Сяргей Харэўскі: Нейкім цудам абсалютная большасць мінскіх адрасоў БНР ацалела

Мемарыяльныя шыльды можна павесіць, як мінімум, на чатырох сталічных будынках.

У адным з адрасоў БНР у Мінску зараз месціцца чэбурэчная / journalby.com

У адным з адрасоў БНР у Мінску зараз месціцца чэбурэчная / journalby.com

25 сакавіка беларуская грамадскасць адзначыць 99 гадавіну Абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Напярэдадні гэтай даты Клуб гісторыі Мінска прысвяціў сустрэчу тапаграфіі сталіцы 1916 – 1918 гадоў, а ў якасці выступоўцаў запрасіў мастацтвазнаўцу Сяргея Харэўскага і гісторыка Валянціна Мазеца.

Магнацкая падтрымка

«Са здабыццём незалежнасці ў 1991 годзе пачалася вялікая цікаўнасць да нашай гісторыі. Азіраючыся на тыя гады, я бачу, як мала мы тады ведалі, бо гэтая тэма была табу, былі вялікія цяжкасці са здабыццём матэрыялаў», – узгадвае Сяргей Харэўскі.

Яго калега Валянцін Мазец зрабіў вялікі ўнёсак у даследванне тэмы паўставання БНР.

«У 1917 годзе пасля Лютаўскай рэвалюцыі ініцыятыва ад Вільні як цэнтра нацыянальнага руху пераходзіць да Мінска. Ішоў працэс канструявання беларускай нацыі, і ідэя самастойнай нацыянальнай дзяржаўнасці выкрышталізоўвалася менавіта тут. У гэтых умовах, калі горад быў перапоўнены расійскімі войскамі, у Мінску паўстала аддзяленне Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны».

Гэтая арганізацыя адыграла вялікую ролю ў паўставанні беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, бо менавіта вакол яе гуртаваліся людзі, што выпрацоўвалі ідэю незалежнасці.

«Ёсць стэрэатып, што да 1917 года ў Мінску не было ніякага беларускага жыцця. Гэта зусім не так, тут нарадзіліся дзясяткі дзеячаў беларускай культуры. Напярэдадні 1917 года ў горадзе выходзіў беларускі часопіс «Лучынка» пад рэдакцыяй Алаізы Пашкевіч і часопіс для жыхароў вёскі «Саха», – распавядае Сяргей Харэўскі.

Беларуская справа патрабавала фінансавых укладанняў, і яны знаходзіліся. Першы адрас, на які прапануе віртуальна «завітаць» мастацтвазнаўца – касцёл Святых Сымона і Алены. Вядома, што фундаваў яго Эдвард Вайніловіч, які ўкладаў свае сродкі ў беларускую справу, у тым ліку і ў дзейнасць Таварыства. Апроч яго сярод прыхаджан касцёла былі княгіня Магдалена Радзівіл з Завішаў і яе муж Мікалай Радзівіл, якія таксама шчодра ахвяравалі свае сродкі на выданне беларускіх газет і часопісаў. Яшчэ адзін з парафіянаў – Рамуальд (Раман) Скірмунт, вядомы дзеяч БНР, які падчас нямецкай акупацыі ўзначальваў «Мінскае беларускае прадстаўніцтва».

Да другога адрасу ад касцёла не трэба ісці далёка: на цяперашняй плошчы Незалежнасці (тады па адрасе Захар’еўская, 33) стаіць былы дом Эмануіла Абрампольскага. У гэтым будынку шэсць гадоў жыла княгіня Магдалена Радзівіл, якая арандавала 7 пакояў на першым паверсе. А ў 1916 годзе тут быў утвораны клуб «Беларуская хатка», які ставіў на мэце адраджэнне нацыянальнага тэатра.

Пятлюра пачынаў кар’еру ў Мінску

«У 1917 годзе працэс стварэння нацыянальнага руху набірае моц. 12 сакавіка 1917 года ўпершыню абвесцілі аб правядзенні свята беларускага значка, у якасці якога было прапанавана бел-чырвона-белае спалучэнне колераў», – распавядае тым часам Валянцін Мазец.

Але ў 1917 годзе ў Мінску панавала магутная паланізаванасць – сітуацыя выглядала невідавочнай, прадказаць утварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы было немагчыма.

