Топ-10 фільмаў пра палітыку: напярэдадні вызначальных выбараў у ЗША

Ужо ў аўторак мы станем сьведкамі захапляльнага двубою за акіянам. Сьвет вялікай палітыкі заўжды прыцягваў кінематаграфістаў. Мы склалі аўтарскую падборку з дзесяці лепшых стужак пра палітычную барацьбу. Прыемнага прагляду!

Кадр з фільма нашай падборкі

Кадр з фільма нашай падборкі

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.

Нумар 10. Віцэ (Vice). 2018

vice_1.jpg

Назва фільма азначае канкрэтную пасаду, і нават больш – канкрэтнага чалавека. Віцэ-прэзідэнта Дзіка Чэйні, які займаў становішча нумар два ў ЗША пры адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага на пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Крысьціян Бэйл набраў лішнія пару дзясяткаў кіляграмаў для гэтай ролі. Адам МакКей зьняў фільм пра загадкавую і супярэчлівую асобу ў сусьветнай палітыцы. Амаль не заўважны на публіцы, ён стаў тым, хто ўплываў на самыя істотныя рашэньні самай істотнай дзяржавы ў сучасным сьвеце.

Рэжысэр выбраў змрочна-камедыйны тон, каб апісаць час, на які ўплываў Дзік Чэйні. А Крысьціян Бэйл здолеў паказаць віцэ-прэзідэнта як адначасова вельмі пераканаўчым, так і агідным.

Улада зьмяняе ў чалавеку амаль усё.

Нумар 9. Апошні кароль Шатляндыі (The Last King of Scotland) 2006.

the_last_king_of_scotland.jpg

Назва стужкі можа крыху зьбіць з панталыку, бо гісторыя зусім не пра Шатляндыю, а пра сучасную афрыканскую краіну. У галоўнай ролі Форэст Уітакер – на шатляндца не падобны (тут у спрэчку можа прыйсьці цудоўны рэжысэр Джоэл Коэн, які летась зьняў сваю вэрсію Макбэта, дзе такі ж цёмнасуры Дэнзэл Вашынгтан грае галоўную ролю сярэднявечнага шатляндзкага караля – але гэта асобная гісторыя).

У “Апошнім каралі Шатляндыі”, што зьняў Кевін Макдональд, мы знаёмімся з Угандай, і асабліва зь яе прэзідэнтам Ідзі Амінам. Мы глядзім на гісторыю крывавых злачынстваў дыктатара вачыма лекара, які прыехаў практыкаваць ва Ўганду з Шатляндыі. Напачатку ён зачараваны гэтым кіраўніком дзяржавы, які ўяўляецца рэфарматарам і прыхільнікам звычайных каштоўнасьцяў. Але досыць хутка нутро дыктатара праяўляецца ў дробязях і буйных страшэнных учынках. Адбываецца спроба перавароту.

Нумар 8. Гандзі (Gandhi). 1982

gandhi_1.webp

У тым годзе студыі адна за адной адмаўляліся здымаць гэтую стужку, бо лічылі, што яе лёс будзе незайздросным, а камерцыйнага посьпеху пра індыйскага змагара чакаць не варта. Але насуперак гэтаму рэжысэр Рычард Атэнбара здолеў ледзьве не з асабістай кішэні знайсьці фінансаваньне. Як вынік: стужка прынесла ўтрая больш грошаў за патрачаныя, а кінаакадэмія аддала ёй усе галоўныя ўзнагароды: за лепшы фільм, рэжысуру, мужчынскую ролю, сцэнар і шэраг іншых.

А мы з вамі атрымалі чароўнае ўвасабленьне на экране гісторыю Махатмы Гандзі. Апроч вельмі пераканальнай працы актораў, вы станеце сьведкамі гістарычнай кінематаграфічнай падзеі: у сцэнах пахаваньня Гандзі ўдзельнічалі запрошаныя 300 тысячаў чалавек. Уявіце сабе маштаб гэтых кадраў. Калі вы мала што ведаеце пра сучасную гісторыю Індыі, і тое, якім чынам яна атрымала незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі 70 гадоў таму – знайдзіце тры гадзіны (так, гэта вельмі доўгі фільм), каб атрымаць усе адказы.

