напоўніцу — харызматычныя акцёры Павел Харланчук і Ганна Хітрык увасобілі вобразы літаратурных герояў і творча падышлі да прачытання вершаў.
Удзельнікамі гутаркі з Андрэем Хадановічам у гэты вечар былі Марына Казлоўская, якая пераклала на беларускую мову зборнік вершаў «Без» польскага паэта Тадэвуша Ружэвіча, і замежны госць — славацкі паэт і выдавец Петэр Мілчак, які разумеў пытанні вядоўцы, не чакаючы перакладу. Былі прэзентаваныя пераклады кніг славацкіх аўтараў — «Культура як стасункі» празаіка, публіцыста і эсэіста Дамініка Татаркі, а таксама раман Рудольфа Слобады «Розум». Марыя Пушкіна расказала пра працу над перакладам падарожнай эсэістыкі польскага аўтара Анджэя Стасюка «На шляху ў Бабадаг».
Лагічным фінішам імпрэзы зрабіўся выступ перакладчыка Алеся Карцеля, які расказаў пра падрабязнасці працы над перакладам кнігі венгра Петэра Надаша «Канец аднаго сямейнага рамана». Петэр Надаш быў далёка не апошнім аўтарам у спісе намінантаў на Нобелеўскую прэмію. У сувязі з гэтым Андрэй Хадановіч трапна зазначыў, што цяпер варта набыць кнігу, каб у выпадку чаго можна было пахваліцца: «Я прачытаў кнігу па-беларуску яшчэ да таго, як пісьменнік зрабіўся набелістам!»
Наступныя імпрэзы:
15.03 Філасофская сустрэча «Наш вясёлы апакаліпсіс»
20.03 Шэнгенка / Сацыялагічна-паліталагічная сустрэча «Паўстанне Еўропы»
26.03 Шэнгенка / Літаратурная вечарына «Пражская вясна ў Мінску»