У Італіі знайшлі невядомы рымскі храм

Вялікі храм, пра існаванне якога да гэтага часу нічога не было вядома, знойдзены брытанскай экспедыцыяй прыкладна ў 50 кіламетрах на поўнач ад Рыма.

Старажытная брама гарадскіх умацаванняў у Фалера Нові — адзіная пабудова, якая захавалася з часоў антычнасці

Старажытная брама гарадскіх умацаванняў у Фалера Нові — адзіная пабудова, якая захавалася з часоў антычнасці

Сцены збудавання былі выяўлены пры дапамозе геарадара ў раёне сучаснай вёскі Фалера Нові (Falerii Novi, Фалера Новая) недалёка ад мястэчка Чывіта-Кастэлана (Civita Castellana, правінцыя Вітэрба). Паколькі знаходка была зроблена пры дапамозе неінвазіўнай прылады і раскопак там не было, то аб датыроўцы будынка гаворка не ідзе.
Вымярэнні падмурка фалерыйскага храма вельмі уражліваюць: 120 на 60 метраў. Для параўнання, памеры Капіталійскага храма ў Рыме (святыні Юпітэра найвялікшага) складалі, паводле старажытных сведчанняў, прыкладна 55 на 60 метраў. Навукоўцы мяркуюць, што фалерыйцы, як і іх суседзі этрускі, імкнуліся да вялікіх збудаванням старажытнагрэцкага тыпу.
Горад Фалера Нові быў закладзены, як мяркуецца, у 241 годзе да нашай эры. Тады рымляне гвалтоўна перасялілі ў гэтае месца племя фаліскаў з Фалера Ветэрэс (Фалера Старажытная, сучасная Чывіта-Кастэлана). У 240-х гадах да нашай эры фаліскі, скарыстаўшыся зацяжны вайной паміж Рымам і Карфагенам, паспрабавалі вызваліцца ад стогадовага рымскага валадарства, але былі заваяваныя і выгнаныя з роднага горада. Да эпохі позняй рэспублікі ў Фалера жыло да двух з паловай тысяч чалавек. Гэта быў заможны горад са сваімі тэатрам і амфітэатрам. Ад гарадскіх умацаванняў да нашага часу захаваліся толькі вароты.
Група археолагаў на чале з прафесарам Кембрыджскага універсітэта Марцінам Мілетам вывучае Фалера Нові з выкарыстаннем розных геафізічных прыбораў з 1997 года. За гэты час даследчыкі выявілі сотні будынкаў: жылыя дамы, храмы, крамы, склады, рынкавыя плошчы. Таксама знойдзеныя форум і некропаль. Дзякуючы археалагічным праектам «The Tiber Valley Project» і «The Roman Towns in the Middle and Lower Tiber Valley Project» планіроўка Фалераў лічыцца адной з самых добра вывучаных сярод старажытнарымскіх гарадоў, саступаючы толькі Рыму і Остыі.