Топ-10 фільмаў пра позьнюю восень. Зацішша перад холадам

На парозе стаіць зіма. Але ўтульныя, хоць часам і сьцюдзёна-мокрыя павевы лістапада, жадаецца паспрабаваць ухапіць за руку. Гэты перыяд вельмі часта сустракаецца ў цудоўных стужках у якасьці фона. Разам з тым позьняя восень – ідэальны кампаньён мэлянхоліі, якая квітнее ў міжсэзонны час. З гэтай нагоды мы склалі сьпіс з дзесяці лепшых фільмаў, дзеяньне якіх адбываецца напярэдадні прыйсьця зімы. Прыемнага прагляду!

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.

Нумар 10. Таварыства мёртвых паэтаў (Dead Poets Society). 1989

dead_poets_society_1.jpg

Легендарны фільм Пітэра Ўіра з выкшталцоным выкананьнем сваёй ролі Робіна Ўільямса. Стужка перадусім распавядае пра сяброўства, давер і павагу. Вучні старой школы, з векапомнымі традыцыямі ад бацькоў-заснавальнікаў ЗША ў пасьляваенны час сутыкаюцца з выкладчыкам новай фармацыі.

Яго падыход да выкладаньня робіць яго сваім сярод навучэнцаў, і белай варона паміж прафэсараў. Прыгожыя колеры восені накладваюць сваё цёплае адценьне на ўвесь фільм. Паэзія, мастацтва і прыгажосьць на ўроках, у час, калі ў сьвеце жорсткае супрацьстаяньне паміж дзяржавамі.

Нумар 9. Рокі (Rocky). 1976

rocky_1.jpg

Гэты фільм больш чым пра спорт, ён пра тое, як застацца чалавекам. Драма Джона Эвілдсэна распачала цэлую сэрыю стужак пра легендарнага Рокі Бальбоа. І першая частка, відаць па ўсім, атрымалася лепш за іншыя. Узнагарода Оскар за лепшы фільм года зьяўляецца відавочным сьведчаньнем гэтага.

Сыльвестар Сталонэ хоць і не валодае неверагодным акторскім талентам, але ўжо больш за паўстагодзьдзя зьбірае людзей у кінатэатры на стужкі са сваім удзелам. Дзякаваць трэба менавіта гэтаму фільму, у якім ён грае баксёра, у якога амаль няма спартовых і жыцьцёвых перспэктываў, але ён хапаецца за раптоўны шанец.

Вы верагодна зьдзівіцеся, калі даведаецеся што сцэнар да гэтага фільма напісаў сам Сталонэ і больш за тое, быў намінаваны за яго на Оскары.

Восень, бокс, драма – вартае прагляду.

Нумар 8. Практычная магія (Practical Magic). 1998

practical_magic_2.jpg

Даволі лёгкая стужка Грыфіна Дана, у якой адна з лепшых акторак пакаленьня Ніколь Кідман і Сандра Балак граюць дзьвюх сёстраў, у якіх ёсьць самая сапраўдная сямейная адметнасьць: па дзявочай лініі шмат пакаленьняў перадаюцца здольнасьці да магіі. Ёсьць толькі адна недарэчнасьць – мужчыны ў іх сям’і ў сувязі з гэтым не жывуць шмат. Таму разьлічваць на доўгае шчасьлівае сямейнае жыцьцё не выпадае.

Гледачоў чакаюць магічныя дзеі, якія прыводзяць да рознай ступені посьпеху. Верагодна, кожная маленькая дзяўчынка марыла мець падобныя здольнасьці. За праглядам гэтай стужкі можна ўбачыць, да чаго можа прывесьці чараўніцтва.

