Не прапусціце свежы подых кіно!
Ужо сёння, 21 жніўня, адбудзецца чарговы паказ фестывалю Маладога беларускага кароткаметражнага кіно «Cinema Perpetuum Mobile», які ладзіць «БелКінаЛета СРМ–2015». Чакаем прарыў?
фота Ігара Чышчэні
Па вечарах пятніцы раз на два тыдні ў «чырвоным дворыку» за Нацыянальным гістарычным музеем адбываюцца прагляды ігравых, дакументальных, анімацыйных фільмаў ад сучасных беларускіх аўтараў.
Што цікавага можна ўбачыць на фестывалі?
Напрыклад, трэцяя фестывальная пятніца — 26 ліпеня — дазволіла шчыльна пазнаёміцца з творчасцю беларускага дакументаліста Ігара Чышчэні. Чацвёртая — 7 жніўня — была цалкам прысвечана ігравым кароткаметражным фільмам Сяргея Каласоўскага.
Ігар Чычшэня быў прадстаўлены пяццю дакументальнымі стужкамі, а таксама двума відэакліпамі. Адзін з фільмаў распавядае пра малавядомага беларускага паэта 1920–1930-х гадоў Віктара Казлоўскага, чый творчы лёс быў абарваны НКУС ды савецкай псіхіятрыяй у 1937 годзе.
Фільм «Подых балот» — гэта экалагічна ангажаваны сацыяльны фільм, прысвечаны сучаснай меліярацыі беларускіх балот ды побыту вясковых жыхароў на тых тэрыторыях. Структурна ў фільме можна вылучыць тры сэнсавыя блокі: тэкставая інфармацыя аб асушэнні беларускіх балот дзеля эканамічна стратнай галіны торфаздабычы; хараство ды прыгажосць беларускай багны; аповеды мясцовых жыхароў з бліжэйшых да меліяраваных тэрыторый вёсак пра іх лад жыцця, неад’емнай часткай якога было і ёсць балота ды збор журавінаў на тым балоце.
Але, па сутнасці, вострасацыяльная гісторыя падаецца як паэтычная замалёўка аб (часткова) страчаным харастве прыроды.
Фота Ігара Чышчэні
Сяргей Каласоўскі навучаецца ў Варшаўскай школе кіно. Прадстаўленыя ў праграме фільмы прэзентуюць хутчэй творчае развіццё ды сталенне, фармаванне аўтарскага выказвання. Пяць ігравых стужак «Письмо», «Мечтая о Мексике», «Пари», «Пугач» і «Шепоты и крики Тани Б.» паказваюць гэтае сталенне творчай думкі ў храналагічным парадку.
Што ёсць мастацкая праўда ў кінематографе? Гэта супадзенне мноства фактараў, увязаных адзін з адным, якія і фармуюць цэласнае ўспрыманне фільма. Гук, святло на пляцоўцы, колеры ў кадры, ракурс сцэны, мантаж, сцэнар, акторская ігра. Безліч фактараў, якія служаць толькі адной мэце — данесці пэўнае мастацкае выказванне аб рэчаіснасці, расказаць гісторыю праўдзіва. Найбольш складанае — у гэтым і праяўляецца сапраўдны талент рэжысёра — перанесці на экран характар. Кіно бывае з кепскім колерам ды кепскім гукам, з няўцямнай аператарскай працай, але ўсё гэта па вялікім рахунку толькі дапаможныя складнікі ў найвялікшай задачы кіно як мастацтва — паказаць драму характару.
Фільмы Сяргея маюць колер, аператарскую працу, мантаж, «дыханне» — чаргаванне гучных ды спакойных сцэн, акторскі ансамбль, музыку, але драматургія персанажаў усё яшчэ фармуецца, становіцца. Гэта не фільмы, у якія «верыш». Персанаж дзейнічае, развіваецца на працягу фільма, але табе — уважліваму гледачу — застаецца пачухаць патыліцу ды спытацца ва ўласнага паразумення: «І што, гэтак сапраўды бывае?!»
4-хвілінны эцюд «Письмо» распачаў праграму вечара. Цягнік, вёска, брэх сабак, снег. Чалавек (ролю выконвае музыка ды актор Ілля Чарапко-Самахвалаў) ідзе да хаты, ваколіцы якой іншы чалавек расчышчае ад снегу. Яны сустракаюцца позіркамі, ідуць у хату. Першы прамаўляе: «Мать умерла». Ягоны больш дарослы візаві прапаноўвае выпіць. Сын (як аказалася) устае ды прамаўляе поўны юначай агіды тост бацьку, п’е стопку гарэлкі, перадае яму перадсмяротны ліст ад маці ды выходзіць. Бацька маўкліва сядзіць на месцы. Сын па снезе сыходзіць у далячынь. Цітры.
