Топ-10 фільмаў Катрын Дэнёў, якой споўнілася 81
Шэсьць дзесяцігодзьдзяў парыжская прыгажуня не сыходзіць з экранаў кіно. Яе запатрабавальнасьць здольная зьдзіўляць. Яе талент прымушае сачыць за новымі ролямі. З нагоды народзінаў мадам Дэнёў мы склалі аўтарскі сьпіс дзесяці лепшых роляў акторкі. Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Нумар 10. Сто і адна ноч Сымона Сінема (Les cent et une nuits de Simon Cinéma). 1994
Гэтую стужку можна расцэньваць як сапраўдны ліст, напоўнены каханьнем да кінематографа, створаны з настальгічным адценьнем, якое мела рэжысэрка Аньес Варда. У фільме Мішэль Пікалі выконвае вельмі эмацыйную ролю з чароўнай адсылкай да свайго кінематаграфічнага мінулага і сваеасаблівым каментаром да мімалётнасьці зьзяньня кіназоркі.
Актор ўвасабляе жывы архіў гісторыі кіно, кожны яго жэст — даніна павагі фільмам, якія вызначылі ХХ стагодзьдзе. Варда выкарыстоўвае цікавую структуру фільма — малады студэнт наведвае паважанага кіназнаўцу на працягу ста дзён, каб сабраць яго ўспаміны. Катрын Дэнёў, Жан-Поль Бэльмандо, Марчэла Мастраяні, Робэрт Дэ Ніра і безьліч іншыя цудоўных актораў узялі ўдзел у стужцы.
Кожнае наведваньне выклікае іншы ўспамін, іншую сцэну, што робіць фільм цудоўнай галаваломкай для кінаманаў.
Нумар 9. Яна сыходзіць (Elle s'en va). 2013
Гэта фільм пра жыцьцё сталых. Пра тое, калі здаецца ўсё ўжо скончанае і трэба легчы ды памерці, аднак адна дробязь можа выклікаць пераварот. Катрын Дэнёў грае ў стужцы Эмануэля Бэрко кабету, якой ужо за 60, і яе падкасіла па ўсіх франтах. Яе гераіні выходзіць набыць цыгарэтаў і трапляе ў падарожжа, якое зьменіць яе саму.
Для французскага кіно вельмі не патрыятычна было саджаць мадам Дэнёў у нямецкі мэрсэдэс, але верагодна ў гэтым таксама была глыбокая задума аўтара. Роўд-муві для больш старэйшых.
Нумар 8. Шпік (Un flic). 1972
Катрын Дэнёў у фільме Жан-П'ера Мэльвіля грае шыкоўную жанчыну, якая мае дачыненьне адразу да двух сусьветаў, якім непазьбежна падлягае сутыкацца на працягу ўсёй чалавечай гісторыі. Гэта камісарыят паліцыі і банда крымінальнікаў. Часам яны па розныя бакі барыкадаў, але бывае і так, што дзеля патрэбы бандыт становіцца карысным камісару.
Галоўнае не заблытацца, на чыім баку паліцэйскі, ролю якога выконвае Алэн Дэлон. Спакойны трылер, у якім вам павінна спадабацца доўгая маўклівая сцэна на цягніку, які нясецца праз Францыю, а адзін з герояў спрабуе не выпасьці зь яго.
Нумар 7. Шэрбурскія парасоны (Les parapluies de Cherbourg). 1964
Фільм Жака Дэмі падараваў сьвету як рамантычную гісторыю, так і нараджэньне новай суперзоркі. Менавіта з гэтай ролі Катрын Дэнёў пачала зьзяць праз сваю прыгажосьць і талент. Зрэшты, гэтага з лёгкасьцю магло і ня быць: акторка, якая ўжо была прызначаная на ролю, раптоўна трапіла ў аварыю і фізычна не была гатовая здымацца. Праз трагічны выпадак шанец дастаўся Катрын, і яна скарыстала яго.
Легендарны мюзікл распавядае пра прадавачку парасонаў, чый каханы быў адпраўлены на вайну (звышактуальная на той час гісторыя пра Алжырскую рэвалюцыю). Ад яго доўгі час няма зьвестак, а гераіня Дэнеў цяжарная і вось-вось мусіць нарадзіць дзіця. Яе чакае няпросты выбар.
Нумар 6. Прыгажуня дня (Belle de jour). 1967
Гісторыя, якая адбываецца на фоне шыкоўнага Парыжу, распавядае пра жыцьцё маладой хатняй гаспадыні, якую з вытанчана грае Катрын Дэнёў. Раніцай яна – паважаная буржуазная пані. А пасьля яна паглыбляецца ў таемнае жыцьцё прастытуцыі. Гэтыя два сьветы, здавалася б, супрацьлеглыя, пераплятаюцца ў жыцьці парыжанкі.
Луіс Буньюэль адчуваў ціск эпохі і падараваў гледачам правакатыўны твор. Чаканьні грамадзтва і ўласныя пачуцьці – у некаторых людзей гэтыя рэчы ўваходзяць у стан грамадзянскай вайны ў межах аднаго чалавека. Нехта павінны зьнікнуць.