Нумар 7. Іншаплянэцянін (E.T. the Extra-Terrestrial). 1982

e.t._the_extra_terrestrial_3.webp

Клясычны сямейны фільм, які паставіў Стывен Сьпілбэрг. Стужка пачынаецца ў лясістай мясцовасьці. Касьмічны карабель іншаплянэцянаў прызямляецца ў рамках сваёй пяцігадовай місіі: дасьледаваць новыя дзівосныя сусьветы. Каб шукаць новае жыцьцё і новыя цывілізацыі. Пасьля таго, як група іншаплянэцянаў пакідае аднаго са сваіх на нашай Зямлі, ён аказваецца ў дзіўным сьвеце адзін. Неўзабаве яго знаходзіць самотны дзесяцігадовы хлопчык на імя Эліят, і яны зьбліжаюцца.

На жаль, дзяржаўныя агенты таксама ведаюць пра прышэльца, яны захопліваюць істоту. Эліят і яго сябры аб'ядноўваюцца. Яны намагаюцца выратаваць міжгаляктычнага госьця, каб ён мог вярнуцца дадому, пакуль ня позна. Ці атрымаецца ў дзяцей супрацьстаяць даросламу сьвету зь іх агентамі, карпарацыямі і медыя? Абавязкова паглядзіце.

Нумар 6. Калі Гары сустрэў Салі (When Harry Met Sally). 1989

when_harry_met_sally_1.avif

Гэты фільм зьняў Роб Райнэр у супрацы з аўтаркай сцэнара Норай Эфрон. У галоўных ролях тут Мэг Раян – акторка, якая нібы ўжо нарадзілася для падобных роляў, а менавіта для гераіняў з вельмі тонкай душэўнай арганізацыяй, якія надзвычай кранальныя, але гэта не зьяўляецца прытарнай кранальнасьцю. Сапраўды, па-добраму, мілая. Яе кампаньён па стужцы – выдатны комік Білі Крыстал (у апошнія гады вы неаднаразова маглі бачыць яго і ў якасьці вядоўцы цырымоніі “Оскар”).

«Я прыйшоў сюды сёньня ўвечары, таму што калі ты разумееш, што жадаеш правесьці з кімсьці ўсё астатняе жыцьцё, ты жадаеш, каб астатняе жыцьцё пачалося як мага хутчэй» - кажа герой гераіні. З такім настроем і праходзіць фільм.

Нумар 5. Цяжкасьці перакладу (Lost in Translation). 2003

lost_in_translation_2.jpeg

Сафія Копала, дачка тытана кіно Фрэнсіса Форда Копалы, асоба самадастатковая. Яна так і не стала ў першыя шэрагі творцаў, але асобныя працы Сафіі – бліскучы прыклад майстэрства. Менавіта такім прыкладам зьяўляецца стужка з Білам Мюрэем і Скарлет Ёхансэн у галоўных ролях.

Гісторыя заснаваная на малаверагоднай сувязі паміж дзьвюма страчанымі душамі: састарэлым амэрыканскім акторам, якога Біл Мюрэй паказвае з фірмовай мэлянхоліяй, і маладой жанчынай, якая проста плыве па ўласным жыцьці.

Дзеяньне адбываецца ў шматмільённым Токіа, дзе на безьліч людзей існуе прорва самотных.

Нумар 4. Мой хлопец – псіх (Silver Linings Playbook). 2012

silver_linings_playbook_1.jpg

Дэвід О. Расэл распавядае пра амерыканскую сям’ю, у якой, як падаецца, вельмі шмат праблемаў. Галоўны герой у выкананьні Брэдлі Купэра толькі вяртаецца ў бацькоўскі дом пасьля лекаваньня ў псіхіятрычным шпіталі. Для нас ён – відавочны псіх. Але паступова мы можам прыйсьці да высновы, што Купэр – акурат самы адэкватны з ліку яго крэўных і дзяўчыны зь якой ён знаёміцца, у выкананьні Джэніфэр Лоўрэнс (яе роля была такой пераканаўчай, што ў выніку акторка атрымала Оскар за лепшую жаночую ролю).