Нумар 7. Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў атамную бомбу (Dr. Strangelove or: How I Learned to Stop Worrying and Love the Bomb). 1964

dr._strangelove_2.webp

З такой доўгай мудрагелістай назвай Стэнлі Кубрык стварыў шэдэўральную стужку, якую, мы прапануем паглядзець усім. Найперш – гэта камедыя. Стварыць іранічны фільм пра ядзерную вайну тое яшчэ выпрабаваньне. Кубрык за гэта атрымаў намінацыю на Оскар як лепшы рэжысэр, а сам фільм быў вылучаны яшчэ ў трох: лепшы фільм года, лепшы адаптаваны сцэнар і лепшая мужчынская роля (Пітэр Сэлерс). Актор выканаў цэлых тры ролі ў фільме: амерыканскага прэзідэнта, брытанскага вайскоўца, а таксама прыкаванага да інваліднага вазка нямецкага навукоўца Стрэйнджлава.

Напачатку фільма адзін з амерыканскіх генэралаў лічыць, што камуністы зьбіраюцца скрасьці “цялесныя сокі” амерыканцаў (што гэта значыць даведаецеся падчас прагляду), і скіроўвае самалёты з бомбамі на Маскву. Што будзе далей – глядзіце самі ў гэтым цудоўным фільме.

Нумар 6. Уся прэзыдэнцкая раць (All the President's Men). 1976 год

all_the_president_s_men_2.jpg

Знакамітая стужка Алана Пакулы, з Робэртам Рэдфардам і Дасьцінам Хофманам у галоўных ролях. Нават калі б сама гісторыя Ўотэргейта не была такой цікавай, якой яна ёсьць, гэты фільм, верагодна, быў бы такім жа добрым.

Атрымаўся захапляльны аповед, як двое зьнялі прэзідэнта. Стужка адлюстроўвае хаатычнае жыцьцё журналіста-рассьледавальніка. Дзеяньне фільма пачынаецца 1 чэрвеня 1972 года з моманту прыбыцьця ў Капітолій прэзідэнта Ніксана. Ён знаходзіцца на піку сваёй папулярнасьці, і здаецца, што яго немагчыма спыніць.

Затым стужка пераходзіць да падземнага гаража ў комплексе Ўотэргейт у Вашынгтоне, дзе ахоўнік заўважае прыадчыненыя дзьверы. Ён тэлефануе ахове, якая ловіць пяцёра чалавек, якія ўварваліся ў офіс Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі. Што адбылося далей — глядзіце ў захапляльнай працы Алана Пакулы.

Нумар 5. Джон Ф. Кэнэдзі: Стрэлы ў Даласе (JFK). 1991

jfk_1.webp

Хто забіў прэзідэнта Джона Кэнэдзі? Олівэр Стоўн спрабуе разабрацца на працягу салідных трох гадзінаў хранамэтражу. Гэта вельмі захапляльны і правакацыйны палітычны трылер. Аўтар заклікае гледачоў перагледзець афіцыйныя тлумачэньні адной з самых значных падзеяў у амэрыканскай гісторыі.

Кевін Костнэр у перыяд свайго акторскага максімуму выконвае выдатную ролю акруговага пракурора Новага Арлеана, чыё нястомнае імкненьне да праўды прыносіць усё новыя і новыя старонкі ў заблытанае рассьледваньне. Разам зь ім у шыкоўным акторскім складзе выступае Джо Пешы, Дональд Сазэрлэнд, Гары Олдман і Томі Лі Джонс.

Гледачы будуць сьведкамі спробы раскрыць змову, якая, на думку героя (і Олівэра Стоўна?), прывяла да забойства Кэнэдзі.

Нумар 4. Жанчына з імём Голда (A Woman Called Golda). 1982

a_woman_called_golda_1.webp

Фільм, які паставіў Алан Гібсан — пра дзяўчынку Голду, якая правяла дзяцінства ў беларускім Пінску, наведвала старажытную вялікую сінагогу, а потым вырасла і стала чацьвертым прэм’ер-міністрам Ізраіля. Увесь сьвет ведае яе як Голда Мэір, а дзявочае прозьвішча ў прыхаджанкі пінскай сінагогі — Мабовіч.

