Святая прыгажосць

У Нацыянальным мастацкім музеі адчынілася ўнікальная выстава — “Адкрыццё святой прыгажосці.

Экспануецца дзясятак старых беларускіх абразоў, вернутых да жыцця рэстаўратарамі музея — Сяргеем Шацілам, Святланай Дзікуць, Дзмітрыем Карліонавым.



0d5bd023a3ee11c7abca5b42a93c4866.jpg

У Нацыянальным мастацкім музеі адчынілася ўнікальная выстава — “Адкрыццё святой прыгажосці.
Экспануецца дзясятак старых беларускіх абразоў, вернутых да жыцця рэстаўратарамі музея — Сяргеем Шацілам, Святланай Дзікуць, Дзмітрыем Карліонавым.
Унікальнасць экспазіцыі ў тым, што цягам стагоддзяў творы беларускага рэлігійнага мастацтва ў выніку шматлікіх інтэрвенцый ворагаў і іх умяшальніцтва ў царкоўнае жыццё Беларусі падлягалі амаль татальнаму знішчэнню. Вось і экспанаваныя абразы прарокаў і апосталаў з галоўнага іканастасу Жыровіцкага манастыра ацалелі амаль цудам. Створаныя яны, як давёў польскі даследчык Войцэх Баберскі па матэрыялах архіва манастыра, захаваных у бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта, у 1732–1733 гадах. Зберагліся кантракты пінскага біскупа Георгія Булгака са сніцарамі (разьбярамі) Пятром Пжэлускім і Францішкам Пшэтульскім на выкананне разьбянога атачэння ікон, размешчаных у тры ярусы да самых зводаў царквы.
Але і сёння Руская праваслаўная царква, якая лічыць Беларусь сваёй “кананічнай тэрыторыяй, упарта змагаецца супраць нацыянальнага беларускага мастацтва ў прысабечаных ёй храмах, асабліва калі гэта мастацтва — уніяцкае, як у выпадку з жыровіцкімі абразамі.
Гэтым разам “развод царквы і беларускай дзяржавы адбыўся больш-менш цывілізавана. Царква атрымала сродкі на рамонт кляштара і замяніла старасвецкую прыгажосць на тое, што яна лічыць кананічным (сучасныя работы, выкананыя ў мёртвай псеўдамаскоўскай стылістыцы), а шэдэўры мастацтва дасталіся Музею. Безумоўны плюс у тым, што яны захаваюцца, і іх убачаць значна больш сапраўдных аматараў прыгожага.
З мясцовага, апостальскага і прарочага чыноў жыровіцкага іканастаса музею ў 2009 годзе перададзены 7 абразоў, на выставе экспануюцца 4 — парная ікона прарокаў і тры дошкі з выявамі апосталаў. Творы гэтыя ўнікальныя тым, што адлюстроўваюць стылёвую эвалюцыю беларускага іканапісу ў першай палове XVIII стагоддзя. Напісаныя на тонкай хваёвай дошцы па тонкім ляўкасе, яны пазбаўлены традыцыйнага для ранейшага часу разьбянога арнаменту па залочаным фоне. Рэнесанснай іканаграфіі і вытанчанай тэхніцы еўрапейскага жывапісу эпохі барока адпавядаюць рэалістычныя фоны з жывым адлюстраваннем нябёсаў.
Апрача жыровіцкіх твораў гледачам прадстаўлены два выключныя шэдэўры — “Маці Божая і “Спас з вёскі Галынка на Міншчыне — работы якраз з тыповым для нацыянальнай іканапіснай школы XVII стагоддзя разьбяным арнаментам залатых фонаў. І некалькі рэлігійных карцін на палатне, для зберажэння якіх аснову жывапісу даводзілася дубляваць, ратаваць краі палотнаў, пераносіць аўтарскі жывапіс на больш трывалы матэрыял, расчышчаць пазнейшыя запісы і бруд. Тым і цікавыя рэстаўрацыйныя выставы, што яны паказваюць увесь аб’ём цяжкай працы, патрэбнай для вяртання твораў экстра-класа з фізічнага небыту.