Спадчыннікі Калумба: у Беларусі пройдзе творчы конкурс для знаўцаў амерыканскай культуры

Кока-кола, Мікі-Маўз і «Санта-Барбара» — вось тры кіты, на якіх трымаецца імідж Амерыкі ў нашым свеце. Між тым, амерыканская культура значна глыбейшая за набор сусветнавядомых брэндаў, якія спарадзіў амерыканскі жа бізнэс. Усведамляючы гэта, шэраг культурніцкіх арганізацый Беларусі распачалі маштабную праграму, мэта якой — пашырэнне ў нашым грамадстве ведаў пра культуру Паўночнаамерыканскага кантынента.



02052c0f4599c2aa6bead905338f1214.jpg

Кока-кола, Мікі-Маўз і «Санта-Барбара» — вось тры кіты, на якіх трымаецца імідж Амерыкі ў нашым свеце. Між тым, амерыканская культура значна глыбейшая за набор сусветнавядомых брэндаў, якія спарадзіў амерыканскі жа бізнэс. Усведамляючы гэта, шэраг культурніцкіх арганізацый Беларусі распачалі маштабную праграму, мэта якой — пашырэнне ў нашым грамадстве ведаў пра культуру Паўночнаамерыканскага кантынента.
Праект унікальны ўжо тым, што спалучыў ініцыятывы самых розных арганізацый: дзяржаўнай акадэмічнай структуры — Інстытута Сацыялогіі НАН Беларусі, Міжнароднага фонду «Залатая спадчына Віцебска» і галоўнага выканаўцы — Цэнтра міжкультурнага дыялогу пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. «Прапанова адкрытая, — кажа генеральны дырэктар цэнтра Любоў Уладыкоўская. — Мы з радасцю наладзім кантакты з любой арганізацыяй, як дзяржаўнай, так і недзяржаўная, якая пажадае далучыцца да нашай ініцыятывы».
Мэты праграмы сфармуляваныя даволі проста: наладзіць міжкультурны дыялог, развіць амерыканістыку ў Беларусі і беларусістыку ў ЗША. Задача першага этапу праграмы — высветліць, што ведаюць беларусы пра Амерыку і амерыканцы пра беларусаў, апроч стэрэатыпаў: «Мы выбралі беларуска-амерыканскі напрамак таму, што, па-першае, Злучаныя Штаты Амерыкі застаюцца супердзяржавай, якая ў многім вызначае глабальнае развіццё, па-другое, амерыканскае грамадства — полікультурнае, што сугучна беларускаму культурна-гістарычнаму фону, па-трэцяе, амерыканскую культуру і нават дзяржаву стваралі прадстаўнікі многіх народаў, у тым ліку беларускага, па-чацвёртае, мы вельмі мала ведаем пра гэтую надзвычай цікавую краіну, веды нашы даволі павярхоўныя і выдатна, што наш беларуска-амерыканскі дыялог — гэта не аднабаковы, а сустрэчны рух», — патлумачыла Любоў Уладыкоўская.
Каб акумуляваць інфармацыю пра тое, што ўжо было зроблена ў абедзвюх краінах для вывучэння культуры партнёра, Цэнтр міжкультурнага дыялогу, па словах Уладыкоўскай, правядзе серыю круглых сталоў у розных гарадах Беларусі: «Круглы стол на тэму «Беларусістыка ў ЗША» пройдзе ў Віцебску; пра амерыканістыку ў Беларусі мы пагаворым у Гродне; і, нарэшце, выніковы круглы стол пад працоўнай назвай «Беларусь—Амерыка: стратэгіі развіцця культурнага дыялогу» пройдзе ў Мінску».
Але галоўная разынка праекта — творчы конкурс «Амерыканская культура: якая яна?», які стартуе сёлета.
Калі вас зацікавіў праект і вы жадаеце далучыцца да абмеркаванняў ці наладзіць партнёрскія сувязі з арганізатарамі праекта, вы можаце звяртацца па тэлефонах для даведак, пазначаных у абвестцы конкурсу, якую прапануем вашай увазе.
------------------------------------------------------------
Увага, конкурс!
Цэнтр міжкультурнага дыялогу пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з Міжнародным фондам «Залатая спадчына Віцебска» і Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук абвяшчаюць адкрыты конкурс «Амерыканская культура: якая яна?».
На конкурс прымаюцца творчыя працы ад аўтараў і аўтарскіх калектываў незалежна ад іх узросту, роду заняткаў і краіны жыхарства ў намінацыях: эсэ, верш, малюнак, фотаздымак па двух напрамках:
«Прыцягальнасць амерыканскай культуры»
«Беларускія акцэнты ў амерыканскай культуры»
Матэрыялы прымаюцца да 31 снежня 2011 г. на электронны BelarusAmer@gmail.com і паштовы адрасы: 220072, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Сурганава,1/2, п. 1015 з пазнакай «Конкурс».
Да 30 cтудзеня 2012 г. будзе аб’яўлены шорт-ліст лепшых прац, да 28 лютага 2012 г. — пераможцы конкурсу.
Працы ў форме эсэ або верша павінны быць выкананыя на беларускай мове, мець аб’ём да 2 тысяч слоў і падавацца ў фармаце Doc.
Працы ў форме малюнка або фотаздымка падаюцца на конкурс у колькасці не больш за 3 штукі ад аднаго заяўніка.
Да прац дадаюцца суправаджальныя запіскі на беларускай мове з імем і прозвішчам аўтара (калектыву), з указаннем узросту, роду заняткаў і месца жыхарства, кантактнага тэлефона і электроннага адраса, а таксама з кароткай характарыстыкай пададзеных матэрыялаў і гісторыяй іх стварэння аб’ёмам да 2 друкаваных старонак.
 Па выніках конкурсу будзе арганізавана міжнародная выстава найлепшых прац. Найлепшыя працы ўвойдуць таксама ў асобны зборнік, будуць размешчаныя на інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсах і апублікаваныя ў СМІ.
Камплект узнагароды складаецца з каштоўнага прыза і сертыфікату.
З мэтай заахвочвання дзейнасці па развіцці амерыканістыкі пераможцам конкурсу будзе аказана спрыянне ва ўдзеле ў амерыканскіх праграмах абмену.
Пераможцы конкурсу будуць запрошаныя да ўдзелу ў Амерыканскім клубе.
Па рашэнні журы працы, якія прайшлі ў другі тур, але не сталі пераможцамі, могуць узнагароджвацца дыпломамі і спецыяльнымі прызамі.
Для даведак:
е-mail. BelarusAmer@gmail.com, тэл.: +375 29 67
32621; +375 29 5694495.