Аляксей Янукевіч: Дзяржава стварае атмасферу істэрыі
Беспрэцэдэнтны за апошнія гады ціск аказваецца на беларускае грамадства напярэдадні Дня Волі.

Дзясяткі актывістаў і незалежных журналістаў затрыманыя і асуджаныя да арышту за ўдзел у Маршах недармаедаў, якія прайшлі па ўсёй краіне. Цяпер жа кіраўнік дзяржавы Лукашэнка пагражае ўжыць сілу супраць пратэстоўцаў. Відавочна, што сацыяльныя пратэсты супраць дэкрэту ўзмацнілі старыя фобіі беларускай улады да масавых акцыяў у якіх яна бачыць пагрозу для сябе, кажа старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
— Так, сапраўды, здавалася б непатрэбныя, не матываваныя рэпрэсіі, яны адпавядаюць традыцыйным памкненням беларускай улады звышжорстка падаўляць любую небяспеку. Тут не толькі прапаганда па тэлебачанні, у якую можа быць не настолькі ўсе вераць, але тут людзі бачаць, што сёння і з аўтаматамі байцы патрулююць вуліцы горада Мінска ўпершыню за шмат гадоў.
На думку Аляксея Янукевіча, гэтая прапагандысцкая кампанія з боку дзяржавы мая мэтай не толькі запалохаць людзей напярэдадні Дня Волі, але і стварыць атмасферу істэрыі вакол дэмакратычнага руху, якая ў выпадку правакацый можа быць дыскрэдытаваны не толькі ўнутры краіны, але і ў вачах міжнароднай супольнасці.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё
Рацыя