Тэйлар Сьвіфт: у чым фэномен Чалавека году-2023?

Сёньня народзіны адзначае амэрыканская сьпявачка, уплыў якой узрастае з кожным годам. Тыдзень таму часопіс «Time» прызнаў яе чалавекам году. Папярэдні ляўрэят – Зяленскі, а перад ім – Маск і Байдэн. Яна насамрэч такая крутая?

Тэйлар Сьвіфт. Фота: АР

Тэйлар Сьвіфт. Фота: АР

Што гэта за ўзнагарода?

«Чалавек году па вэрсіі «Time» — гэта штогадовы выпуск амэрыканскага інфармацыйнага часопісу «Time», які паказвае чалавека, групу, ідэю або аб'ект, які «да лепшага ці да горшага найбольш паўплываў на падзеі году».

Традыцыя абраньня «Чалавека году» пачалася ў 1927 годзе, калі рэдактары «Time» разглядалі асобаў, якія ўплывалі на навіны цягам усяго году. Ідэя была таксама спробай выправіць рэдакцыйную зьбянтэжанасьць, калі выявілася, што на вокладцы часопісу за год не было лётчыка Чарльза Ліндбэрга пасьля ягонага гістарычнага трансатлянтычнага палёту. Напрыканцы году было вырашана, што вокладка з Ліндбэргам у якасьці Чалавека году будзе служыць абедзьвюм мэтам.

За гэты час «да лепшага ці да горшага найбольш паўплываць на падзеі году» пасьпелі ў тым ліку Адольф Гітлер у 1938 годзе, Сталін у 1939 і 1942 гадах, амаль усе амэрыканскія прэзідэнты, Папа Ян Павал ІІ у 1994 годзе, Элізабэта ІІ у 1952 годзе і гэтак далей.

Як у сьпісе, дзе звычайна знаходзяцца дзяржаўныя дзеячы і вынаходнікі, першы раз зьявілася сьпявачка?

Хто такая Тэйлар Сьвіфт

У 2019 годзе Тэйлар Сьвіфт была названая выканаўцай дзесяцігодзьдзя на American Music Awards і жанчынай дзесяцігодзьдзя па вэрсіі «Billboard». Яна атрымала 12 узнагародаў «Грэмі», прэмію «Эмі», 34 прэміі «American Music Awards», 29 прэміяў «Billboard Music Awards» і 98 запісаў у Кнізе рэкордаў Гінэсу. Акрамя таго, яна першая жанчына, якая тройчы атрымала намінацыю «Альбом году» на «Грэмі», і толькі чацьвёртая музыка, якой гэта ўдалося.

Трэба памятаць, што Тэйлар Сьвіфт ня стала гераіняй за адну ноч. Ейны дэбютны альбом выйшаў у 2006 годзе. На раньнім этапе кар'еры яна вельмі ўважліва ставілася да таго, як стварае імідж свайго брэнду. Напрыклад, да нядаўняга часу Тэйлар Сьвіфт імкнулася не абмяркоўваць палітыку, яна не выказвалася на дыскусійныя і спрэчныя тэмы. Тэйлар Сьвіфт зьвярталася да разнастайнай і шырокай аўдыторыі, рабіла гэта, каб ня страціць частку гэтай аўдыторыі. Аднак па меры сталеньня Сьвіфт стала больш упэўнена выказваць тое, што думае на разнастайныя тэмы.

Сама Тэйлар Сьвіфт казала, што перш за ўсё лічыць сябе аўтарам песьняў. «Я пішу песьні, і мой голас — гэта проста спосаб перадаць гэтыя тэксты», — сказала яна« The New Yorker» у 2011 годзе. На працягу ўсёй кар'еры яе пастаянна хвалілі за здольнасьці распавядаць гісторыі.

Крыніца: TaylorSwiftVEVO [ youtube ]

Тэйлар Сьвіфт уважліва сочыць за сваімі прыхільнікамі ў сацыяльных сетках. Першапачаткова гэта былі аматары кантры ці кантры-поп музыкі. Але, зьмяняючы жанры на працягу сваёй кар'еры, яна заваявала сэрцы аматараў поп і індзі-музыкі.