Бацька-заснавальнік дзяржавы Ізраіль Давыд Бэн-Гурыён сказаў пра яе: «У адзін цудоўны дзень, калі будзе напісана гісторыя, у ёй будзе пазначана, што адна габрэйка дастала грошы, якія забясьпечылі існаваньне нашай дзяржавы». Стужка адметная яскравым выкананьнем галоўнай ролі Інгрыд Бэргман. Для акторкі гэтая праца стала апошняй у жыцьці, менш чым праз год яна памерла. Няшмат прыхільнікаў «залатога стагодзьдзя Галівуду» бачылі яе ролі ў сталым узросьце. Паверце, гэта вартае таго.

Нумар 3. Хвост матляе сабакам (Wag the Dog). 1997

wag_the_dog_3.avif

Бары Левінсан у 1997-м зьняў стужку, якую некаторыя лічаць прарочай. Бліскучыя акторскія працы Робэрта Дэ Ніра і Дасьціна Хофмана. Першае, што мы бачым на экране — выраз «Чаму сабака матляе хвастом? Таму што сабака разумнейшы за хвост. Калі б хвост быў разумнейшы, ён матляў бы сабакам».

Падчас кампаніі па пераабраньні прэзідэнта ЗША адбываецца сэкс-скандал: нешта здарылася паміж непаўнагадовай дзяўчынай-скаўтам і прэзідэнтам у Авальным кабінэце. Каб паспрабаваць утрымаць рэйтынг прэзыдэнта, за два тыдні да выбараў быў выкліканы палітоляг у выкананьні Дэ Ніра. У сваю чаргу ён наймае галівудзкага прадусэра (Хофмана). Той мадэлюе ўвод амэрыканскіх войскаў у Албанію, каб адцягнуць увагу СМІ ад рэальнай гісторыі.

Фільм быў зьняты яшчэ да таго, як Біла Клінтана абвінавацілі ў непрыстойных паводзінах з Монікай Левінскі, і да аперацыі NATO у Югаславіі. Стужка пра маніпуляцыі СМІ, на якія вядуцца амаль усе.

Нумар 2. Дзэта (Z). 1969

z_2_1.jpg

Выбітны твор Коста-Гаўраса. Гэты рэжысэр стварыў сапраўдную фільматэку пра палітычныя падзеі. Гісторыі руйнаваньня палітычных сістэмаў заўжды неад’емныя ад зьнішчэньня чалавечых жыцьцяў, ад эрозіі сацыяльных сувязяў.

Лепшы замежны фільм на цырымоніі Оскар таго года. У галоўных ролях тут – Іў Мантан і Жан-Луі Трынціньян. Рэжысэр паказвае Іва Мантана ў ролі вядомага палітыка і лекара, чыё публічнае забойства на фоне жорсткай дэманстрацыі хаваецца ваеннымі і дзяржаўнымі чыноўнікамі. Яны спрабуюць паказаць гэта як няшчасны выпадак. Жан-Луі Трынціньян  упарты суддзя, які вырашыў не дазволіць рэжыму так проста распраўляцца з апанэнтамі. Мы бачым вялізную машыну дзяржаўнай змовы.

Што азначае літара Z, якая і дала назву фільму? Мы даведаемся пра гэта напрыканцы.

Нумар 1. Містэр Сьміт едзе ў Вашынгтон (Mr. Smith Goes to Washington). 1939

mr._smith_goes_to_washington_1.jpg

Стужка Фрэнка Капры з непараўнальным Джэймсам Сьцюартам зьяўляецца яскравым прыкладам правільнага палітычнага кіно. Джэймс грае наіўнага і ідэалістычнага маладога чалавека, які раптам апынуўся ў звышцынічным і жорсткім сьвеце палітыкі Вашынгтона.

Герой Сьцюарта пераўтвараецца са сьціплага правінцыйнага чалавека ў нястомнага змагара за справядлівасьць. Мы ўбачым, што нават разбэшчаная і шмат у чым прадажная дэмакратыя можа быць тым самым мэханізмам, дзякуючы якому магчыма пранесьці праз выпрабаваньні свае высокія ідэалы і прынцыпы. Стужка стала ўзьлётам для кар’еры актора. Як і яго герой на экране, Джэймс Сьцюарт скарыў кінематограф.

Прыемнага прагляду!