Лідар гурта, песні якога прызналі «экстрэмісцкімі», распавёў пра пераслед за творчасць
Песні гомельскага гурта «Дети хрущёвок» больш за паўгода таму былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Лідар гурта Ян Дворак прыгадвае 2020 год, грамадскія пратэсты, затрыманне, суд і ўцёкі з Беларусі.
У красавіку гэтага года тры песні і сацсеткі гомельскага гурта «Дети хрущёвок» былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Праз месяц за «распаўсюджванне» ўласных песень былі арыштаваны пяць музыкаў. Лідар і вакаліст гурта «Дети хрущёвок» Ян Дворак распавёў «Вясне» пра тое, як іх творчасць прыраўнялі к «экстрэмізму», затрыманне, «суткі» ў гомельскім ізалятары і сувязь з «TOR BAND».
«Праз год, калі мы знайшлі сябе, пачаліся падзеі 2020 года»
Гурт «Дети Хрущёвок» узнік у 2019 годзе на Гомельшчыне, распавядае Ян:
«Першапачаткова гэта было хутчэй нават не хобі, а нестандартнае захапленне ў вольны час. Асабіста я музыкай даўно займаўся, а хлопцы вырашылі для сябе паіграць. То-бок у планах не было выбівацца на вялікую сцэну. Праз год, калі мы ўжо больш-менш сыграліся, знайшлі сябе, пачаліся падзеі 2020 года... Відавочна, мы пачалі на іх звяртаць сваю ўвагу. А пазней мы сталі на Гомельшчыне крыху вядомымі».
Сам Ян нарадзіўся ў Светлагорску, з юнацтва граў у розных музычных гуртах. Любоў да музыкі ў хлопца перадалася ад бацькі. Калі Ян паступіў ва ўніверсітэт у Гомелі, то пазнаёміўся з мясцовымі музыкамі. Хлопец дзеліцца, што яму вельмі падабалася тое, чым ён займаўся, але планы займацца музыкай у Беларусі змяніла рашэнне суда Цэнтральнага раёна Гомеля вясной 2023 года.
11 красавіка тры песні гурта «Дети Хрущёвок» — «2020»; «Таракан (Демо)»; «Папиццот» — былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Акрамя песень, «экстрэмісцкімі»
прызналі суполку «ВКонтакте», Youtube-канал, старонку ў Instagram «Дети
Хрущевок». Таксама ў спіс патрапіла і асабістая старонка Яна «ВКонтакте»
— «Юзеф Пілсудський».
Аўтарам названых «экстрэмісцкіх» песень з'яўляецца Ян. Ён распавёў гісторыю іх напісання:
«Таракана» я напісаў, калі яшчэ з хлопцамі не іграў. Тады я запісаў акустычную дэма-версію, якую па выніку цяпер і прызналі «экстрэмісцкай». Самае цікавае, што асноўную версію гэткай не прызналі [смяецца]. Першапачаткова песня «2020» не была ні пра якія палітычныя справы — гэта было такое неардынарнае віншаванне з Новым годам нашых слухачоў. Там і пра каронавірус, і пра пратэсты, і пра ўсё на свеце, што было ў 2020 годзе. На мінулы Новы год мы таксама запісвалі віншавальную песеньку. Проста 2020 год быў вельмі насычаным. Што тычыцца песні «Папиццот», то яна таксама не была першапачаткова палітычнай. Там з палітычнага толькі прыпеў і назва».
«Я не шарю в политике и в неё не лезу,
Не ношу косухи, не люблю ирокезы.
Я обычный мужик, работяга с завода,
я пашу на зарплату — дайте же хлеба и водки.
И будет папиццот!» — спяваюць «Дети Хрущёвок».
«Адвакат сказаў, што супраць нас сто адсоткаў узбудзяць справу»
Пра тое, што тры песні і сацсеткі гурта прызнаны «экстрэмісцкімі», хлопцы дазналіся выпадкова — знаёмы скінуў Яну пост у Instagram гомельскага актывіста Іллі Міронова, дзе ён напісаў пра гэта. На суд удзельнікаў гурта не выклікалі і аб выніках не апавяшчалі.
«Я адразу не паверыў у гэта — чаму гэта раптоўна нас прызналі «экстрэмістамі»?! Мы не настолькі папулярныя, каб нам надаваць столькі ўвагі. Я зайшоў на гэты сайт — сапраўды! І нават маю асабістую старонку «ВК» прызналі. Мы з хлопцамі сабраліся ў той жа вечар, каб абмеркаваць усе гэтыя справы. Было шмат думак, нават да таго, каб усім адразу садзіцца на нейкі мікрааўтобус і з'язджаць з краіны. Але хлопцы сказалі крыху пачакаць, каб паглядзець, як сітуацыя будзе развівацца. На мне неяк не спрацоўвалі гэтыя супакаенні, таму мы паехалі да адваката. Першы адвакат нам адмовіў, бо «экстрэмізм» і палітычная справа. Мы распавялі яму нашу сітуацыю і папрасілі распавесці, што нам пагражае. Але другі адвакат нам дапамог нават бясплатна. Гэта было нават ананімна. Ён расклаў усё па палічках, якія працэсы могуць пачацца і якую ўвагу мы можам прыцягнуць да сябе. Адвакат сказаў, што супраць нас сто адсоткаў узбудзяць справу, толькі пытанне ў артыкуле. Але і тут хлопцы сказалі, што не гатовы пакуль зрывацца. Я ж прытрымліваўся таго, што трэба з'язджаць з краіны...»