Нумар 5. 8 кабетаў (8 femmes). 2001
Бліскучы набор цудоўных французскіх акторак, якім, па задуме Франсуа Азона, належыць правесьці рассьледаваньне сапраўднага забойства. Справа ў тым, што напярэдадні Раства гераіні Катрын Дэнёў, Ізабэль Юпэр, Фані Ардан, Эмануэль Бэар і іншых становяцца замешанымі ў сьмерці гаспадара дома, куды ўсё яны былі запрошаныя.
Забойца – адна зь іх. Прыгожы фільм, напоўнены сьпевамі (так-так, у нейкай ступені гэта мюзікл). Дасьціпны французскі гумар і дэтэктыўныя пошукі кабетаў. Кожная зь іх мела матыў, кожная зь іх думае на суседку. Гісторыя ў духу працаў Агаты Крысьці.
Нумар 4. Я вас кахаю (Je vous aime). 1980
Як кажуць французы – сэ ля ві, або – такое жыцьцё. Мэлядрама Клода Бэры знаёміць гледачоў з, падаецца, вельмі французскім – гісторыямі каханьня гераіні Катрын Дэнёў. Праз яе жыцьцё праходзяць розныя людзі ў выкананьні Сержа Генсбура, Жэрара Дэпардзье, Жан-Луі Трэнціньяна, Алэна Сушона, кожны зь якіх казаў ёй адну і тую ж фразу: Я вас кахаю.
Але такія жанчыны, як галоўная гераіня, ня здольныя на падобныя пачуцьці. Для іх усё ў сьвеце нібы гульня, рандомная кніга з выпадковымі аповесьцямі. Сёньня гэтае, заўтра – а заўтра яна забудзе, што было ўчора.
Нумар 3. Агіда (Repulsion). 1965
Першая ангельскамоўная праца Рамана Паланскі з францужанкай Катрын Дэнёў у галоўнай ролі. Яна грае вельмі мэнтальна не стабільную дзяўчыну, зь якой здараецца (ці гэта ёй толькі здаецца) вельмі дзіўныя рэчы. Асабліва праблемы павялічваюцца, калі гераіня застаецца дома адна.
Шыкоўны псыхалягічны трылер, які стаў пачаткам трылёгіі, дзеяньне якой адбываецца ў кватэрах у розных гарадах сьвету. Наступныя фільмы Паланскага - «Дзіця Размары» і «Жыхар» працягнулі тэму дзіўных, невытлумачальных падзеяў, якія могуць чакаць людзей. Прывіды мінулага, патэнцыйны гвалт ранейшых гадоў могуць прымусіць галаву зьляцець са стану нормы ў стан шызафрэніі.
Страшэннае, але вельмі цікавае кіно польскага рэжысэра.
Нумар 2. Апошняе мэтро (Le dernier métro). 1980
Франсуа Труфо зьняў звышэмацыйную стужку з Жэрарам Дэпардзье і Катрын Дэнёў у сваім росквіце кінематаграфічных кар’ераў. Мы ўбачым Парыж часоў нямецкай акупацыі, і перадусім – невялікі кінатэатар, кіраваць якім стала гераіня Дэнеў замест свайго мужа-габрэя, што мусіць хавацца.
Мастацтва стане сваеасаблівай арэнай змаганьня з нацыстамі, калі, як падаецца, ужо ўсё задушана, і супраціў выглядае недарэчным. Стужка засяроджаная на душэўных перажываньнях галоўных герояў. У пэўны момант можна нават забыць, што карціна пра вайну. Але ў кожнае падобнае імгненьне гледачоў вяртаюць да рэчаіснасьці.
Вайна зьмяняе як дзяржавы, так і кожнага чалавека. Акупацыя ніколі не праходзіць бяз сьледу.
Нумар 1. Тая, што таньчыць у цемры (Dancer in the Dark). 2000
Гэта вельмі эмацыйны фільм, які спалучае характэрны рэжысэрскі рэалізм Ларса фон Трыера з фантастычнымі элементамі клясычных мюзіклаў. Ці чулі вы музыку завадзкіх трубаў і гаек, альбо як мэлядычна едзе таварны цягнік? У галоўнай гераіні, у выкананьні Б’ёрк, атрымліваецца адчуць нават самы лёгкі дотык навакольнай шэрай рэчаіснасьці і пераўтварыць яго ў музыку свайго сэрца.
Б’ёрк, якая за сваю ролю была прызнаная ў Канах таксама і лепшай акторкай, пасьля выйсьця фільму заявіла, што ніколі не будзе здымацца ў фон Трыера: настолькі ён жорсткі і педантычны чалавек.
Стужка распавядае пра Сэльму, чэшскую эмігрантку і самотную маці ў Амэрыцы, якая паступова губляе зрок праз генэтычнае захворваньне. Каб адкласьці грошы на апэрацыю сыну, яна безупынна працуе і ўяўляе, што жыве ў мюзікле, якія так любіла глядзець у дзяцінстве, дзе ўсе радасныя, шчасьлівыя і здаровыя. Катрын Дэнёў выступіла ў ролі старэйшай сяброўкі і калегі галоўнай гераіні.
Б’ёрк стварыла і запісала ўвесь саўндтрэк да гэтай стужкі. Глядзець яе прыйдзецца з пачкам насовак побач. Ларс фон Трыер умее трапіць у самы-самы шчымлівы кавалачак сэрца.
Прыемнага прагляду!