Сучасніцы прадставілі жаночыя вобразы з гісторыі Беларусі
Беларуская жаночая ліга 15 снежня зладзіла імпрэзу «Жанчыны — творцы гісторыі». Удзельнікі тэатралізаванай касцюміраванай вечарыны ў музеі Максіма Багдановіча прадставілі жаночыя вобразы з гісторыі Беларусі XVI-XX стагоддзяў.
Цётка (Алаіза Пашкевіч), Аўгіння Аляксючэнка, Канстанцыя Буйло, Анастасія Слуцкая, Стэфанія Станюта, Палута Бадунова, Ларыса Геніюш, Ганна Доўгерт, Эмілія Плятэр, Эліза Ажэшка — гэтыя жанчыны па-рознаму ўвайшлі ў гісторыю Беларусі.
Рэжысёр тэатралізаванай вечарыны Марыя Легіна — нядаўняя выпускніца Універсітэта культуры.
— Для мяне ідэя прадставіць вобразы знакамітых жанчын праз тэатралізаваную імпрэзу падалася вельмі цікавай, — гаворыць маладая рэжысёрка. — Праз працу над вобразамі я таксама даведалася пра лёс незвычайных жанчын, біяграфіі якіх, на жаль, не прадстаўлены ў школьных падручніках. Сама імпрэза была задумана як інтэрактыўная. Паколькі гледачы павінны былі здагадацца, якая з гераінь прадстаўлена ў вобразе, яны былі зацікаўлены ў тым, каб запомніць біяграфічныя факты з гісторыі жыцця гераінь.
Лідарка Беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская выступіла ў вобразе нязломнай змагаркі за незалежную Беларусь Палуты Бадуновай.
— Наша жаночая грамада вырашыла, што гэты вобраз мне пасуе, — распавяла гісторык. — Сапраўды, мяне вельмі ўражвае вобраз Палуты Бадуновай.
Навучэнка Расійскіх навучальных курсаў, яна была выхавана ў расейскай культурнай традыцыі, але здолела стаць пад штандары беларускага вызвольнага руху падчас змагання за БНР. Лічу, што не так многа ў найноўшай гісторыі нашай краіны такіх асобаў, як Палута Бадунова. Яна валодала дарам уплываць на свядомасць людзей, гуртаваць і весці за сабой пад лозунгамі нацыянальнай рэвалюцыі. Ёй не былі ўласцівы інтрыгі. Дзейнасць жанчыны была шматграннай. Палута Бадунова стварыла адну з першых жаночых арганізацый, дапамагала дзецям-сіротам. Яна — адна з заснавальнікаў партыі эсэраў, падпісала Статутную грамату аб Незалежнасці Беларусі, была міністрам БНР.
Яе дар уплываць на людзей удзельнікі вечарыны ўбачылі падчас тэатралізаванага паказу сялянскага сходу на Лагойшчыне. Нягледзячы на супрацьстаянне бальшавікоў-камісараў, Палута Бадунова пераканала сялян вітаць стварэнне беларускай арміі, выступіць супраць Рыжскай мірнай дамовы і прагаласаваць за дэлегата ад партыі эсэраў на павятовы сход.
Лідарка «Гавары Праўду» Таццяна Караткевіч выбрала для ўвасаблення вобраз Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Таццяне падабаюцца не толькі літаратурная творчасць знакамітай паэткі і пісьменніцы, але і яе адданасць справе, прастата ў абыходжанні, нягледзячы на дваранскае паходжанне, шматграннасць працы.
Арганізатары вечарыны, сябры Рады Беларускай жаночай лігі Жана Семянтовіч і Наста Герыловіч распавялі, што яны ўжо даўно марылі «ажывіць» вобразы знакамітых жанчын, пра якіх нячаста ўспамінаюць у беларускай гісторыяграфіі.
Наста Герыловіч выбрала для ўвасаблення Эмілію Плятэр, змагарку з 19 стагоддзя, Жана Семянтовіч — пісьменніцу Элізу Ажэшку.
Пасля прагляду і разгадвання тэатралізаваных вобразаў удзельнікі і госці вечарыны бралі майстар-клас па танцах, якімі суправаджаўся ранейшы побыт беларусаў: «Полька-бабачка» і «Падэспан».
— Мне вельмі спадабаўся фармат вечарыны, — падзялілася сваімі ўражаннямі грамадская актывістка з Воршы Алена. — Даведалася шмат новага з гісторыі жыццяў выбітных беларускіх жанчын. Пры гэтым у мяне ўзнікла ўражанне, нібыта яны прысутнічалі ў памяшканні імпрэзы. Іхнія тэатральныя вобразы назаўсёды застануцца ў маёй памяці.