Топ-10 фільмаў Леанарда Дзі Капрыё – да 50 годзьдзя галоўнай зоркі сучаснага кіно
Некаторым будзе складана паверыць, але Леа напраўду перайшоў у шосты дзясятак гадоў. Бясконцая колькасьць выбітных стужак робіць амаль немагчымым абраньне дзесяці лепшых роляў актора, але мы пастараліся з аўтарскім сьпісам. Прыемнага прагляду!
![Леанарда Дзі Капрыё Леанарда Дзі Капрыё](/img/v1/images/di_caprio.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1731670329&w=528)
Леанарда Дзі Капрыё
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Тытанік (Titanic). 1997
![titanic_2.webp titanic_2.webp](/img/v1/images/titanic_2.webp?f=f&h=396&o=0&u=1731670336&w=528)
Рэдкая паненка ў сьвеце ды ў Беларусі не мела пасьля выйсьця на экраны гэтага фільму майкі ці прынамсі сшытка, на якіх была выява Леанарда Дзі Капрыё і Кейт Уінслет. Гісторыя каханьня, якая закранула сэрцы ўсяго чалавецтва. Джэймс Кэмеран стаў аўтарам шэдэўральнага фільма-катастрофы, які атрымаў фантастычныя 11 прэмій Оскар.
Пісаць пра гэты фільм – гэта як пракруціць па памяці безьліч легендарных кадраў. Карціна стала не меньш эпахальнай, як “Зьнесеныя ветрам” у далёкіх 1930-х. Гонар, зайздрасьць, гераізм і сапраўднае каханьне – гэтым насычаны Тытанік. Трагічны лёс якога выклікае бурныя эмоцыі і сёньня.
Што было, калі б фінал быў паказаны інакш? Тытанік, поўны людзьмі разнастайных клясаў і паходжаньняў, плыў насустрач свайму айсбэргу, як і ўсё дваццатае стагодзьдзе ішло да шчасьлівай будучыні праз войны, рэпрэсіі і кроў.
Як і праца Кэмерана напрыканцы стужкі дае ўсё ж надзею, так і мы павінны спадзявацца на тое, што прыйдзем у патрэбнае месца.
Нумар 9. Аднойчы ў Галівудзе (Once Upon a Time in... Hollywood). 2019
![once_upon_a_time_in..._hollywood_2.jpg once_upon_a_time_in..._hollywood_2.jpg](/img/v1/images/once_upon_a_time_in..._hollywood_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1731670332&w=528)
Апошні на гэты момант фільм Квэнціна Таранціна. Той самы момант, калі суперзоркі выстрайваюцца ў чаргу, каб трапіць у кадр да Таранціна, бо гэта амаль гарантаваны посьпех як на кінафэстах і ўзнагародах, так і сярод гледачоў. У стужцы з такой назвай не магло быць невядомых актораў. Тут і Леанарда Дзі Капрыё, і Брэд Піт, і Марго Робі і суцэльная глыба кіно Аль Пачына. Усе яны граюць некага з сапраўднай мінуўшчыны Галівуда канца 60-х гадоў.
Сюжэт закручаны вакол зоркі вэстэрнаў, які адчувае канец сваёй кар’еры, але спадзяецца праз новы ўдалы фільм “абнавіцца”, а таксама яго вернага каскадзёра, які выконвае апроч усіх складанасьцяў на экране яшчэ і працу па дому.
Мы ўбачым крыху альтэрнатыўнае прачытаньне знакамітай гісторыі сэрыйнага забойцы Чарльза Мэнсана, адной з ахвяраў якога была жонка Рамана Паланскі.
Нумар 8. Дарога зьменаў (Revolutionary Road). 2008
![revolutionary_road_1.jpg revolutionary_road_1.jpg](/img/v1/images/revolutionary_road_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1731670333&w=528)
Праз дзесяць гадоў пасьля выхаду Тытаніка знакамітая рамантычная пара з Кейт і Леанарда зноў трапілі ў драматычны, нават вельмі драматычны фільм. Рэжысэрам стаў муж спадарыі Ўінслет цудоўны Сэм Мэндэс.
Але замест юнацкага каханьня і вялікіх прыгодоў (а нашыя героі марылі пра падарожжа ў Парыж), гісторыя разгортваецца ў шэрых, не асабліва бліскучых і натхняльных краявідах амэрыканскай сям'і сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Кейт і Леа граюць пару, якая, здаецца, імкліва, кадр за кадрам рухаецца да зьнішчэньня ўласнага шлюбу.
Куды завядзе іх дарога, поўная камянеў і расчараваньняў? Ці ёсьць запасны шлях для тых, хто рухаецца на розных хуткасьцях?
Нумар 7. Забойцы кветкавага месяца (Killers of the Flower Moon). 2023
![killers_of_the_flower_moon_1.webp killers_of_the_flower_moon_1.webp](/img/v1/images/killers_of_the_flower_moon_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1731670330&w=528)
Найлепшы фільм мінулага года на нашую думку. Марцін Скарсэзэ здымае так, што з першых кадраў разумееш, што цябе чакае шыкоўная гісторыя. Адзінае чаго нельга сказаць адразу – да якой ступені крутым будзе фільм. Майстэрства Скарсэзэ, а яму зараз 81 год, можна параўнаць зь іншым выбітным рэжысэрам сучаснасьці, 93-гадовым Клінтам Іствудам.
