Гістарычная наканаванасць незалежнасці
Чарговы Дзень Волі — 99-я ўгодкі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі — выклікае ў мяне пачуццё нейкай гістарычнай наканаванасці. Падумаць толькі — у наступным годзе будзе сто гадоў са спробы стварыць беларускую дзяржаву! А яшчэ здаецца, што мы неяк «закальцаваліся» і прыйшлі да таго, з чаго пачыналі.
У гэтыя дні мы пачуем шмат словаў, што Беларуская Народная Рэспубліка стала падмуркам беларускай дзяржаўнасці. Будуць спрабаваць у чарговы раз «пераасэнсаваць» БНР і казаць пра тое, што насамрэч незалежнасць нам «звалілася нам з неба» ў 1991 годзе, знянацку, на не вельмі падрыхтаваны для гэтага народ.
Але наўрад ці так яно ёсць. Для пачатку гэтай незалежнасці трэба было знайсці месца, куды звальвацца. І гэтае месца ёй рыхтавалі, як зараз прынята казаць, «лепшыя сыны нашай Бацькаўшчыны», пачынаючы нават не з Кастуся Каліноўскага, а значна раней. У шэрагу гэтых «падрыхтоўцаў» — і бацькі-заснавальнікі БНР, і слуцкія паўстанцы, і «беларусізатары» 1920-х гадоў, і шмат іншых слынных асобаў нашай мінуўшчыны.
Прычым нават не ў асобах справа. Справа ў той самай гістарычнай наканаванасці, якая, нягледзячы на ўсе няшчасці і выпрабаванні, усё ж прывяла нас да стварэння незалежнай дзяржавы. Наўрад ці можна патлумачыць, якім чынам з сярэдзіны XVI стагоддзя, пасля фактычнага скону ВКЛ, беларусы захавалі ідэнтычнасць… Амаль 400 гадоў народ спрабавалі паланізаваць, русіфікаваць — і ўсё дарма. У 1918 годзе, як чорцік з каробачкі, выскачыла БНР.
Аматары савецкай гістарыяграфіі, якіх шмат у нашай уладзе, кажуць, што пачатак беларускай дзяржаўнасці — не БНР, а БССР. Маўляў, беларускія нацыяналісты павінны быць удзячныя «клятым камуністам-бальшавікам», якія стварылі БССР, на аскепках якога паўстала незалежная Беларусь.
Насамрэч, усё было інакш. Без БНР наўрад ці б адбылася БССР. Тыя самыя «клятыя бальшавікі» не маглі не ўбачыць БНР, патрабаванне самастойнасці і суверэнітэту беларусаў. Калі б гэтай спробы пабудаваць беларускую дзяржаву не было, наш край выдатна б падзялілі паміж Расіяй, Польшчай і Літвой. Але, пабачыўшы БНР, ужо немажліва было адхрысціцца ад прэтэнзій беларусаў на ўласную дзяржаўнасць — хаця б тэрытарыяльную. Абышліся толькі тым, што адцяпалі ўсё ж у нас Вільню і Смаленск…
Паступова, пакрысе, ад ідэяў да спробаў, ад спробаў да ажыццяўлення — Беларусь атрымала незалежнасць.
Прычым, гэтую гістарычную наканаванасць можна замарудзіць, але не спыніць. Незалежнай Беларусі ўжо 25 гадоў — чвэрць стагоддзя. Дваццаць з іх былі страчаныя ўладай на тое, каб даказаць, што «мы з рускімі — адзін народ», што мы «разам гнілі ў акопах» і гэтак далей. Былі спробы ўсяляк перакрэсліць нашу даўнейшую гісторыю і сапраўды лічыць пачаткам беларускай дзяржаўнасці БССР. І што, няўжо атрымалася?
У выніку мы неяк «закальцаваліся» і прыйшлі да таго, з чаго пачыналі. Пачыналі мы з развагаў і спрэчак на тэлебачанні пра бел-чырвона-белы сцяг у якасці дзяржаўнага — больш сталае пакаленне выдатна памятае гэтыя дэбаты напачатку 1990-х гадоў. Зараз мы да гэтага вяртаемся, і зноў гучаць на тэлебачанні тыя ж словы — надаць гістарычнаму сцягу афіцыйны статус.
Сённяшні кіраўнік краіны дагэтуль ганарыцца тым, што «не даў пасадзіць рускіх на чамаданы» і надаў рускай мове афіцыйны статус. Але тая беларусізацыя і папулярызацыя беларускай мовы, якая пачыналася ў 1990-х гадоў на дзяржаўным узроўні, зараз ідзе на ўзроўні грамадскім. Грамадства змушае суддзяў, дэпутатаў і іншае чыноўніцтва размаўляць з імі «на мове зваротаў», і чыноўнікі, як у пачатку 1990-х, вымушаныя вучыць мову.
Мова заваёўвае бізнес, рэклама па-беларуску — больш пазнавальная. Ёсць асобныя прадстаўнікі, якія адмаўляюцца, напрыклад, пісаць па-беларуску інфармацыю пра тавар на яго ўпакоўцы — нядаўна з гэтай нагоды ішлі гарачыя дэбаты. Маўляў, «наша прадукцыя ідзе на экспарт, таму інфармацыя па-руску ў прыярытэце». Але больш разумныя, наадварот, дадаюць на свой тавар беларускую мову. Разлік просты: мова з’яўляецца дадатковай абаронай супраць падробак прадукцыі і фальсіфікатаў. Хто апынецца ў выйгрышы — прадказаць прасцей простага.
А мяжа? Чаго мы толькі ні рабілі 20 гадоў таму! Нават ганарова знеслі памежны слуп на ўездзе ў Расію. А зараз прымусілі менавіта Расію ўводзіць з намі памежную зону. Прычым, у сувязі з прызнаннем Крамлём пашпартоў ЛНР/ДНР, можна чакаць, што ў нас з’явіцца паўнавартасны памежны, а затым, напэўна, і мытны кантроль з усходняй суседкай…
Карацей, ёсць у мяне стойкае адчуванне, што 20 гадоў мы супраціўляліся вызначанаму, наканаванаму краіне шляху, спрабавалі «саскочыць» з яго ці тое ў мінулае, ці тое ў іншую краіну — а нічога і не атрымалася. Банальна прыйшлі ў тую ж кропку, з якой пачыналі.
Прычым нават у эканоміцы. Памятаеце, на чым выехаў Аляксандр Рыгоравіч у сваёй першай перадвыбарчай кампаніі? На фразе: «Я запушчу заводы». Зараз таго ж самага — запуску заводаў і годных заробкаў — патрабуюць пратэстоўцы на плошчах па ўсёй Беларусі.
Гісторыя паказвае — прыпынялася наша наканаванасць амаль заўсёды знешнім умяшаннем. Зараз таксама існуе пагроза незалежнасці і суверэнітэту. З гэтым трэба нешта рабіць. А ў астатнім — няма чаго пляваць супраць ветру. Ад ідэй БНР нікуды не падзенешся.