Топ-10 фільмаў пра спорт. Спойлер: абышлося без футболу
Галоўная падзея ў сьвеце пасьля вайны ў гэтыя тыдні — чэмпіянат сьвету па футболе. Мы падрыхтавалі для вас спіс з лепшых стужак пра спартовыя дасягненьні, барацьбу і жыцьцёвыя драмы. Спорт даўно выходзіць па-за межы фізычнай культуры і становіцца часткай культуры ў шырокім сэнсе гэтага слова. Пагрузіцеся ў сьвет перамогаў і балючых паразаў. Усё як у жыцьці.

Кадр з адного фільма з нашага спісу
Нумар 10. Іх уласная ліга (A League of Their Own). 1992

У гэтай стужцы Пэні Маршал гледачы пераносяцца ў часы вайны, калі ў ЗША заснавалі Жаночую лігу бэйсболу падчас таго, як мужчыны трапілі на Другую сусьветную вайну. Герой Тома Хэнкса – былы спартовец, якога запрашаюць натрэніраваць дзявочую каманду для ўдзелу. Рэжысэрка – вядомая змагарка за правы кабет, і яе фільмы часта становяцца пляцоўкай для стварэньня адпаведных вобразаў.
Дзяўчыны ў стужцы ўжо маюць тое, за што іншыя працягваюць (ці пачынаюць) змагацца сёньня – упэўненасьць, харызму, імпэт да высокіх прафэсійных дасягненьняў. Такім чынам іх трэнер і сам зараджаецца энэргіяй, і разам яны становяцца камандай, гатовай да перамогаў, пакуль іх суграмадзяне змагаюцца за перамогу ў вайне.
Нумар 9. Форд супраць Ферары (Ford vs Ferrari). 2019

Падрыхтуйцеся да рыку рухавікоў сярэдзіны стагодзьдзя. Увесь час прагляду вы будзеце крыху прагаломшаныя гукамі, якія суправаджаюць аўтагонкі. Для звычайных людзей гэта парушэньне іх асабістай цішыні, але для ўдзельнікаў гран-пры гэта і ёсьць жыцьцё. Нават музыка, калі дазволіце так параўнаць. У цэнтры фільма – змаганьне двух буйных аўтавытворцаў, як зразумела з назвы – «Форд» і «Ферары». Прычым не было б ні змаганьня ні нумара 9 у нашым рэйтынгу, калі б напачатку 1960-х амаль збанкрутаваны канцэрн «Ферары» не адмовіўся прадацца амерыканскаму «Форду». Адносіны італьянцаў да ЗША добра вядомыя: не падыходзьце лепш. Таму і ўгода сарвалася, а «Форд» вырашыў адпомсьціць італьянцам на іх улюбёным полі: у аўтагонках. Яны паспрабавалі стварыць машыну, якая б здолела супрацьстаяць легендарнай «Ферары» на гонцы «24 гадзіны Ле-Ман». Крысьціян Бэйл бліскуча выканаў ролю пілота.
Нумар 8. Гонар Янкі (The Pride of the Yankees). 1942

Клясычны баёпік першай і найвялікшай зоркі бэйсболу Лу Герыга. Калі вы і не глядзелі гэтую гульню і не ведаеце яе правілаў – гэта не бяда. Вы дакладна ведаеце адну бэйсбольную каманду – Нью-Ёрк Янкіз, іх лога стала шырокавядомым ва ўсім сьвеце. Скрыжаваныя літары N i Y. Цікавы факт – сучасныя аматары гульні амаль цалкам асацыююць лепшага бэйсбаліста з тварам Гары Купера, які выконваў гэтую ролю. Лу Герыг пасьпеў адзначыцца шматлікімі чэмпіёнствамі, рэкордамі, у тым ліку па непарыўнай працягласьці гульняў. Яго дасягненьні шмат у чым непабітыя дагэтуль. Што за чалавекам быў гэты герой нацыі і гонар Янкі?
Дарэчы, шмат каму імя Лу Герыга можа быць знаёмым і зь іншай прычыны – «хваробай Лу Герыга» сталі называць рэдкую хваробу аміятрафічнага лягеральнага
склерозу, якая разьвілася ў бэйсбаліста. Змаганьне зь ёй таксама прысутнічае ў
фільме, як і змаганьне з іншымі камандамі.
Нумар 7. Нескароны (Invictus). 2009

Спартовая драма, якую зьняў Клінт Іствуд. У галоўнай ролі ён зьняў аднаго з улюбёных сваіх актораў (акрамя сябе) – Моргана Фрымана, у іншай істотнай ролі – Мэт Дэйман. Яны абодва атрымалі намінацыі ў амерыканскай кінаакадэміі за гэтыя працы. Гісторыя адбываецца ў Паўднёвай Афрыцы, у 1995 годзе, калі на чале краіны знаходзіцца былы палітвязень Нэльсан Мандэла. Краіна застаецца жорстка падзеленай па-першае паміж прыхільнікамі былога рэжыму «апартэіду», калі ўся ўлада належала белай меньшасьці, а чорныя разглядаліся як рабы без рабства, а зь іншага боку — гэтыя самыя чорныя, якім карцела разабрацца з былымі панамі. Што рабіць з гэтым? Наша падборка пра спорт, таму — ён у дапамогу. Было вырашана правесьці кубак сьвету па рэгбі ў гэтай афрыканскай краіне.
Клінт Іствуд не быў фанатам рэгбі, але пры падрыхтоўцы да здымкаў ён гадзінамі па начах у Паўднёвай Афрыцы глядзеў гульні, а потым абмяркоўваў іх. Праз пэўны час гульня захапіла і яго. Па сюжэце фільма Нэльсан Мандэла шукае падтрымкі ў капітана рэгбійнай каманды, якая гістарычна складалася зь белых і выступала для белых, каб яна паспрабавала выйграць кубак сьвету дзеля ўсіх паўднёваафрыканцаў. Вострыя канфлікты і спартовае змаганьне вам гарантаванае.
Нумар 6. Кожная нядзеля (Any Given Sunday). 1999