Стужка пераносіць гледачоў у 1920-я гады, у час, калі індзейцаў ужо не адстрэльвалі, але трымалі ў рэзэрвацыях. Асобным плямёнам шанцавала асабліва, калі на іх тэрыторыі знаходзілася радовішча нафты, як, напрыклад асэйджы. Менавіта іх драматычную і крывавую гісторыю распавядае Марцін Скарсэзэ праз герояў белых людзей, што ўключыліся ў складанае перапляценьне матывацый і ўчынкаў дзеля таго, каб завалодаць чорным золатам.
Страшэнны і дальнабачны герой Робэрта Дэ Ніра разам з недалёкім пляменьнікам у выкананьні Леанарда Дзі Капрыё напрацягу ўсяго фільма будуць прычынаю загадкавых для некаторых, але цалкам зразумелых для іншых, серыяй забойстваў індзейцаў. Як вядома, пасьля сьмерці чалавека нехта іншы ўспадкоўвае яго маёмасьць. І для героя Дэ Ніра нехта іншы доўно зразумелы – і для дасягненьня задуманага неабходна ісьці да канца.
Фільм Марціна Скарсэзэ манумэнтальны. Гэта прыклад таго, як зрабіць кіно, якое будзе прысутнічаць у «залатой калекцыі» сусьветнага кінамастацтва.
Нумар 6. Джанга вызвалены (Django Unchained). 2012
![django_unchained_3.jpg django_unchained_3.jpg](/img/v1/images/django_unchained_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1731670334&w=528)
Сам факт прысутнасьці фільма з ХХІ стагодзьдзя падкрэсьлівае неўміручасьць жанра вэстэрн. Як шматкроць прызнаваўся ў інтэрвію Квэнцін Таранціна, рэжысэр гэтай стужкі – фільмы пра дзікі захад былі заўжды аднымі з улюбёных асабіста для яго.
У гэтым вэстэрне ня будзе індзейцаў, але будзе нечаканы галоўны герой – чорнаскуры Джанга, які яшчэ зусім нядаўна быў рабом. Ну а зараз ён гатовы на вельмі шмат, каб адпомсьціць былым прыгнятальнікам. У стужцы мы ўбачым Леанарда Дзі Капрыё ў ролі рабаўласьніка, і Джэймі Фокса, які выйшаў на дарогу, дзе на яго думку жыве справядлівасьць.
Безьліч шыкоўных дыялёгаў, якія не прайшлі паўз сябраў кінаакадэміі – Таранціна атрымаў чарговы Оскар за лепшы сцэнар. Але перадусім неабходна адзначыць фэерычную гульню Крыстофа Вальца. Вам пажадаецца, каб яго паказвалі ў кадры заўжды. Надзвычай удалая роля актора, які атрымаў заслужаны посьпех ужо ў сваім сталым узросьце.
Нумар 5. Той, хто выжыў (The Revenant). 2015
![the_revenant_1.jpg the_revenant_1.jpg](/img/v1/images/the_revenant_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1731670334&w=528)
Фільм зьняў адзін з найлепшых рэжысэраў сучаснасьці – Алехандру Гансалес Іньярыту. Стужка прынесла доўгачаканы Оскар за лепшую ролю Леанарда Дзі Капрыё, а Гансалес Іньярыту атрымаў за сваю працу. У 1823 годзе галоўны герой у складзе групы выпраўляецца дасьледаваць дзікія мясьціны і атрымлівае амаль несумяшчальныя з жыцьцём траўмы ў выніку жорсткага нападу мядзьведзя.
Герой Дзі Капрыё становіцца «слабым зьвяном», і каб пазбавіцца яго ў суровых умовах зімы, іншы чалец групы зьдзяйсьняе страшэнныя рэчы і пакідае яго сам-насам са сьмерцю. Герой Дзі Капрыё павінен выкарыстоўваць свае навыкі выжываньня, каб знайсьці шлях назад у цывілізацыю.
Падрыхтуйце глінтвейн, нават шмат глінтвейну, фільм працягласьцю 2,5 гадзіны.
Нумар 4. Пачатак (Inception). 2010
![inception_1.jpg inception_1.jpg](/img/v1/images/inception_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1731670335&w=528)
Гэта вялікае дасягненьне ў жанры навукова-фантастычнага кіно. Ужо толькі за адзін гэты фільм Крыстафэр Нолан атрымаў бы бессьмяротную славу і бясконцыя разгляды яго працы. Дарэчы, ці памятаеце Кіліяна Мэрфі ў гэтай карціне? Адзін з улюбёных актораў рэжысэра застаўся ў ценю вялікага Леанарда Дзі Капрыё.
