Топ-10 фільмаў пра Другую Сусьветную, створаных у Эўропе
Чарговая гадавіна Дня памяці 8 траўня, ці як у Беларусі называюць Дзень Перамогі 9 траўня, набліжаецца сваёй недастатковай веліччу. Ужо другі год у Эўропе пануе новая вялікая вайна, якая ўрэшце прынясе і новы дзень Перамогі. Падрыхтавалі сьпіс з лепшых стужак пра тую, папярэднюю вайну, зьнятых не ў Галівудзе, а на нашым кантынэнце.
![Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі](/img/v1/images/la_ciociara.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі
Нумар 10. Маўчаньне мора (Le silence de la mer). 1949
![le_silence_de_la_mer.jpg le_silence_de_la_mer.jpg](/img/v1/images/le_silence_de_la_mer.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Стужка Жан-П’ера Мэльвіля гэта адаптацыя навэлы 1942 года. Дзеяньне фільма разгортваецца ў французскай вёсцы падчас нямецкай акупацыі. Уся гісторыя пабудаваная вакол старога чалавека, яго пляменьніцы і нямецкага афіцэра, які жыве ў іх доме. Атмасфэра ціхага супраціву ў фільме ствараецца праз складаныя ўзаемаадносіны гэтых герояў.
Чорна-белыя кадры дакладна перадаюць змрочны настрой. Нямецкі афіцэр сутыкнецца з жорсткім супярэчаньнем у сабе самім. Яго глыбокія перакананьні будуць змагацца з рэальнасьцю, якую нясе нацысцкі рэжым.
Французская сям’я сустракае немца маўчаньнем. Маўклівы супраціў квітнеў у гэты час на акупаванай краіне Бальзака і Гюго.
Нумар 9. Субмарына (Das Boot). 1981
![das_boot_1.jpg das_boot_1.jpg](/img/v1/images/das_boot_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прыняцьце ганебнага мінулага — неабходны крок, які мусіць прайсьці кожная нацыя, якая ўдзельнічала ў акупацыях іншых дзяржаваў, якая адказная за нечалавечыя злачынствы сваёй арміі. У Нямеччыны гэта атрымалася, у Расеі — не было ніколі, і, на жаль, наўрад ці адбудзецца ў будучыні.
Гэты нямецкі фільм Вольфганга Петэрсана пераносіць нас пад ваду. Час супрацьстаяньня ў атлянтычным акіяне з брытанскім флотам. Будзённае жыцьцё на субмарыне сканчваецца раптоўнай значнай паломкаю. Стужка пра адчайную, небясьпечную працу па кіраваньні падводнай лодкай. Мы можам засяродзіцца на гэтым і лавіць сябе на цікавых развагах: ці падбадзёрваем мы нацысцкіх вайскоўцаў у іх барацьбе за выратаваньне, ці жадаем ім найхутчэйшага апусканьня на дно?
У стужцы да экіпажу быў далучаны журналіст, які меў заданьне напісаць прапагандысцкі рэпартаж аб баявых посьпехах нямецкай зброі. Яго канфлікт з капітанам субмарыны дадае напружаньня ў абставінах, калі надзея выплыць зьнікае з кожнай хвілінай.
Нумар 8. Да пабачэньня, дзеці (Au revoir les enfants). 1987
![au_revoir_les_enfants.jpg au_revoir_les_enfants.jpg](/img/v1/images/au_revoir_les_enfants.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яшчэ адна французская праца ў нашым сьпісе. Фільм Луі Маля атрымаў ганаровую ўзнагароду Залаты Леў на Венэцыянскім кінафэсьце. Гэта напалову аўтабіяграфічны фільм, дзеяньне якога адбываецца падчас вайны ў французскай школе-інтэрнаце. Мы ўбачым шчырае сяброўства паміж французскім хлопцам, і габрэйскім хлопчыкам, які хаваецца пад ілжывым імём, каб пазьбегнуць перасьледу.
Вачыма гэтых дзяцей рэжысэр паказвае нявіннасьць, сяброўства і страту чалавечнасьці падчас вайны. Маленькія акторы нібы былі народжаныя для сваіх роляў: так упэўнена яны глядзяцца на экране.
Падчас прагляду вы дакладна будзеце раз за разам вяртацца да думкі аб бессэнсоўнасьці вайны.
