Падарунак рэжымніку: Тое, з чым не справіцца дыктатура

Яшчэ адзін голас, гэтым разам бразільскай літаратуры, дапамагае разабрацца ў злочынах дыктатуры і давесці свету, што нават калі вынішчаныя архівы і забітыя сведкі, усё адно застаюцца сведкі ці «сведкі сведак», а яшчэ застаюцца тыя, хто чакае, хто яшчэ тут і памятае пра зніклых і загубленых.

Марсэла Рубенс Пайва

Марсэла Рубенс Пайва

З гэтым не справіцца ніводнай дыктатуры — з упартым чаканнем родных, каханых, з нянавісцю чакання да рэжымнікаў і мацатой і любоўя чакання ў бок схопленых, арыштаваных па прычыне іншадумства.
У дакументальным рамане «Я яшчэ тут» (Ainda estou aqui) бразільскі пісьменнік і драматург Марсэла Рубенс Пайва піша пра бразільскую дыктатуру 1964-1985 гадоў не проста праз кур'ёз, а таму, што яна скрала і забіла ягонага бацьку. І ў назве «Я ячшэ тут» хаваецца не толькі пасланне ягонага ўласнага чакання весткі пра бацьку, ад бацькі, якая прыйдзе толькі трыццаць год счакаўшы, але і пасланне чакання і змаганне за праўду ягонай маці. Зрэшты, «я яшчэ тут» — гэта таксама голас забітага апазіцыянера, які дзякуючы памяці застаецца тут, сярод жывых у чаканні суда і справядлівасці.
Бацька пісьменніка і герой кнігі — Рубенс Пайва (імя сына і аўтара кнігі — Марсэла Рубенс Пайва), дэпутат-сацыяліст, які крытыкаваў дыктатуру і дапамагаў пацярпелым, быў схоплены ў 1971 годзе, закатаваны, забіты, закапаны, потым выкапаны і выкінуты ў акіян, каб цела дакладна не знайшлі. Пра гэта, праўда, сям'я даведаецца толькі ў 2014 годзе, калі Нацыянальная камісія праўды раскрые архівы і прымусіць гаварыць былых калабарантаў рэжыму.
У цэнтры кнігі гісторыя ягоных бацькоў — зніклага ці дакладней забітага дыктатурай бацькі і засталай чакаць яго жонкі. Насамрэч, Юніс Пайва, маці пісьменніка і жонка забітага палітыка — цэнтральная фігура кнігі. У чаканні мужа і з пяцьмі дзецьмі на руках яна не здалася. Яна пайшла вучыцца, стала юрысткай, вядомай абаронцай правоў карэннага насельніцтва, а таксама змагаркай супраць ваеншчыны. Яе арыштоўвалі, але, на дзіва, не забілі. Яна ніколі не плакала перад камерамі журналістаў і стала адным з сімвалаў змагання з дыктатурай. І яна дачакалася падзення дыктатуры і адкрыцця праўды пра забойства мужа. Нацыянальная камісія праўды адкрыла жудасныя звесткі — больш за 434 забітых апазыцыянераў і дзясяткі тысячаў катаваных, знявечаных, траўмаваных.

vokladki_knihi.jpg


Але кніга на гэтым не завяршаецца, яшчэ адна важная і страшная тэма паўстае ў ёй — хвароба Альцгеймера, на якую захварэла маці пісьменніка. Пасля ўсёй жуды дыктатуры 1964-1985 гадоў мозг Юніс Пайвы нібыта захацеў забыць пра ўсё. У звязку з гэтым пісьменнік параўноўвае сучаснае бразільскае грамадства ды ўвесь свет, які так хутка забывае пра крыўды і злочыны, з хваробай, якая атакавала маці. Пісьменнік крытыкуе некаторых сучасных палітыкаў, у тым ліку дзейнага прэзідэнта, які кажа пра «моцную руку», «моцную Бразілію» і пра «ўзмацненне войска» ў жыцці краіны. Марсэла Рубенс Пайва, сын палітыка, які быў забіты сілавікамі былой дыктатуры, нагадвае, да чаго вядуць такая слепата і вера ў моцную руку. У рамане часта ўсплывае цытата Нацыянальнай камісіі праўды — «мы маем права на памяць і праўду». У кантэксце хваробы маці фраза чытаецца дваяка: гэта і права нацыі ведаць праўду пра злочыны рэжыму, і права на памяць адной жанчыны, якая пачала губляць яе ў звязку з хваробай.

Маці пісьменніка

Маці пісьменніка

У 2018 годзе памерла маці, але ён застаецца «яшчэ тут» і працягвае пісаць, выступаць, ставіць п’есы з пастаяннай нагадкай пра тое, што адбывалася яшчэ зусім нядаўна.
Такім парадкам, гэты бразільскі голас зразумелы ва ўсіх кутках планеты, дзе была ці існуе дасюль дыктатура. Да ўсяго гэта кніга пра памяць, ейную адсутнасць ці нават пра ейную паступовую страту як на роўні ўсёй краіны, так і на прыкладзе хворай на Альцгеймера маці. Але заўсёды застаюцца тыя, хто яшчэ тут, помніць усё, помніць інакш, чым большая частка краіны, навучаная хлуснёй, і сведчаць пра тое, што так не даспадобы жывым ці збеглым дыктатарам, іх паслядоўцам і ўсім ачмурэлым ад дыктатуры.