Галоўны актор пакаленьня грае чалавека, які навучэўся красьці неабходную інфармацыі і прамысловыя таямніцы ў людзей, пакуль яны сьпяць. Крыстафэр Нолан стварае шматслойны сон у структуры сну, які рассоўвае межы ўспрыманьня і разуменьня аўдыторыі. Каб справіцца з сапраўды складанымі выклікамі, будзе неабходна заснуць у сьне, але не згубіць нітку, якая зьвязвае вас з рэчаіснасьцю. Як не заблытацца і не застацца недзе там, у мроях, дзе можа быць ідэальнае жыцьцё, але адзін толькі знак, што гэта не сапраўднае – вывярне вас у іншае вымярэньне. Але ці тое сапраўднае жыцьцё, ці адзін са слаёў сна?
Нумар 3. Банды Ню-Ёрка (Gangs of New York). 2002
![gangs_of_new_york_1.jpg gangs_of_new_york_1.jpg](/img/v1/images/gangs_of_new_york_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1731670334&w=528)
Легендарны фільм Марціна Скарсэзэ, які паказвае брутальны, жорсткі, канкурэнцкі Ню-Ёрк 1863 года. Стужка пачынаецца з бойкі паміж дзьвюма бандамі ў Файв Пойнтс, раёне Манхэтэна. З аднаго боку — ірляндзкія імігранты-каталікі, якіх называюць «Мёртвыя трусы», на чале са «сьвятаром» Валонам у выкананьні Ліяма Нісана. Ён - бацька маладога Амстэрдама, які вырастае чалавекам, якога сыграў Леанарда Дзі Капрыё. У баі яны сутыкаюцца з Канфэдэрацыяй амэрыканскіх мясцовых, пратэстанцкай групай, якую ўзначальвае «Мясьнік Біл», якога грае Дэніэл Дэй-Льюіс (гэты актор між іншым мае найбольшую колькасьць узнагародаў Оскар за лепшую мужчынскую ролю – тры).
Першая сцэна заканчваецца тым, што Біл забівае «Сьвятара», такім чынам заваёўваючы тэрыторыю для пратэстанцкай групы. Пасьля падзеі пераносяцца на дваццаць гадоў наперад. Нас чакае жорсткая, костка-у-костку вайна за ўплыў у Ню-Ёрку. Гісторыкі пасьля прагляду стужкі адзначалі: “Ніводны фільм ніколі не адлюстроўваў амэрыканскую галечу такім чынам: імігранты туляцца на паліцах у кватэрах, галодныя дзеці паміраюць на вуліцах, няма законаў, акрамя праўленьня моцных, і кожны імігрант або расавае племя змагаецца з іншымі.
Нумар 2. Што зьядае Гілбэрта Грэйпа (What's Eating Gilbert Grape). 1993
![what_s_eating_gilbert_grape_1.jpg what_s_eating_gilbert_grape_1.jpg](/img/v1/images/what_s_eating_gilbert_grape_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1731670336&w=528)
У гэтай стужцы рыхтуйцеся быць сьведкамі фантастычнай акторскай працы маленькага Леанарда Дзі Капрыё. А Джоні Дэп грае маладога чалавека, абцяжаранага адказнасьцю за яго псыхічна хворага брата і іх хваравітай тоўстай маці. Дэп з выдатнай стрыманасьцю на экране перажывае канфлікт паміж абавязкам перад сям'ёй і жаданьнем іншага жыцьця для сябе самога.
Адносіны паміж братамі, азмрочаныя расчараваньнямі, складаюць разам з тым кранальную гісторыю братэрскай любові.
Стужка становіцца яскравым прыкладам здольнасьці Джоні Дэпа пераўвасабляцца ў абсалютна розных пэрсанажаў. Разам з тым, на сёньня застаецца невялікі сум, што пэўную ролю-усяго-жыцьця актору прыйшлося граць у безьлічы стужак, што крыху зацьміла яго па-сапраўднаму яскравы талент.
Нумар 1. Воўк з Уол-Стрыт (The Wolf of Wall Street). 2013
![the_wolf_of_wall_street_4.jpg the_wolf_of_wall_street_4.jpg](/img/v1/images/the_wolf_of_wall_street_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1731670335&w=528)
Марцін Скарсэзэ зьняў сваю другую галоўную зорку жыцьця, пасьля Робэрта Дэ Ніра – таксама актора з італьянскімі каранямі — Леанарда Дзі Капрыё. Акрамя яго стужка поўная знакамітых актораў, сярод якіх Марго Робі, Мэцью МакКонахі. Мы ўбачым узьлёт і падзеньне брокера ў выкананьні Дзі Капрыё.
Сьвецкае жыцьцё перамяжоўваецца з карупцыяй, злачыннасьцю і арыштамі. Кампанія галоўнага героя перажывае хуткі рост з 20 супрацоўнікаў да 250-ці, што тлумачыцца буйным ростам іх актываў і абаротаў. Але заўжды жадаецца больш.
Тое, што павінна стрымліваць — законы фінансавага сьвету — не бяруцца пад увагу. Рост, які немагчыма кантраляваць. Карупцыя, якая зьядае цябе з сярэдзіны. Бліскучая роля Леанарда Дзі Капрыё. Шыкоўны фільм для прагляду ў цёмныя восеньскія вечары.
Прыемнага прагляду!