Тэйлар Сьвіфт вядомая тым, што робіць асаблівыя сюрпрызы сваім адданым прыхільнікам. Напрыклад, яна рассылае ім асабістыя паведамленьні і падарункі на сьвяты. Нягледзячы на тое, што немагчыма даслаць паведамленьне кожнаму зь яе мільёнаў фанаў, яна час ад часу робіць гэта.

Акрамя таго, у якасьці іншага прыкладу, у Тэйлар Сьвіфт была праграма ўзнагароджаньня «Таемныя Сэсіі»: вечарына з праслухоўваньнем альбомаў, якую арганізавала сама Сьвіфт у сябе дома. Там было хатняе печыва, прыгатаванае ёю. Такім чынам, некаторыя зь яе адданых фанатаў маглі тусавацца ў доме Тэйлар Сьвіфт і атрымліваць асалоду ад яе альбому з самой Тэйлар Сьвіфт, перш чым альбом выйшаў.

Магчыма, самым пасьпяховым выкарыстаньнем сацыяльных сетак Тэйлар Сьвіфт зьяўляецца тое, што яна закрыла ўсе свае акаўнты ў сацсетках у 2017 годзе, а затым пачала зьмяшчаць там фатаздымкі зьмей. Гэта, натуральна, стварыла элемэнт таямніцы. Пасьля гэтага яна анансавала новы альбом.

Праблема з правамі на музыку? Сьвіфт вышэй за гэта

Вядомы факт, што Тэйлар Сьвіфт мела праблемы са сваім былым гуказапісвальным лэйблам наконт права ўласнасьці на ейныя песьні. Што вырашыла зрабіць Тэйлар? Яна зараз перазапісвае свае першыя шэсьць альбомаў. Вядома, шмат якія выканаўцы і раней перазапісвалі свае альбомы для права ўласнасьці, аднак ніхто не дасягнуў посьпеху Сьвіфт.

Новыя вэрсіі альбомаў «Fearless» і «Red» сталі настолькі папулярнымі і пасьпяховымі, што пераўзышлі посьпех старых вэрсіяў 2008 і 2012 году. Аднак яна ня толькі перазапісала свае старыя песьні, але і дадала больш песьняў для слухачоў, якія першапачаткова напісала для тых альбомаў, але выразала.

Гэта ня першы раз, калі Сьвіфт выступае ў абарону сваёй музыкі. У 2015 годзе яна напісала адкрыты ліст «Apple», у якім выказала сваю непрыязнасьць да таго, што Apple Music прапануе абанэнтам трохмесячную бясплатную пробную вэрсію. Яна сказала, што яна і іншыя артысты заслугоўваюць аплаты за сваю працу. Пасьля заявы Сьвіфт «Apple» зьмяніў сваю палітыку і плаціць выканаўцам за музыку, трансьляваную падчас пробнага пэрыяду.

Крыніца: Taylor Swift - Topic [ youtube ]

Сацыялачка

Апошнія некалькі гадоў яна стала больш займацца сацыяльнымі праблемамі. Тэйлар Сьвіфт даволі часта гаворыць пра тое, што ў музычнай індустрыі да жанчынаў ня ставяцца раўназначна з мужчынамі. Паколькі яна таксама сутыкнулася з такой жа няроўнасьцю, Сьвіфт напісала некалькі песьняў пра жорсткае абыходжаньне з жанчынамі ў індустрыі забаваў.

Сьвіфт таксама выпусьціла песьні, у якіх абмяркоўвае нянавісьць, якую яна атрымала ад СМІ. Акрамя таго, Тэйлар Сьвіфт выступае за правы ЛГБТ. Тэйлар таксама ўдзельнічала ў Маршы кабетаў у 2017 годзе, руху Black Lives Matter і MeToo.

Вядома, такая актыўная грамадзянская пазыцыя ў наш час ня можа застацца без шырокага кола ўзнагародаў і публічнага прызнаньня.

Фэномен

Гэта можа шакаваць, але на два канцэрты, якія маюць адбыцца ў пачатку 2024 году ў Аўстраліі, у папярэднім продажы квіткі спрабавалі набыць каля 4 мільёнаў чалавек.