«Раніцай пачулі, як да нас у кватэру настойліва грукаюцца ў дзверы»
У гэты час хлопцы выдалілі свае «экстрэмісцкія» песні з розных пляцовак у інтэрнэце. Аднак гэта не ўратавала музыкаў ад затрымання.
«Раніцай 2 траўня мы з дзяўчынай пачулі, як да нас у кватэру настойліва грукаюцца ў дзверы. Мы нават трошкі напужаліся. Але я адразу зразумеў, што адбываецца... Я ціха падышоў да вочка ў дзвярах і ўбачыў там трох мужчын у цывільным. Мы вырашылі не адчыняць ім дзверы. Падумалі, што яны сыдуць, а мы ў гэты час хутка збяжым ці прыдумаем штосьці іншае. У агульны чат гурта я напісаў пра тое, што адбываецца, і папярэдзіў іх, каб яны былі асцярожнымі. Але ўжо ў той момант усіх хлопцаў, акрамя Віталя Саламажэцкага, затрымалі. Некаторых нават затрымліваў АМАП са шчытамі і дубінкамі — цэлая спецаперацыя была».
Тое, што Ян пісаў у чаце гурта, чыталі міліцыянты.
«Яны ведалі, што я дома. Таму міліцыянты пачалі ціснуць псіхалагічна, каб я адчыніў дзверы: крычалі праз дзверы, што зараз будуць маю маці выклікаюць, ламаць дзверы і г.д. Але пакуль гэта адбывалася за маімі дзвярыма, я паспеў выдаліць усе непатрэбныя файлы з камп'ютара, адкаціць тэлефон да завадскіх наладаў, схаваў і выкінуў усё, што было з сімволікай. Праз некаторы час мы адчынілі ўсё ж такі ім дзверы. Калі яны зайшлі, то міліцыянт запатрабаваў выдаць усю тэхніку і сімволіку. Потым ён сказаў: "Калі б ты адчыніў раней, то ўжо быў бы дома". Гэта быў намёк на тое, што зараз з'езджу з імі і яны мяне адпусцяць. Я паверыў на слова».
«Не лезь в политику, ты там ничего не изменишь!»
У выніку Яна і дзяўчыну даставілі ў РАУС Савецкага раёна Гомеля.
«Гэта было ўжо а 20-й гадзіне вечара. Усе хадзілі злыя і стомленыя. Са мной размаўлялі і складалі пратакол каля дзвюх гадзін. У хуткім часе адпусцілі маю дзяўчыну. Я за гэта больш за ўсё хваляваўся, бо яна была ні пры справах наогул. Міліцыянт палазіў у яе тэлефоне і правёў з ёй гутарку, сказаўшы ў тым ліку: "Не лезь в политику, ты там ничего не изменишь!"
Калі міліцыянт складаў пратакол, то самым цікавым было тое, як ён пры мне слухаў нашы песні і глядзеў відэа са мной. Ён усё да канца даслухваў — падабалася, ці што».
На пяцярых хлопцаў склалі пратаколы паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Яну хацелі яшчэ паставіць у віну арт. 19.10 КаАП («Публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі»).
«У мяне на ноўтбуку быў наклеены стыкер — сябры пажартавалі і прыфаташопілі мне нацыскую форму. Гэта проста прыкол быў».
Таксама міліцыянт даў Яну Крымінальны кодэкс і сказаў адкрыць артыкулы 368 КК («Абраза Лукашэнкі») і 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Ён сказаў, што калі знойдуцца доказы, то супраць хлопца будзе ўзбуджана крымінальная справа.
На суткі да суда ўсіх удзельнікаў гурта змясцілі ў ізалятары.
«Калі мяне павялі, то міліцыянт сказаў, што не будзе надзяваць кайданкі, калі я нічога не выкіну. І тут пасля асабістага дагляду мяне заводзяць у камеру, дзе сядзяць мае хлопцы, і я ім кажу: "Ну, добры вечар!" Мы змаглі абмеркаваць, як каго затрымлівалі, ці білі каго — дзякуй богу, абышлося без гэтага».
«Калі б тады не прызнаў віну, было б яшчэ горш»
Трэцяга траўня музыкаў павезлі на газелі на суды пад канвоем.
«Калі нас выводзілі з машыны ў суд, то звычайныя мінакі здымалі нас на тэлефоны. Тады канваіры пачалі пагражаць ім, каб яны выдалілі відэа, «калі не хочуць пайсці па такім жа артыкуле, як і мы».
