Алесь Макаў: Нашыя дзеянні — у залежнасці ад адказу
Алесь Макаў, прадстаўнік руху салідарнасці «Разам», — адзіны, хто не адклікаў свой подпіс і пакуль застаецца заяўнікам масавай акцыі на Дзень Волі-2017, сёння ўвечары ідзе ў Мінгарвыканкам.
Чацвёра з пяці заяўнікаў масавай акцыі на Дзень Волі-2017 ад руху “За Свабоду”, Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі напісалі, што здымаюць з сябе адказнасць за правядзенне, бо ўлады парушылі закон аб масавых мерапрыемствах. Маўляў, заяўка была пададзеная ў адпаведныя тэрміны, але сустрэча з афіцыйнымі ўладамі з мэтай атрымання адказу была адмененая самім Мінгарвыканкамам.
Таму ўвечары туды прыйдзе толькі прадстаўнік руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаў.
— Начальнік профільнага аддзела гарвыканкама пытаўся ў звязку з тым што астатнія заяўнікі адклікалі свае подпісы, ці буду я? Я сказаў: так, буду. Вельмі дзіўна выглядае. На маёй памяці гэта ўпершыню. Калі некалькі разоў адкладалі нашую сустрэчу ў гарвыканкаме, і ў апошні момант, менш чым за суткі, яны павінны даць адказ. Дазволяць, або забароняць. І нашыя дзеянні — у залежнасці ад адказу.
Калі акцыя будзе забароненая ці маршрут зменены, Алесь Макаў напіша таксама паперу пра тое, што адказнасць за далейшыя падзеі нясе дзеючая ўлада.
Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя