Топ-10 фільмаў Бары Левінсана, рэжысэра знакамітага «Чалавека дажджу»
Шаноўны Бары адзначае сёньня 82-гі дзень народзінаў. У гэтым паважным узросьце ён не сядзіць на месцы, а рыхтуе новыя прэм’еры стужак на гэты і наступны год. Яго ўлюбёнымі акторамі за кар’еру зьяўляюцца Аль Пачына і Робэрт Дэ Ніра. Разам яны наздымалі шмат шыкоўных фільмаў. Мы падрыхтавалі сьпіс з дзесяці найлепшых. Прыемнага прагляду!
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Што толькі што здарылася (What Just Happened). 2008
Сатырычны фільм Бары Левінсана пагружаецца ў хаатычны і часта абсурдны сьвет галівудзкай кінавытворчасьці. Ён фіксуе вар'яцтва і асаблівасьці індустрыі. Гэтая стужка будзе даспадобы, перадусім, асабістым фанам Робэрта Дэ Ніра ці Бары Левінсана. Шыкоўны акторскі склад, па праўдзе, вымагаў ад стваральнікаў крыху іншага выніку працы. Фільм не ідэальны, нават ніжэй добрага. Але пад адпаведны настрой і вольны вечар падыдзе на адзін раз.
Робэрт Дэ Ніра ў ролі кінапрадусара, які перажывае серыю прафэсійных крызісаў, якія адлюстроўваюць яго разбуранае асабістае жыцьцё. Стужка заснаваная на кнізе сапраўднага прадусара, які апісвае рэальныя выпадкі ў сонечным штаце.
Дзеяньне фільма разгортваецца на працягу двух бурных тыдняў, падчас якіх галоўны герой змагаецца за тое, каб выратаваць свой апошні фільм ад упартага рэжысэра, спрабуе супакоіць патрабавальнага кіраўніка студыі і кіраваць акторам з невыносным характарам.
Нумар 9. Вы ня ведаеце Джэка (You Don't Know Jack). 2010
Стужка сёньняшняга імяніньніка распавядае пра супярэчлівае жыцьцё і кар'еру доктара Джэка Кеваркяна, вядомага пад мянушкай «доктар Сьмерць» за яго абарону самагубства з дапамогай лекара, ці інакш кажучы – эўтаназіі.
Рэальная страшэнная гісторыя стала бэнэфісам Аль Пачына, за гэтую ролю вялікі актор атрымаў прэміі «Залаты Глёбус», «Эмі» і прэмію Гільдыі актораў. Бары Левінсан, вядомы сваёй здольнасьцю рабіць больш чалавечымі сваіх герояў, паказвае супярэчлівага лекара як асобу з глыбокім філязофскім настроем, якая кіруецца непахіснай адданасьцю таму, што ён лічыць гуманітарнай справай.
Зрэшты, далёка ня ўсе лічаць такі незаконны падыход прымальным. Сцэнар стужкі выдатна пераплятае судовыя бітвы, асабістыя канфлікты і чульлівае ўзаемадзеяньне паміж героем Аль Пачына і яго пацыэнтамі, якія бачаць у ім сваю апошнюю надзею. Гэта дазваляе гледачам зразумець разнастайныя аспекты дэбатаў аб эўтаназіі.
Рэальная гісторыя з непазьбежным канцом.
Нумар 8. Прыніжэньне (The Humbling). 2014
Яшчэ адзін фільм з улюбёнцам Левінсана – Аль Пачына. У стужцы, адаптаванай паводле рамана Філіпа Рота, Пачына выконвае ролю ветэрана акторскай сцэны, які адчувае сябе дэзарыентаваным праз заняпад кар'еры і раптоўнай страты акторскага майстэрства. Яго партнэркай па экране выступае Грэта Гэрвіг, якая ў апошнія гады больш вядомая як рэжысэрка, чым акторка.
Бары Левінсан спалучае ў сваёй працы чорны гумар і экзістэнцыяльны страх. Герой Аль Пачына прыходзіць да высновы, што пайсьці з жыцьця – застаецца адзіным лягічным крокам. Аднак ён сустракае маладую жанчыну, і ўсё закручваецца.
Нумар 7. Чараўнік хлусьні (The Wizard of Lies). 2017
Фільм Бары Левінсана з бездакорным Робэртам Дэ Ніра ў галоўнай ролі апавядае рэальную гісторыю чалавека, які пабудаваў фінансавую піраміду, якой яшчэ не бачыў сьвет. Ён скраў каля 65 мільярдаў даляраў у даверлівых амэрыканцаў, якія добраахвотна несьлі грошы ў яго праэкт, ад пачатку сьвядома пабудаваны ў якасьці бурбалкі.
Хтосьці ўмее інвеставаць, хтосьці гандляваць акцыямі, нехта трымае грошы ў банку, а герой гэтага фільма ўмее зарабляць пазначаным чынам. Цікава, што нягледзячы на шматкроць паўтораныя перасьцярогі пра махляроў, людзі што ў ЗША, што ў нас, у Беларусі, працягваюць верыць «экспертам на словах» і аддаваць свае сродкі.
Амаль увесь фільм «Чараўнік хлусьні» разгортваецца пасьля арышту героя Робэрта Дэ Ніра ў 2008 годзе.
Нумар 6. Патэрна (Paterno). 2018
Бары Левінсан любіць складаныя, неадназначныя гісторыі, якія вымагаюць глыбокага пагружэньня і нясуць за сабою не адказы, але магчымасьці падумаць і зрабіць уласную выснову кожнаму гледачу. У гэтай стужцы чарговы раз зьзяе Аль Пачына ў галоўнай ролі. Яго герой — Джо Патэрна, сапраўдны легендарны футбольны трэнер.
Фільм разьбірае культурныя і асабістыя наступствы скандалу з сэксуальным гвалтам Джэры Сандаскі, асістэнта галоўнага трэнера. На старасьці гадоў выявілася, што адміністрацыя каманды і, магчыма, галоўны трэнер ведалі пра супрацьпраўныя дзеяньні свайго супрацоўніка, але пакідалі гэта па-за сваёй увагай.
Ці цкаваньне вядомага ўсёй краіне трэнера адбылося беспадстаўна, і толькі праз дзікую моду абвінавачваць усіх вакол пэўнымі групамі людзей? Аль Пачына бездакорна выконвае гэтую ролю, і гледачы стануць сьведкамі яго рэакцыяў на ціск, ілжывыя альбо праўдзівыя абвінавачаньні і прыгнёт.
Нумар 5. Добрай раніцы, В’етнам (Good Morning, Vietnam). 1987
Гэтая стужка вынесла Бары Левінсана ў першыя шэрагі амэрыканскіх рэжысэраў. Тут ён зьмешвае гумар і гора ў нечакана яркім і сонечным адлюстраваньні абсурднасьці вайны. Робін Уільямс выконвае ролю радыёдыджэя, прывезенага ў Сайгон, каб падняць настрой амэрыканскім войскам. Недзе за тысячы кілямэтраў увесь сьвет слухае рок-н-рол і танчыць на канцэртах і вечарынах, а тут, у В’етнаме, заўтра можа прыляцець куля, якая забярэ ўсю тваю весялосьць.
Левінсан выкарыстоўвае свой фільм у якасьці крытыкі марнасьці вайны і бюракратыі, якая стаіць за ёй. Галоўны герой ходзіць па тонкай лініі, за якой могуць надысьці арышт і трыбунал за відавочныя свавольствы.
Нумар 4. Багсі (Bugsy). 1991
Праца Бары Левінсана — гэта стылёвы, элегантна створаны погляд на жыцьцё загадкавага гангстэра Бэнджаміна "Багсі" Сігеля з Ўорэнам Біці ў галоўнай ролі. Калі вы ўяўлялі гангстэраў як злых і небясьпечных людзей, якія зробяць усё дзеля ўласнай нажывы – вы рабілі слушна. Гэтае правіла працуе за выключэньнем галоўнага героя гэтай стужкі. Бо Багсі стварыў нешта, што захапляе і прыцягвае мільёны людзей.
Па сярэдзіне пустыні ён марыў стварыць горад, у якім людзі будуць адпачываць, гуляць у гульні і прыгожа жыць. І ён зьдзейсьніў яе – сёньняшні Лас-Вэгас – плён дзейнасьці гангстэра.
Нумар 3. Хвост матляе сабакам (Wag the Dog). 1997
Бары Левінсан у 1997-м зьняў стужку, якую некаторыя лічаць прарочай. Бліскучыя акторскія працы Робэрта Дэ Ніра і Дасьціна Хофмана. Першае, што мы бачым на экране — выраз «Чаму сабака матляе хвастом? Таму што сабака разумнейшы за хвост. Калі б хвост быў разумнейшы, ён матляў бы сабакам».
Падчас кампаніі па пераабраньні прэзідэнта ЗША адбываецца сэкс-скандал: нешта здарылася паміж непаўнагадовай дзяўчынай-скаўтам і прэзідэнтам у Авальным кабінэце. Каб паспрабаваць утрымаць рэйтынг прэзыдэнта, за два тыдні да выбараў быў выкліканы палітоляг у выкананьні Дэ Ніра. У сваю чаргу ён наймае галівудзкага прадусэра (Хофмана). Той мадэлюе ўвод амэрыканскіх войскаў у Албанію, каб адцягнуць увагу СМІ ад рэальнай гісторыі. Фільм быў зьняты яшчэ да таго, як Біла Клінтана абвінавацілі ў непрыстойных паводзінах з Монікай Левінскі, і да аперацыі NATO у Югаславіі. Стужка пра маніпуляцыі СМІ, на якія вядуцца амаль усе.
Нумар 2. Чалавек дажджу (Rain Man). 1987
Калі вялікі рэжысэр знаходзіць “свайго” актора – нараджаюцца шэдэўры. У гэтай надзвычай кранальнай карціне партнэрам Дасьціна Хофмана па экране выступае Том Круз, які выконвае ролю малодшага брата Хофмана.
Сам жа Дасьцін Хофман неверагодна пераканальна грае чалавека з адхіленьнямі галавы, у якога аўтызм. Стужка паралельна дасьледуе як прыроду людзей з падобным сындромам, так і чалавечыя адносіны. Больш за тое, братэрскія адносіны: на што можа абаперціся знаёмства дваіх дарослых братоў, якія даведаліся пра існаваньне адно аднаго толькі пасьля сьмерці бацькі.
Для героя Круза зьяўляецца неабходнасьць нешта зрабіць з “адсталым” братам, каб атрымаць бацькавыя грошы. Што яны абодва зробяць адно для аднаго – невымерна больш, чым проста ўчынкі.
“Хто на першай базе? А хто на другой?”
Нумар 1. Тыя, што сьпяць (Sleepers). 1996
Фільм Бары Левінсана апавядае пра кампанію хлопцаў, якія жывуць і робяць дзіцячыя забавы на вуліцах Нью-Ёрка. Сьцягнуць яблык ці заблытаць сталага чалавека — лёгка. Але аднойчы іх гульні сканчваюцца трагічным выпадкам, а ўсю банду скіроўваюць ў калёнію для непаўнагадовых.
Стужка падзеленая на дзьве часткі, у другой мы сустрэнем усё тых жа герояў, але пасьля іх вызваленьня, праз пятнаццаць гадоў. Хтосьці зь іх паспрабаваць забыцца на тое, што адбылося зь ім у калёніі, а нехта адчувае патрэбу ў выпраўленьні таго, што іх напаткала ў дзяцінстве.
Робэрт Дэ Ніра выконвае тут ролю сьвятара, які спрабуе вырваць дзяцей са шляху бандытызму, а потым – каб яны не сарваліся ў яго зноў. А Дасьцін Хофман у ролі адваката-алькаголіка, які мусіць абараняць двух мужчынаў, якія ўзялі закон у свае рукі.
Прыемнага прагляду!