Лукашэнка: У Беларусі нехта хоча зладзіць заварушку
Падчас рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць 24 сакавіка Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў пра тое, што ўлады не дапусцяць узнікнення ў краіне канфліктнай сітуацыі па ўкраінскім варыянце.
У Беларусі, паводле яго слоў, камусьці хочацца "зладзіць заварушку". "Некаму хочацца падарваць абстаноўку, і яны выкарыстоўваюць нашых адмарозкаў. Дайшлі да таго, што, як партызаны, ямы капалі і хавалі. Хаваюць зброю, арматуру, сякеры, нажы, гранаты і іншае. І ўсе кажуць: гэта мы патрыятызму дзяцей вучым. З баявымі гранатамі дзяцей вучыць? Свярбяць у кагосьці рукі. Але ёсць нейкі бар'ер, які ніхто не павінен пераступаць, парушаючы закон і Канстытуцыю. І калі ўлада гэтага не ўбачыць, тады гэта будзе ланцуговая рэакцыя, яе вельмі цяжка спыніць, таму што будуць уцягнутыя мільёны людзей", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
На думку Лукашэнкі, тых людзей, якія выходзяць на акцыі супраць дэкрэта № 3, жадаючы вырашыць нейкія свае пытанні, проста спрабавалі выкарыстаць. Многія, усвядоміўшы гэта, пачалі ўжо адмаўляцца ад удзелу ў падобных мерапрыемствах, заявіў ён. "Убачылі, нават з гэтых адмарожаных (там жа не ўсе такія), што і іх таксама хацелі выкарыстаць. А калі ўбачылі гэтыя арсеналы (арсеналы зброі, паказаныя па дзяржаўных тэлеканалах. — БелаПАН.), кажуць: не, мы не пойдзем. Пачалі адмаўляцца ад усіх гэтых мітынгаў і дэманстрацый. Зразумелі, што ўлада не спалохалася", — сказаў Лукашэнка.
Тым часам у сувязі з абвешчанай на 25 сакавіка акцыяй з нагоды Дня Волі органы ўнутраных спраў Беларусі пераведзеныя на ўзмоцнены варыянт нясення службы, паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч. Сёння з раніцы Кастрычніцкую плошчу патрулявалі байцы АМАП з аўтаматычнай зброяй. Пра тэрміны дзеяння ўзмоцненага варыянту нясення службы не паведамляецца.
Пра свой намер правесці ў цэнтры Мінска акцыю ў Дзень Волі Мінгарвыканкаму паведаміў 22 сакавіка былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч.
Раніцай 24 сакавіка з акаўнта ў "Вайберы", зарэгістраванага на стары тэлефонны нумар Статкевіча, было разасланае паведамленне ад яго імя з заклікам "скарэктаваць планы і адмовіцца ад збору каля Акадэміі навук або ў іншых людных месцах 25 сакавіка" ў сувязі з тым, што "ўладай узяты курс на арганізацыю новых правакацый і жорсткі разгон мірнага шэсця".
Сувязі са Статкевічам няма, але яго жонка Марына Адамовіч і апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў у каментары БелаПАН назвалі гэты заклік фэйкам і правакацыяй.
Пазней на сайце charter97.org быў апублікаваны зварот ад імя Статкевіча, у якім ён пацвердзіў свой намер правесці акцыю 25 сакавіка. "Гэта падобна на яго", — сказала Адамовіч, паводле слоў якой Статкевіч зараз знаходзіцца "па-за сродкаў камунікацыі".
За апошнія некалькі тыдняў у Беларусі было затрымана больш за 260 чалавек — гэта, у асноўным, удзельнікі мірных акцый супраць дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", якія праходзілі ў розных гарадах з 17 лютага.
Яшчэ 26 чалавек затрыманыя на гэтым тыдні ў межах распачатай КДБ крымінальнай справы па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках.
Прэвентыўныя затрыманні нібыта за падрыхтоўку масавых беспарадкаў пачаліся пасля заявы Лукашэнкі аб "баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй", якую ён зрабіў 21 сакавіка. "Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лагерах са зброяй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў. Астатнія лагеры — ва Украіне. Па-мойму, у Літве або ў Польшчы, не буду сцвярджаць, але недзе там. Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй", — сказаў Лукашэнка.
Кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус назваў словы Лукашэнкі пра ваенныя лагеры на тэрыторыі Літвы "высмактанымі з пальца выдумкамі". У МЗС Украіны таксама абверглі яго заяву пра існаванне ў краіне лагераў баевікоў.