На суд першым вырашыў пайсці Ян, як аўтар песень. Яго справу разглядаў суддзя суда Савецкага раёна Андрэй Лагуновіч.
«Я адразу прызнаў віну і сказаў, што «был молод и глуп».
Я перакананы, што калі б тады не прызнаў віну, было б яшчэ горш. Я зразумеў,
што лепей рабіць тое, што хочуць гэтыя структуры, тады яны бачаць, што ты
нібыта выправіўся. Я выбачыўся, але тады злавіў сябе на думцы, што «пакаяльнае
відэа» я бы ўжо не стаў запісваць, бо ўпаў бы ў сваіх вачах».
У выніку лідару гурта прызначылі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Астатніх музыкаў арыштавалі на пяць і сем сутак.
«Па нашым артыкуле не прадугледжаны матрацы, а толькі два жалезныя ложкі і голыя сцены»
Пасля суда хлопцаў завезлі адбываць «суткі» ў гомельскі ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Міжгародняя.
«Калі нас толькі прывезлі, то пры афармленні прама сказалі, што па нашым артыкуле не прадугледжаны ні матрацы, ні падушкі, ні пасцельная бялізна, а толькі два жалезныя ложкі і голыя сцены. У двухмеснай камеры нас трымалі ад чатырох да сямі чалавек. Дазвалялі адну перадачу падчас усяго арышту. На дзень — з 6 да 22 — забіралі курткі, а ў траўні яшчэ было халодна. Было трохразовае, так бы мовіць, харчаванне. Пасля кожнага прыёму ежы — «шмон» (ператрус у камеры). Спалі як прыйдзецца: хто на ложку, хто пад ложкам, хто на падлозе, хто ў абдымку. Па начах нас будзілі. Адразу я думаў, што нас падымаюць, каб праверыць, ці ўсе на месцы, а потым мне хлопцы растлумачылі, што гэта робяць для таго, каб мы не спалі.
З хлопцамі нас змяшчалі ў адну камеру. Праўда, часам мяшалі паміж сабой, але агулам мы адзін аднаго заўсёды бачылі. І нам пашанцавала, бо мы прыдумлялі розныя забавы. Мы тая кампанія, хто нават з турмы зробіць цырк. І толькі трое сутак я сядзеў без сваіх хлопцаў».
«Пачаў пераходзіць на пагрозы, накшалт таго, што я магу ніколі з ізалятара не выйсці»
Ян адзначае, што стаўленне з боку супрацоўнікаў ІЧУ мянялася ў залежнасці ад змены. Ён узгадвае, што супрацоўнікі стараліся хаваць твары.
«Была дзяўчына сярод супрацоўнікаў, якая нібыта пасля вучобы прыйшла. Дык яна да нас боязна і паважліва ставілася — і лекі прыносіла, і выконвала нашы просьбы. Хутчэй была як афіцыянтка, а не як надглядчыца. Але былі і тыя, хто мог і па нагах пабіць пры аглядах, і накрычаць на нас».
Да хлопцаў з гурта ў ІЧУ на размову прыязджаў супрацоўнік нейкага ведамства — Ян мяркуе, што гэта быў супрацоўнік КДБ. Яго цікавіла, ці хадзілі яны на акцыі пратэсту і іншая палітычная актыўнасць.
«Пры размове ён адразу стараўся быць нейкім сябрам: тыпу ты мне ўсё распавядзі, а я табе дапамагу. Але ён мне не спадабаўся, таму з ім я размаўляў безуважна. Калі ён зразумеў, што я не хочу з ім весці дыялог, то пачаў пераходзіць на пагрозы, накшалт таго, што я магу ніколі з ізалятара не выйсці».
«Прысутнічаў страх, што і мы можам пайсці ўслед за «TOR BAND»
Гэта не адзіны выпадак пераследу музыкаў з Гомельшчыны. Напэўна, самай гучнай справай наогул у Беларусі з'яўляецца справа гомельскага гурта «TOR BAND». У Гомельскім абласным судзе 31 кастрычніка 2023 года лідару і вакалісту Дзмітрыю Галавачу прызначылі дзевяць гадоў зняволення, бубначу Яўгену Бурло — восем гадоў калоніі, а бас-гітарысту Андрэю Ярэмчыку — сем з паловай гадоў калоніі.
Па іроніі лёсу адзін з удзельнікаў гурта «Дети Хрущёвок» з'яўляецца сваяком бас-гітарыста «TOR BAND».
«Так атрымлівалася, што мы пару разоў на іх інструментах ігралі. Завочна мы знаёмы гуртамі. Мы ведалі іх гісторыю, іх затрымалі за паўгода да нас, таму ў нас прысутнічаў страх, што і мы можам пайсці ўслед за «TOR BAND»... Песні ў нас вельмі падобныя, толькі яны былі нашмат больш вядомыя. Думаю, роль сыграла гэтая папулярнасць».
Праз два дні пасля адбыцця «сутак» Ян пакінуў Беларусь. У хуткім часе ён дазнаўся, што супраць яго ўзбудзілі дзве крымінальныя справы — за «абразу Лукашэнкі» і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».