Сусветны рэйтынг фільмаў за 2017 год. Тузін лепшых і тры найгоршых
Згодна з падлікамі найбуйнейшага кінапартала imdb.com у 2017 годзе пабачыла свет болей за 234 тысячы стужак. Якія з гэтых карцін найлепшыя, а якія найгоршыя?

Якія лепшыя фільмы ўжо выйшлі на беларускія экраны, а якія яшчэ толькі
чакаюцца? Якія кінатворы захапілі, а якія абурылі публіку?
Возьмем толькі ігравыя фільмы, за якія на
сайце IMDB прагаласавала не меней за 1 000 гледачоў.
Іх ацэнкі мусяць быць альбо самыя высокія (ад 8 да 10 балаў), альбо самыя
нізкія (меней за 2 балы). Высокарэйтынгавых фільмаў у 2017 годзе
набярэцца ажно 44, затое кепскіх — толькі 3.
Пачнём з найлепшых стужак. Вось тузін самых папулярных.
12 месца. «Падынгтан 2» — мілая дзіцячая стужка пра добра выхаванае медзведзяня, у беларускі пракат яшчэ не трапляла. Затое першыя прыгоды гэтага брытанскага джэнтэльмена, знятыя ў 2014 годзе — у кінатэатрах былі, і нават у беларускай агучцы. У менскім кінапракаце працяг гісторыі, што палюбілася гледачам, можна будзе пабачыць з 18 студзеня.
11 месца. Коміксавы «Логан», таксама вядомы, як Расамаха распавядае гісторыю аднаго з фантастычных людзей-Х, адораных надзвычайнымі здольнасцямі. Карціна дэманстравалася ў Менску ў сакавіку і заслужыла добрыя адзнакі і ад беларускіх гледачоў (калі меркаваць па сайце Kinopark.by).

10 месца. «Бягун па лязу брытвы 2049». Паўторная экранізацыя фантастычнага раману Філіпа Дзіка “Ці сняцца андроідам электраавечкі”. Стужка Дэні Вільнева з Раянам Гослінгам у галоўнае ролі, як і папярэдняя карціна 1982 года, прытрымліваецца змрочна-нуарнай стылістыкі. Ейныя беларускія ацэнкі таксама высокія, але фільм Рыдлі Скота 1982 году застаецца старою, добрай і непераўзыдзенай класікай.

9 месца. Італьянская меладрама Лукі Гваданьіні «Кліч мяне сваім іменем» была запланаваная ў менскім пракаце на снежань, але выглядае, што прэм’еры не адбылося. Стужка — драма пра 17-гадовага юнака, які закахаўся ва ўніверсітэцкага калегу свайго бацькі. Фільм мае 85 намінацый на кінапрэміі і атрымаў 31 узнагароду.
8 месца. Крымінальная драма Марціна МакДонахі «Тры білборды на мяжы з Эбінгам, Місуры» у планах менскага праката – прынамсі да лютага — не пазначаная. Гэта таксама тытулаваная стужка (36 узнагародаў і 110 намінацый). Маці, намаляваўшы тры білборды, кідае выклік мясцовым уладам, якія ніяк не могуць адшукаць забойцу ейнай дачкі. Рэжысёр Мэцью МакДонах слынны сваім чорным гумарам і нечаканай драматургіяй, ягоны фільм «Залегчы на дно ў Бруге» беларускія гледачы бачылі.

7 месца належыць камедыйнай драме «Ледзі Птушка», зрэжысаванай Грэтай Гервіг. Амерыканская гісторыя пра цяжкасці сталення атрымала 48 узнагародаў і мае 97 намінацый. У пракаце адсутнічае.
6 месца. Амерыканская меладрама «Цуд» пра хлопчыка з дэфармаваным тварам, які заслугоўвае прызнанне і любоў сваіх аднакласнікаў, таксама ў пракатных планах не пазначаная. Маці хлопчыка грае Джулія Робертс, фільм паставіў Стэфан Чбоўскі. Стужка займае 6 месца ў спісе самых папулярных высокарэйтынгавых карцінаў.
На 5 месцы — музычныя анімацыйныя прыгоды «Како» (ці – у цяперашнім менскім пракаце — «Тайны Како»). Хлопчык марыць стаць музыкам, але ягоная сям’я катэгарычна супраць. Тады герою дапамагае дзядуля. Памерлы.

4 месца ў «Дзюнкерка» Крыстафера Нолана зусім іншыя стасункі да смерці. Маштабная карціна пра эвакуацыю саюзнікаў падчас Другой сусветнай вайны засяроджваецца на пераплеценых гісторыях асобных людзей, калі ў кожнага свой час, свой боль — але адна агульная справа. Карціна была ў пракаце. 4 месца паводле папулярнасці.
3 месца ў стужкі «Тор: Рагнарок» — гэта коміксавыя прыгоды, дзе змешваецца скандынаўскі эпас, кампутарныя кінатэхналогіі і супергероі. Фільм Тайкі Вайціці, што быў у пракаце — падыходнае відовішча для падлеткаў. 3 месца.

2 месца. Стужку «Форма вады» Гійерма дэль Торы з нецярпеннем чакаюць кінаманы. 60-гады. Разгар халоднай вайны. Гераіня закахалася ў чалавека-амфібію, якога трымаюць у сакрэтнай лабараторыі... Гійерма дэль Тора запрашае ў чароўны і фантастычны свет.
1 месца пакуль займае фільм, які мы не пабачым. Гэта біяграфічная драма Джэймса Франка «Мастак-катастрофа» (The Disaster Artist). Затое ў спіну «катастрофе» прадказальна дыхаюць «Зорныя войны: астатнія джэдаі». Яны маюць рэйтынг 7.7 — і ў агульны спіс не трапілі. На сёння — гэта ўжо сама папулярная стужка 2017 года.
Калі самыя лепшыя карціны — пра людзей, іхнія стасункі, эмоцыі і прыгоды, то кепскія карціны – гэта нуда і непрыхаваная прапаганда.
Так адна з сама горшых стужак — пра дзейснага прэзідэнта. Фільм «Рэйс» прысвечаны кіраўніку Турцыі Рэджэпу Таіпу Эрдагану, ягонаму дзяцінству, ягонае барацьбе і ягонай кар’еры. Карціна мае рэйтынг 1.8 бала.
Другі кепскі фільм — таксама з Турцыі. Гэта камедыя «Кубалі Кэбэр». Яе дакладна мы не пабачым.

А вось стужку, якая ачоліла спіс самых дурных, беларусам прапаноўвалі. Фільм «Крым» пра украінскія падзеі 2014 года — як іх разумее расейскі тэлевізійнік і былы вайсковец Аляксей Піманаў — мае рэйтынг 1.1. Гэта адна з сама нізкіх лічбаў сайту. З усіх благіх стужак, якіх ацаніла не меньш за 1 000 чалавек, горшыя паказчыкі толькі ў двух дакументальных фільмаў пра спевака Джасціна Бібера.
На сайце IMDB няма размеркавання, як галасавалі за карціны жыхары тых ці іншых краін, але бачна, што стужкам — сваім і чужым — актыўна выстаўлялі ацэнкі амерыканцы. Зрэшты, на расейскіх кінапарталах з фільмам «Крым» таксама бяда.

Паказальна, што ў першапачатковы спіс высокарэйтынгавых стужак трапілі ўкраінскія «Кібаргі» (на сайце маюць 9.7 балаў; фільм — пра вайну на Данбасе). Але «Кібаргі» прайгралі іншым карцінам у папулярнасці. Беларускі пракат фільм абмінуў.