Скарына ў Лондане

15 мая споўнілася 40 гадоў з дня заснавання Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. Мне пашанцавала патрапіць у гэтую незвычайную ўстанову 15 гадоў таму, калі яе нязменны дырэктар айцец Аляксандр Надсан ладзіў навуковую канферэнцыю да 400-годдзя Берасцейскай уніі.



77c67132097f9b1ff028aed0eca8d21b.jpg

15 мая споўнілася 40 гадоў з дня заснавання Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. Мне пашанцавала патрапіць у гэтую незвычайную ўстанову 15 гадоў таму, калі яе нязменны дырэктар айцец Аляксандр Надсан ладзіў навуковую канферэнцыю да 400-годдзя Берасцейскай уніі.
Тры тыповыя двухпавярховыя чырвоныя дамкі ў ціхім паўночным раёне Лондана Фінчлі, на вуліцы Холдэн Роўд. У адным — царква, дзе кожны дзень ужо некалькі дзесяцігоддзяў па-беларуску правяцца літургіі і набажэнствы — плён тытанічнай перакладчыцкай і святарскай працы айца Аляксандра. Насупраць — дамок для гасцей. Шмат год тут заўсёды можна спаткаць даследчыкаў-беларусістаў з Беларусі і іншых краін свету, студэнтаў-тэолагаў, маладых паслушэнцаў, якія адраджаюць грэка-каталіцкую беларускую царкву. І, нарэшце, сама бібліятэка і музей — сховішчы каля 40 тысяч старадрукаў, рукапісаў: ад выданняў Скарыны, Статута ВКЛ 1588 года, кніг друкарняў з Куцейны, Вільні, Супрасля, старажытных мапаў да скарбаў ХХ стагоддзя. Першадрукі Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло, Максіма Гарэцкага, Янкі Купалы, Максіма Танка. Рукапісы Купалы і Коласа, іншых аўтараў, збор даўніх архіўных дакументаў. А таксама творы мастацтва: два слуцкія паясы, манеты і медалі ВКЛ, жывапісныя творы заходнебеларускіх мастакоў на чале з Пятром Сергіевічам, мастакоў-эмігрантаў: Віктара Жаўняровіча, Пятра Мірановіча, Міхася Наўмовіча і іншых.
Мне давялося гартаць тут унікальныя фотаальбомы экспедыцый Вацлава Ластоўскага па Беларусі, копіі якіх былі зроблены для Акадэміі навук,  дзівіцца ўнікальнымі перыёдыкамі першай паловы ХХ стагоддзя і эміграцыйнымі выданнямі. Сам гаспадар-дырэктар бібліятэкі зазвычай ласкава сустракаючы гасцей, дапамагае ім пазнаёміцца з лонданскімі беларускімі зборамі. А пры неабходнасці арыентуе ў сістэме іншых бібліятэк, музеяў, архіваў брытанскай сталіцы.


Пачатак калекцыі беларускай місіі паклалі зборы беларускіх святароў Льва Гарошкі і Чэслава Сіповіча, уласна яе заснавальніка, дапоўнілі ахвяраванні і закупы на аўкцыёнах. Тут заўсёды пануе шчырая і сяброўская атмасфера супольных малітваў, сняданкаў і вячэраў, шчырай адкрытасці і ўзаемадапамогі. Нават канферэнцыі і сустрэчы, якія адбываюцца звычайна разам з Англа-беларускім навуковым таварыствам і пры ўдзеле сяброў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі праходзяць бы таварыскія сустрэчы. І вядзецца вялікая навуковая праца.
Як не прыгадаць ужо памерлага знаўцу беларускай музычнай спадчыны Гая Пікарду, як не сказаць ухвальнае слова заўсёды шчыраму айцу Аляксандру, які ў гэтым годзе 8 жніўня адзначыць сваё 85-годдзе. Дай Бог здароў’я і сіл, якіх пакуль, здаецца, столькі, што яго энергіі творчай працы пазайздросціў бы і маладзейшы чалавек. Святарская, тэалагічная, навуковая дзейнасць, якая кіруецца з Бібліятэкі і музея Скарыны — не поўны пералік таго добрага, што робіцца для беларусаў і беларускай царквы ў Лондане. Беларускім камітэтам дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі, адной з першых ініцыятыў у замежжы, якая з 1989 года рэгулярна аказвае неацэнную дапамогу пацярпелым ад Чарнобыля ў нашай краіне, таксама кіруе айцец Аляксандр Надсан.
Выказваючы шчырыя віншаванні з юбілеем, хочацца спадзявацца, што недалёкі той час, калі беларуская дзяржава пачне сплочваць свае пазыкі тым людзям і ўстановам, якія зберагаюць дух і спадчыну нашага народа за яе межамі.