Нумар 7. Рым, адамкнёны горад (Roma città aperta). 1945
![roma_citta_aperta_1.jpg roma_citta_aperta_1.jpg](/img/v1/images/roma_citta_aperta_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Легендарны фільм Рабэрта Расаліні пабачыў сьвет у першую мірную восень Італіі пасьля Мусаліні. Гэтае кіно ўзрушыць вас па поўнай. Рэжысэр нібы ходзіць (ці хутчэй бегае пад кулямі) з камэрай па горадзе і здымае дакументальны фільм. Сюжэтная лінія распавядае пра лідэра супраціву, які хаваецца ад нацыстаў.
Жыхары рымскага раёна блукаюць увесь час дзеяньня. Маладыя хлопцы рызыкуюць жыцьцём, каб увайсьці ў бойку з ворагам. Іх анёл-ахоўнік — каталіцкі сьвятар, які ўсімі магчымымі, а таксама немагчымымі спосабамі спрабуе выратаваць сяброў.
Фільм вельмі змрочны і цяжкі для ўспрыманьня праз рэалістычнасьць паказанага. Але як інакш бывае на вайне, асабліва калі змагаешся з фашызмам.
Нумар 6. Жыцьцё цудоўнае (La vita è bella). 1997
![la_vita_e_bella.webp la_vita_e_bella.webp](/img/v1/images/la_vita_e_bella.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Рабэрта Бэніньі пасьпеў атрымаць безьліч міжнародных узнагародаў і народнага прызнаньня ва ўсім сьвеце пасьля выхаду гэтай трагікамедыі. Пярліна антываеннага кіно, стужка спалучае жахлівыя рэчы Галакосту з адданай любоўю бацькі да свайго маленькага сына.
Італьянскі габрэй распрацоўвае гульню, каб паспрабаваць абараніць дзіця ад пякельных катаваньняў канцлягеру. Ён прымушае на хвіліну паверыць у рэальнасьць сваіх тэатральных практыкаваньняў нават нацысцкіх ахоўнікаў. А як у іх верыць маленькі хлопчык!
Мы трапім у дзівосны асьляпляльны сьвет Тасканы і ў змрочны смурод лягеру. Жыцьцё цудоўнае, што б хто не казаў.
Нумар 5. Піяніст (The Pianist). 2002
![the_pianist_1.jpg the_pianist_1.jpg](/img/v1/images/the_pianist_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Польшча, вайна, габрэі. Гэтыя тры элементы ўключае ў сабе не адзін тузін фільмаў. Іх рознае прачытаньне і выяўленьне ў мастацкіх вобразах зьдзіўляе не адно пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе. У наш спіс трапіла праца Рамана Паланскага з эталённым вакананьнем галоўнай ролі ад Эдрыяна Броўдзі. 88 клявішаў інструмэнту і бясконцаў колькасьць зьдзекаў з боку нацыстаў.
Раман Паланскі, які вымушаны быў зьбегчы з сацыялістычнага раю Польшчы ў 1960-х, паказвае нам папярэдняе пакаленьне закатаваных, зьнішчаных і адрынутых палякаў. Ці вартая чаго-небудзь музыка ў межах канцлягеру? Ці патрэбныя піяністы, калі не хапае тых, хто будзе ў сваіх руках трымаць аўтамат супраць акупантаў?
Фільм стаў пераможцам кінафэсту ў Канах.
Нумар 4. Андэграўнд (Underground). 1995
![underground.jpg underground.jpg](/img/v1/images/underground.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Хтосьці можа назваць гэтую карціну Эміра Кустурыцы фарсам і будзе мець рацыю. Але з іншага боку — мы маем справу з геніяльным фільмам чалавека, што здабыў сабе неадназначную рэпутацыю ў апошнія гады. Ці варта зьмешваць творчасьць і прыватнасьць? Верагодна, так. Разам з тым, зьвернемся да стужкі.
Гісторыя разгортваецца ў трох розных актах, кожны зь якіх прадстаўляе іншы перыяд у гісторыі Югаславіі. Першы акт адбываецца падчас Другой сусьветнай вайны, другі — падчас халоднай вайны, трэці — падчас югаслаўскіх войнаў у 1990-я. Напачатку югаслаўскія антыфашысты ствараюць надзейнае сховішча для сябе і мануфактуры па стварэньні зброі. Яны адмяжоўваюцца ад сусьвету, і не заўважаюць урэшце, што вайна з немцамі ўжо даўно скончаная. Але іх праца працягваецца нягледзячы ні на што.
