Скарб, знойдзены ў Горадні, можна будзе пабачыць у музеі

Гісторыкі мяркуюць, што знаходка належала габрэйскім вязням з Гарадзенскага гета. Цяпер вырашаецца лёс каштоўнасцяў, імаверна, што скарбы застануцца ў Горадні.

hor_skarb_say_01_660x440.jpg

Каля двух месяцаў назад падчас рэканструкцыі будынку па вул. Працоўнай у Горадні будаўнік Уладзімір Страковіч натрапіў на нечаканую знаходку – металёвую табакерку з надпісам «Tytuń fajkowy specjalny».
У табакерцы ляжалі 23 залатыя манеты Расейскай імперыі і міжваеннага польскага перыяду, больш за дзясятак пярсцёнкаў, два ланцужкі, некалькі зліткаў золата, пазалочаныя зубныя каронкі і некалькі купчых дакументаў. Больш за 70 гадоў скарб знаходзіўся ў доме, у якім даўно не рабіўся капрамонт.Знойдзены скарб, вагаю каля 500 грамаў, быў дакладна апісаны і перададзены ў Гарадзенскі дзяржаўны археалагічны музей на далейшую экспертызу, якая выявіла, што агульны кошт знаходкі складае 19 500 долараў. Найдаражэйшым прадметам стаў унікальны пярсцёнак з мальтыйскім крыжам, які ацанілі ў 1,5 тысячы долараў.
«Такія насілі пажы корпусу слугаў расейскага імператара. Выпускнікі атрымлівалі такі пярсцёнак з надпісам па-французску: мой Бог, мой кароль, мая дама. А ўвогуле дэвіз гэтага пажаўскага корпуса гучаў «цвёрды, як сталь і чысты, як золата». Таму пярсцёнак заўсёды рабілі з двух металаў. Звонку сталёвы, а ўнутры залаты. Пярсцёнак дастаткова рэдкі, а ўсё астатняе ў скарбе, можна сказаць, – чаканае. Царскія залатыя манеты, некалькі еўрапейскіх талераў», – кажа гісторык, малодшы навуковы супрацоўнік Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музею Ян Лялевіч.

hor_skarb_say_02.jpg

Пасля праведзенай экспертызы адмысловая камісія пра Гарадзенскім аблвыканкаме прыме рашэнне аб наданні яму катэгорыі каштоўнасці. Далей дакумент аб прынятым рашэнні мусіць ухваліць Міністэрства культуры. Скарб атрымае статус рухомай гістарычна-культурнай каштоўнасці, як, да прыкладу, слуцкія паясы. І толькі тады скарб пяройдзе ў Гарадзенскі дзяржаўны археалагічны музей. Па закону мясцовыя ўлады будуць абавязаныя заплаціць па 25 % агульнага кошту скарбу таму, хто знайшоў яго ды ўласніку будынку.

Ці знойдуць уладальнікаў?

hor_skarb_say_06.jpg

Акрамя матэрыяльнага кошту, экспертыза выявіла, што высветліць, хто быў першым уладальнікам скарбу, немагчыма. Дакладна можна сказаць, што скрыначка была сабраная не раней за 1937-мы год, пра што сведчыць адна з папераў з датаю, у якую ўладальнік загарнуў частку каштоўнасцяў. Гісторыкі пагаджаюцца, што, хутчэй за ўсё, скарб належыць вязням Гарадзенскага гета, у склад якога ўваходзіў будынак па вуліцы Працоўнай 2. Аднак спісаў жыхароў дому ў часы гета няма. Адсутнічаюць таксама архіўныя запісы асобаў, якія жылі ў доме да пачатку вайны. Сам будынак быў пабудаваны ў 1894-м годзе.
«Лагічна меркаваць, што калі скарб мы знайшлі толькі ў 2018-м годзе, то той, хто яго схаваў, а гэта адбылося, хутчэй за ўсё, у 41-42 гг., не змог па яго вярнуцца. Калі чалавек не вярнуўся, то нешта з ім здарылася. Хутчэй за ўсё, ён памёр. Паколькі тут было гета, відавочна, што чалавек быў вывезены ў канцлагер. Як варыянт, гэта мог быць збор цэлага дому, калектыўны дэпазіт, каб адкупіцца ад немцаў. Ёсць адчуванне, што нехта збіраў гэтыя грошы і каштоўнасці вельмі стыхійна. Бо ёсць пераплаўленыя залатыя зліткі. Што можна было купіць на гэтыя грошы? Сёння на 20 тысяч долараў мы можам купіць аднапакаёўку. І тады прыкладна тое самае», – разважае Ян Лялевіч.

Дом, у якім знайшлі скарб


Дом, у якім знайшлі скарб

Дом, у якім знайшлі скарб

Скарб з вул. Працоўнай не першы габрэйскі скарб, знойдзены ў Горадні. У 90-х гадах на вул. Вялікай Траецкай знайшлі схованку з габрэйскімі культавымі рэчамі, якія выкарыстоўваюцца падчас малітвы. А два гады назад у 2016 г. яшчэ адзін скарб з золатам быў знойдзены па вул. Антонава. Падчас рэканструкцыі будаўнікі натрапілі на схованку з залатымі манетамі і пярсцёнкамі. У час вайны золата давала шанец выжыць.
Абодва скарбы можна будзе пабачыць на выставе ў Новым замку, якая адкрыецца напрыканцы чэрвеня. Усяго будзе выстаўлена каля 25 каштоўных знаходак з Гарадзеншчыны.
Паводле belsat.eu