«Письмо» выглядае як спроба стварыць у кадры напружаную драматычную сітуацыю. Назваць яе ўдалай складана. Не зразумелыя ні персанаж бацькі, адзіная рэпліка якога за ўвесь фільм — прапанова выпіць, ні прычыны такой празмернай эмацыйнасці сына — актор у фільме не выглядае такім ужо юнаком. Зрэшты, складана апісваць уражанні ад фільма, які, на жаль, не пакінуў аніякіх уражанняў. Уся прастата сюжэта ды ягоная эмацыйная кульмінацыя — прамова сына — пакідаюць у непаразуменні, не выклікаюць аніякага суперажывання.
Такія сюжэтныя неадпаведнасці ды штучнасці ўласцівы, на жаль, для бальшыні фільмаў аўтара, прадстаўленых у праграме.
Стужка «Шепоты и крики Тани Б.» вылучаецца з шэрагу. Зняты ў Мінску ў мікрараёне Уручча, фільм падобны на спробу дэпрэсіўнай змрочнай сацыяльнай драмы. Гэтая стужка пазбаўлена лінейнага сюжэта і выглядае хутчэй як нарэзка з жыцця нялёгкага ды гаротнага. Таня Б. — танцоўшчыца, прастытутка — гадуе свайго сына гадоў чатырох-пяці, сустракаецца ў кафэ са сваім былым мужам, бачыць кашмары аб усім чалавецтве, грае з сынам на піянінцы, ходзіць на ягоныя ранішнікі, едзе на працу ў Маскву ды просіць сына не забываць пра маці... У гэтым фільме ёсць персанаж, і ён — жывы, у адрозненне ад усіх вышэйапісаных вопытаў Каласоўскага. Гэта вялікі плюс фільма. Варта адзначыць жаданне стварыць змрочную атмасферу ў духу Дэвіда Лінча ў кашмарах Тані Б., хаця наўрад ці гэта ў поўнай меры атрымалася. Рэч у тым, што ігра актораў пакідае жадаць лепшага (нават Таня Б. далёка не ў кожнай сцэне выглядае пераканаўча), а таксама многія сцэны пакутуюць на недаробленасць. У цэлым гэта ўсё яшчэ спроба стварыць «арт-хаус». Адсылка ў назве да шэдэўра Інгмара Бергмана фільму на карысць не грае.
Гісторыя пра дзяцей «Пугач» (2015) адпраўляе гледачоў у 90-я гады. Халодная восень, калейка, дзеці гуляюць у «казакі-разбойнікі» на развалінах. Тут кожны мае шапку, як у 90-я, тут жуйка «Turbo» як аб’ект фетышу, тут самаробная стралялка пугач — усё гэта дастаткова ўдала пагружае ў атмасферу тых часоў. Дзеці бегаюць па непагадзі, тузаюцца, змагаюцца паміж сабой ды спазнаюць сапраўднае сяброўства і прынцыповасць. Кульмінацыя стужкі — нялёгкі маральны выбар — выратаваць флейту сябра ці стаць «вафлёй» да скону дзён... Фільм як кароткі ўспамін пра дзіцячую псіхатраўму. Бадай што кожны мае падобныя ўзгадкі з маленства, таму гэтая гісторыя будзе блізкая многім. Заснаваная на асабістых успамінах, яна чапляе не толькі за кошт спробы рэканструкцыі эпохі 90-х, але і ўніверсальнасцю самога сюжэта.
Па выніку, мы маем рэжысёра, у якога ёсць свая каманда, які дастаткова паспяхова засвоіў у Варшаве фармальныя аспекты кінематаграфічнага майстэрства, які няспынна развіваецца ад карціны да карціны.
Падсумоўваючы абодва вечары, варта канстатаваць — у Беларусі нараджаецца новае кіно. Яшчэ няма прарыўных фестывальных фільмаў, але, магчыма, дзякуючы такім мерапрыемствам, як «БелКінаЛета СРМ–2015», у бліжэйшай будучыні мы пабачым бліскучыя фільмы ад беларускіх аўтараў, чыё сусветнае прызнанне мае пачацца на роднай зямлі.
Нагадваем, наступны паказ адбудзецца ўжо сёння, 21 жніўня.