Трагедыя героя, яго перажываньні мяжуюць з нібы жартоўным жыцьцём бацькі ў выкананьні Робэрта Дэ Ніра. Мы назіраем за ўчынкамі, якія складана аднесьці да хваробы, але ў момант найвялікшага напружаньня бацька героя робіць вельмі нестандартныя хады. Фільм заяўлены ў тым ліку і як камедыя. Гэта той выпадак, калі сцэны, у якіх сцэнарысты заплянавалі сьмех – сапраўды сьмешныя. А сама стужка – адназначна вартая прагляду.

Нумар 3. Вечнае зьзяньне чыстага розуму (Eternal Sunshine of the Spotless Mind). 2004

eternal_sunshine_of_the_spotless_mind_1.webp

Рэжысэр Мішэль Гандры звычайна стварае ўласныя сусьветы, у якіх героі рухаюцца, дзейнічаюць і выглядаюць інакш, чым калі б мы ўявілі іх у той жа стужцы, але іншага аўтара.

Дрыготкая гісторыя каханьня, памяці і непазьбежнага. Бліскучая роля Кейт Уінслет, разам зь якой у дастаткова нечаканай моцнай драматычнай ролі выступае Джым Керы. У дваіх чалавек па некаторай прычыне былі сьцертыя ўспаміны пра іх ранейшае сумеснае жыцьцё. Але лёс складваецца такім чынам, што яны зноў сутыкаюцца, каб адчуць подых ранейшых пачуцьцяў.

У вольны вечар разам са сваёй паловай абавязкова паглядзіце гэтую гісторыю каханьня.

Нумар 2. Рэбэка (Rebecca). 1940

rebecca_1.avif

Фільм Альфрэда Хічкока заснаваны на гатычным рамане Дафны дзю Мар'е, стаў першым амэрыканскім праэктам Хічкока, які задаў тон яго славутай галівудзкай кар'еры.

Джоан Фантэйн выконвае захапляльную ролю наіўнай другой місіс дэ Вінтэр у напружаным трылеры. Гісторыя разгортваецца вакол гераіні Фантэйн, маладой жанчыны, якая закахалася ў загадкавага ўдаўца, якога сыграў Лоўрэнс Аліўе. Іх наступны шлюб закідвае ў радавое гнязду арыстакрата. Адчувальная незразумелая адпачатку напружанасьць паміж героямі Фантэйн і Аліўе ўскладняе іх адносіны. Джоан Фантэйн па-майстэрску адлюстроўвае няўпэўненасьць і разгубленасьць маладой нявесты, якая азмрочаная прывідам першай жонкі яе мужа, якая насіла імя Рэбэка.

Гэтая стужка прынесла Фантэйн першую з трох намінацый на "Оскар" за лепшую жаночую ролю.

Нумар 1. Пах кабеты (Scent of a Woman). 1992

scent_of_a_woman_1.jpeg

Бэнэфіс Ала Пачына, за які ён нарэшце атрымаў галоўную акторскую ўзнагароду. Марцін Брэст паставіў фільм пра чалавека, які адпрацаваў афіцэрам выведкі ўсё жыцьцё, і пастанавіў выправіцца ў шыкоўнае падарожжа, каб атрымаць поўны пакет якаснага жыцьця, з найлепшымі гатэлямі, барамі і паненкамі. Ідэя зразумелая, але ў героя Ала Пачына ёсьць асаблівасьць – ён сьляпы, таму сям’я не ў захапленьні ад меркаванага трыпу. Сваякі запрашаюць студэнта суправаджаць палкоўніка. герой Ала Пачына відавочна не задаволены, але вымушаны пагадзіцца. Так пачынаецца гісторыя, поўная чароўных прыгодаў увосень.

«Кабеты! Што ты можаш сказаць? Хто зрабіў іх? Бог павінен быў быць геніем. Валасы — кажуць, што валасы — гэта ўсё. Ты калі-небудзь зарываўся носам у гару курлявых валасоў, каб жадаць толькі заснуць у іх назаўсёды? Або вусны — калі яны дакранаюцца, твае становяцца падобныя на той першы глыток віна пасьля таго, як ты толькі што перасёк пустыню».

Прыемнага прагляду!