Сусьветны тур «Eras». Канцэрт у Пітсбургу. Фота: АР

Сусьветны тур «Eras». Канцэрт у Пітсбургу. Фота: АР

Сусьветны тур «Eras», які налічвае 131 выступ, павінны стаць самым прыбытковым канцэртным турам усіх часоў, калі ён скончыцца ў 2024 годзе. Аналітыкі мяркуюць, што тур таксама будзе мець агульны эканамічны ўплыў у памеры 5 мільярдаў даляраў у гарадах, якія прымаюць канцэрты. Нават Федэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША адзначыла ўплыў яе турнэ на рэгіянальную эканоміку.

Дакумэнтальны фільм-канцэрт, прысьвечаны ейнаму туру, які выйшаў у кінатэатрах 2 месяцы таму, на сёньня назьбіраў больш за 250 мільёнаў даляраў збораў. А гэта дазваляе гэтай стужцы быць на 288 месцы за ўсю гісторыю кіно па агульных зборах у ЗША.

Тэйлар як курс ва ўнівэрсітэтах

Сусьветны тур «Eras». Афіша

Сусьветны тур «Eras». Афіша

Прафэсар Ханна Ўінг з унівэрсітэту Вічыта тлумачыла папулярнасьць Сьвіфт інтымнасьцю ў ейнай музыцы, якая культывавала «пачуцьцё блізкасьці». Па словах Скарлет Кіз, прафэсара напісаньня песьняў у Музычным каледжы Бэрклі, Сьвіфт «зьмешвае паэзію з вельмі гутарковай сучаснай мовай» і часта выкарыстоўвае паэтычныя прыёмы, але таксама ўмее быць «практычнай».

Брытанскі навуковец Джонатан Бэйт назваў Сьвіфт «сапраўднай паэткай» і пазытыўна параўноўваў яе з такімі літаратарамі, як Уільям Шэкспір, Эрнэст Хэмінгуэй, Шарлота Брантэ і Эмілі Дыкінсан, і напісаў, што ў яе ёсьць «літаратурная чуласьць», якой не хапае іншым поп-зоркам.

Стэфані Бэрт, прафэсарка ангельскай мовы ў Гарвардзкім унівэрсітэце, выказала меркаваньне, што навыкі напісаньня песьняў Сьвіфт сустракаюцца рэдка: «як на макраўзроўні напісаньня песьняў — паказ гісторыі ці ідэі, так і на мікраўзроўні падгонкі галосных і зычных».

Розныя вышэйшыя навучальныя ўстановы прапануюць бакалаўрскія і факультатыўныя курсы, прысьвечаныя Сьвіфт. Напрыклад, каб вывучыць шматгранны ўплыў Сьвіфт, унівэрсітэт у Блюмінгтане правёў трохдзённую акадэмічную канфэрэнцыю ў 2023 годзе, а ўнівэрсітэт Мэльбурну зьбіраецца прыняць Сьвіфтпозіюм у 2024 годзе, міжнародны сімпозіюм, арганізаваны навукоўцамі з унівэрсітэтаў Аўстраліі і Новай Зэляндыі, якія займаюцца навуковымі дасьледваньнямі Тэйлар Сьвіфт.

На сёньня каля 20 унівэрсітэтаў у сьвеце маюць адпаведныя курсы. Іх колькасьць, відавочна, будзе расьці. Некалі і ў БНТУ, БДУ і аграрным унівэрсітэце Беларусі можна чакаць спэцыялізацыі «сьвіфтазнаўца».

Крыніца: White Rabbit Mix [ youtube ]

Зрэшты, калі вам падаецца, што ў нейкі год Нобэлеўская прэмія міру, узнагарода «Чалавек года па вэрсіі часопіса «Time», прэмія Гедройця альбо прэмія беларускіх праваабаронцаў па журналістыцы прысуджаная не таму чалавеку — гэта выключна вашая праблема. Любы чалавек можа заснаваць уласную прэмію і даць яе каму пажадае.

Ну а мы павіншуем Тэйлар Сьвіфт з народзінамі!