Да чаго гэта прывядзе ў выніку — пытаньне насамрэч цікавае. Ці можа скончыцца вайна, якая перманентна ідзе праз усю гісторыю чалавецтва?
Нумар 3. Апошняе мэтро (Le dernier métro). 1980
![le_dernier_metro.jpg le_dernier_metro.jpg](/img/v1/images/le_dernier_metro.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Франсуа Труфо зьняў звышэмацыйную стужку з Жэрарам Дэпардзье і Катрын Дэнёў у сваім росквіце кінематаграфічных кар’ераў. Мы ўбачым Парыж часоў нямецкай акупацыі, і перадусім — невялікі кінатэатар, кіраваць якім стала гераіня Дэнеў замест свайго мужа-габрэя, што мусіць хавацца.
Мастацтва стане своеасаблівай арэнай змаганьня з нацыстамі, калі, як падаецца, ужо ўсё задушана, і супраціў выглядае недарэчным. Стужка засяроджаная на душэўных перажываньнях галоўных герояў. У пэўны момант можна нават забыць, што карціна пра вайну. Але ў кожнае падобнае імгненьне гледачоў вяртаюць да рэчаіснасьці.
Вайна зьмяняе як дзяржавы, так і кожнага чалавека. Акупацыя ніколі не праходзіць бяз сьледу.
Нумар 2. Караль, чалавек, які стаў Папам (Karol, un uomo diventato Papa). 2005
![karol__un_uomo_diventato_papa.jpg karol__un_uomo_diventato_papa.jpg](/img/v1/images/karol__un_uomo_diventato_papa.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Стужка, якая глыбока адаб’ецца ў вашым сэрцы і пакіне пасьля сябе глебу для працяглых развагаў. Гэтую карціну палякі запрасілі зьняць італьянца Джакама Баціята. Нездарма: фільм пра Караля Вайтылу, які нарадзіўся ля Кракава, а памёр у Рыме.
Звон шалёна адбівае трывогу ў Кракаве — немцы перайшлі мяжу з Польшчай 1 верасьня 1939 года, і маладыя людзі наперабой кажуць аб неабходнасьці ісьці ў армію, бараніць радзіму і забіваць ворагаў. Але адзін зь іх — Караль — разумее, што пазбавіць чалавека жыцьця ён не зможа.
Мы становімся сьведкамі цэлай гістарычнай эпохі, у якой жыў Караль Вайтыла. Жахі нямецкай акупацыі зьмяняюцца тэрорам камуністычнай адміністрацыі. Малады чалавек у пэўны час адчувае пакліканьне — стаць сьвятаром. Каб урэшце праз дзесяцігодзьдзі стаць Папам — Янам Паўлам ІІ.
Гэтая стужка павінна быць у вашым абавязковым спісе да прагляду.
Нумар 1. Чачара (La ciociara). 1960
![la_ciociara_2.jpg la_ciociara_2.jpg](/img/v1/images/la_ciociara_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Перад намі — адна з лепшых роляў Сафі Ларэн. Рэжысэр Віторыё дэ Сіка, па словах відавочцаў, падчас здымкаў неаднаразова не мог стрымаць эмоцыі і плакаў проста сярод здымачнай каманды. Неабходна папярэдзіць, вас чакае падобная рэакцыя на вялікі фільм.
Іншая назва карціны — «Дзьве жанчыны», што падкрэсьлівае асноўнае, на чым базуецца стужка. Вайна вачыма маці і дачкі. Яны вымушаныя пакінуць Рым, і гледачы становяцца сьведкамі іх падарожжа ў невядомасьць, туды, дзе сканчваецца вайна і зьдзекі, дзе кулі саступаюць месца зялёным лугам, па якіх цячэ малако і мёд.
Выразная і эталонная гульня Сафі Ларэн прынясе эстэтычнае задавальненьне аматарам яе творчасьці.
Ніколі зноў! — жадалася б скончыць такім воклічам падборку фільмаў пра вайну, але ніколі стала такім будзёным сёньня.
Прыемнага прагляду!