Страшэнная ноч пад халодным дажджом...

Аматар беларускай культуры 29 кастрычніка мусіў падвоіцца, патроіцца, каб усюды паспець. Настолькі паўнюткім, як падчас канцэрта «(Не)расстраляная паэзія» мінскі клуб «Бруге» я ніколі не бачыла.

_ne_rastaljanyja_paety__pavel_aksinovicz__26__logo.jpg

Кажуць, квіткі раскупілі за 4 дні да канцэрта. Вядоўца імпрэзы Андрэй Хадановіч тлумачыць ажыятаж: «Поўныя залі бываюць, калі нехта прапаноўвае не абы-які, а своечасовы праект. Інтуіцыя Сяргея Будкіна і каманды з Тузіна гітоў не падвяла іх. Тут адбылася добрая змычка звычайна ізаляваных адна ад адной тусовак: літаратары ў нас сабе, музыкі сабе, мастакі сабе. А тут дызайнеры працуюць над нататнікамі з цытатамі паэтаў, музыкі працуюць з тэкстамі, ствараючы з іх тэксты, а даследчыкі літаратуры рыхтуюць лекцыі, якія чытаюць разам з музыкамі. Мы даўно не бачылі такога сінтэзу мастацтваў. Сама дата — 80 гадоў — як знішчылі квет, вяршкі нашай інтэлігенцыі, а мы з гэтым нічога не робім! Гэта ці павесіцца, ці вярнуць самапавагу. Удзельнікі і арганізатары праекта так вярталі сабе самапавагу. Яны вяртаюць у памяць беларусаў тое, што павінны памятаць.

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч


У нас няма сістэмы трансляцыі ад пакалення да пакалення. Мы наноў, з нуля адкрываем для сябе тое, што перад намі абнулілася. Чаму яно абнулілася? Чаму я, дыпламаваны філолаг, перакладчык і літаратар Андрэй Хадановіч, са школы ведаў толькі Міхася Чарота з усіх 12 герояў сённяшняга канцэрта ў перапоўненным «Бруге»? Каб падрыхтаваць лекцыю пра Таўбіна, давялося ісці ў архіў і «адкрываць» яго для сябе. У нармалёвай культурнай сітуацыі я павінны быў інфармацыю пра яго атрымаць яшчэ школьнікам, а не на чацвертым дзясятку жыцця. Музыкам вялікі дзякуй! Калі з верша робіцца хіт, імя паэта жалезным цвіком убіваецца ў свядомасць. Нехта, пачуўшы песню, набудзе кніжачку і будзе чытаць».

Сяргей Будкін

Сяргей Будкін

Праект «(Не)расстраляная паэзія» ўпершыню прагучаў жыўцом цалкам і ў электрычнасці. Да таго асобныя гурты суправаджалі выступамі лекцыі пра паэтаў, што ішлі і яшчэ будуць ісці поўным ходам. Гурты VURAJ, RE1IKT i TonqiXod выканалі песні на вершы паэтаў, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка роўна 80 год таму, і па некалькі сваіх кампазіцый. Астатнія вакалісты-удзельнікі праекта спявалі ў суправаджэнні музыкаў Алеся-Францішка Мышкевіча, Паўла Трыпуця, Паўла Мамонава і Канстанціна Гарачага. Часам да іх далучаліся музыкі з розных гуртоў. Завяршыў канцэрт Лявон Вольскі. Святлана Бень не змагла ўзяць удзел у імпрэзе. Замест яе Ганна Янкута прачытала свой пераклад Ізі Харыка на беларускую.


Андрэй Хадановіч лічыць, што 12 паэтаў засталіся сабой, а музыкі сабой. У кожнага музыкі ўласны творчы почырк, «як у серыйнага забойцы». Гурт RE1IKT зрабіў песню з прозы Міхася Зарэцкага, а VINSENT прыдумаў рэп-адказ Зяме Півавараву. Там ёсць, напрыклад, такія радкі:
«Гэта шуміць мэтро пад Айчынай маёйГэта бяжыць жыцьцё пад Айчынай маёй».
Півавараў паспеў папрацаваць качагарам у Піцеры. Так-так, пакаленне дворнікаў і старажоў — гэта не толькі пра 1980-я. У біяграфіях расстраляных паэтаў сустракаецца процьма цікавых момантаў. Напрыклад, у Тодара Кляшторнага, на верш якога зрабіў песню «Імчы, цягнік» гурт TonqiXod, можна знайсьці адсылкі да Ясеніна. Майсей Кульбак, верш якога абраў Павал Аракелян, — самы вядомы ў свеце беларускі паэт (па колькасці перакладаў). Праўда, перакладалі яго з ідыш. Літоўцы лічаць Кульбака сваім, бо пэўны час ён жыў у Вільні. Потым свядома перабраўся ў БССР. Міхась Чарот, якога інтэрпрэтавалі гарадзенскія фольк-панкі DZIECIUKI, аказваецца, аўтар «Купалінкі», якую шмат хто лічыць народнай песняй. Анатоль Вольны, на верш якога спявалі AKUTE, у 1935 годзе стаў заслужаным дзеячам мастацтва БССР, а праз год быў арыштаваны.


Некалькі разоў «героем вечара» станавіўся Алесь Дудар. Ягоны пераклад на беларускую «Яўгена Анегіна» незадоўга да канцэрта прэзентавалі ў галерэі TUT.BY. Выйшла кніга Дудара, якую можна было набыць у «Бруге», як і  дызайнерскія нататнікі з партрэтамі расстраляных паэтаў. На верш Алеся Дудара зрабіла песню «Асыпае чэрвень белы сад» Кацярына Ваданосава і яе FANTASY ORCHESTRA. Юлій Таўбін, на словы якога спяваў Лявон Вольскі, прыехаў са Мсціслава, сябраваў і здымаў кватэру з землякамі-паэтамі Куляшовым і Астапенкам. З іх трох мы добра ведаем толькі Куляшова.
Праект «(Не)расстраляная паэзія» будзе працягвацца. Зацікаўленных яшчэ чакаюць лекцыі пра літаратараў. Звесткі пра іх можна чытаць на заведзенай для кожнага паэта старонках у Фэйсбуку.