Тым не менш праца пакрысе ішла. Віртуальна перамяшчаемся на па трэцім адрасе на рагу сучасных вуліцы Чырвонай і праспекта Машэрава. Тут, на месцы былога тралейбуснага парку, стаяў вялізны будынак, дзе круцілі кінематограф. Зранку паказвалі расійскія прапагандысцкія фільмы, па вечарах – добрае амерыканскае кіно з тапёрам. У 1917 годзе туды перабралася «Беларуская хатка». Салдаты-украінцы, раскватараваныя ў Мінску, папрасілі сяброў-беларусаў дазволу, каб правесці там сход. Цікава, што менавіта падчас яго адзінагалосна Сымон Пятлюра быў абраны прадстаўніком украінскай народнай арміі, такім чынам, Пятлюра пачаў сваю палітычную кар’еру ў Мінску.

Імклівая незалежнасць

«5 снежня 1917 года ў Гарадскім тэатры адбыўся Першы ўсебеларускі з’езд. На з’ездзе прынялі рашэнне аб стварэнні БНР у цесным ўвязку з савецкай Расіяй», – падводзіць гісторык да трэцяга адрасу – цяперашняга тэатру імя Янкі Купалы.

«У той час нават у палякаў не было ўяўлення, як можа быць незалежная Польшча, а што казаць пра беларусаў? На з’ездзе гаварылася пра шырокую аўтаномію, аб правах беларускай мовы, адукацыі, свабодзе веравызнанняў і палітычных свабодах», – дапаўняе калегу Сяргей Харэўскі.

Выступоўцы адзначаюць, што гэта, бадай, было самае легітымнае прадстаўніцтва БНР.

«Урад Леніна выдзеліў грошы на правядзенне сходу, рашэнні сходу павінны быць абавязковымі для савецкай улады на Беларусі», – прыводзіць неверагодны факт гісторык.

Але спакваля з’езд пачаў набываць антыбальшавісцкую афарбоўку, з-за чаго яго разагналі. Была нават страляніна і бойка, цудам удалося пазбегнуць ахвяраў, магчыма, дзякуючы таму, што ўсе былі ўшчэнт п’яныя – гэта захавалася ва ўспамінах удзельнікаў з’езду.

Немагчымасць супрацоўніцтва з бальшавікамі інспіравала Беларускі нацыянальны камітэт, што месціўся на Серпухаўскай, 8 (цяпер Валадарскага, 12). Там на другім паверсе была кватэра ўжо згаданага Рамуальда Скірмунта. Там і збіраўся БНК. Ён пазней быў кааптаваны ў Раду БНР, а Раман Скірмунт стаў першым прэм’ерам БНР.

21 лютага 1918 года была прынятая Першая ўстаўная грамата БНР. Адбылося гэта ў доме губернатара (цяпер памяшканне музычнага ліцэя пры кансерваторыі на плошчы Свабоды, 7). Над гэтым домам лунаў бел-чырвона-белы сцяг, пакуль нямецкія акупацыйныя ўлады не адабралі будынак. Першы беларускі ўрад узначаліў Язэп Варонка. Пасля гэтага 8 сакавіка Другой устаўной граматай была абвешчана БНР, а 25 сакавіка, у Трэцяй устаўной грамаце, – незалежнасць БНР. Апошняя падзея адбылася ў будынку на Серпухаўскай (цяпер Валадарскага), 9.

Гаворачы пра граматы БНР, варта дадаць, што друкаваліся яны ў друкарні Якава Грынблата на Губернатарскай, 32 (цяпер гэта Леніна 44).

Дарэчы, доўгі час памылкова лічылі, што незалежнасць БНР была абвешчана ў будынку царкоўна-археалагічнага музея пры архіерэйскім падвор’і на сучасным праспекце Незалежнасці, 23. Музей адкрыўся з нагоды юбілею дома Раманавых і называўся ў народзе «юбілейны дом». Некалькі яго памяшканняў арандаваў беларускі ўрад, да таго ж пазней у замежжы былі выпушчаны маркі з выявай будынка і надпісам «Беларуская Народная Рэспубліка», што і стала падставай для памылкі.

«Нейкім цудам абсалютная большасць адрасоў БНР, нягледзячы на драмы ХХ стагоддзя, ацалела. Мы маем як мінімум 4 будынкі, дзе можна павесіць мемарыяльныя шыльды», – падсумаваў Сяргей Харэўскі.

Паводле eurobelarus.info