Менавіта з такой рэгулярнасьцю адбываюцца гульні ў галоўнай лізе па амерыканскім футболе. Кожны тыдзень, у нядзелю, што б ні было — ты павінны выходзіць на поле і змагацца. Фільм Олівэра Стоўна з легендарным Аль Пачына ў ролі галоўнага трэнера каманды — выдатны ўзор уцягваньня ў спорт нават нэўтральных гледачоў. У цэнтры гісторыі — каманда, што нядаўна была сярод фаварытаў і атрымлівала буйныя перамогі, але зараз скацілася да ўзроўню андэрдогаў. Чарговы ўдар — памірае ўласьнік клюба, і кіраваць бярэцца яго дачка, у якой, вядома, свае погляды на гульню, трэнера і спорт увогуле. Герою Пачына становіцца складана спраўляцца з усімі цяжкасьцямі.
Адна з прамоваў, якую робіць галоўны трэнер у фільме — такая моцная і матываваная, што вядомыя шмат выпадкаў, калі трэнеры ў рэальным жыцьці ў розных відаў спорту паказвалі сваім падначаленым гэты ўрывак напярэдадні ці ўсярэдзіне гульні — і гэта давала фантастычны вынік. Паспрабуйце і вы.
Нумар 5. Більярдыст (The Hustler). 1961

Калі вы больш аматар не камандных відаў спорту – гэтая стужка вам дакладна прыйдзецца даспадобы. У галоўнай ролі Пол Ньюман – яго герой сапраўдны прафэсіянал у більярдзе. Акрамя задавальненьня ад гульні ён атрымлівае і іншы профіт – ён ушчэнт перамагае сваіх супернікаў у партыях на грошы. Пачынае як і належыць – крыху дае адчуць асалоду перамогі апанэнту, потым уздымае стаўкі – і разгром. Ці зможа галоўны герой увесь час падтрымліваць такі рытм, ці яму трапяцца супернік не па зубах? Усё паступова ўскладняецца. Дарэчы, Пол Ньюман выканаў усе ўдары ў фільме самастойна, акрамя аднаго, самага складанага.
Нумар 4. Кручаны мяч (Trouble with the Curve). 2012

Другі фільм з Клінтам Іствудам у нашым рэйтынгу. Гэтым разам ён выступае ў якасьці актора, за рэжысэра быў Робэрт Лорэнц. Іствуд выконвае ролю спартовага скаўта, які ўсё сваё жыцьцё знаходзіў будучых зорак спорту, але зараз ён імкліва старэе і губляе зрок. Якім жа чынам знайсьці новую зорку, калі ты не бачыш мяч? Глыбокая псыхалягічная драма, якая больш чым пра вялікі спорт. Фільм пра непазьбежную рэальнасьць кожнага ў свой час – старасьць і нежаданьне прымаць яе. Мы станем сьведкамі спробаў героя Клінта Іствуда падмануць калегаў, сябе, час. Ён вымушаны наладзіць адносіны са сваёй дарослай дачкой у выкананьні Эмі Адамс, каб праз сумесную спартовую тэрапію знайсьці тое, чаго не хапала.
Нумар 3. Я, Тоня (I, Tonya). 2017

Зімовы фільм пра фігурнае коўзаньне. Стужка заснаваная на рэальных падзеях з жыцьця знакамітай Тоні Гардзінг — дзяўчынкі з глухой амэрыканскай правінцыі, чыя маці жорсткай рукой і словам прымушала яе наведваць секцыю ў лядовым палацы. Ці была гэта вычваральная праява матчынай любові ці спроба ўласнай самарэалізацыі (маці працавала ўсё жыцьцё афіцыянткай) – паспрабуйце даць свой адказ. Выбітнае выкананьне ролі Тоні ад Марго Робі прымусіць вас закруціцца разам зь ёй у патройных тулупах і іншых найскладаных элементах фігурнага коўзаньня. Мара ўсяго жыцьця галоўнай гераіні — залаты мэдаль на Алімпійскіх гульнях. Падаецца, у яе ёсьць някепскія шанцы. Давайце сачыць.
Нумар 2. Малышка на мільён (Million Dollar Baby). 2004

Гэтая стужка не пакіне сухімі вашыя вочы, можаце не сумнявацца. Тут сышлася ідэальная камбінацыя: вялікі рэжысэр Клінт Іствуд зьняў фільм з выдатным акторам Клінтам Іствудам у галоўнай ролі. Падцьверджаньне гэтаму: узнагароды Оскар за лепшы фільм, рэжысэрскую працу, жаночую ролю Хілары Суонк і мужчынскую Моргана Фрымана.
Іствуд грае трэнера па боксу, якому жадалася мець чэмпіёна сярод тых, з кім ён працаваў, але за доўгую кар’еру гэтага так і не адбылося. Аднойчы ў яго залю прыходзіць звычайная, ужо дарослая афіцыянтка, якая чамусьці жадае пачаць трэнеравацца ў 31 год. Трэнер вельмі олдскульны і займацца з дзяўчынкамі — гэта не яго ўзровень. Але з часам ён дазваляе сабе даць ёй некалькі ўрокаў.
Па-сапраўднаму выбітная акторская гульня зробіць з вас спецыялістаў у арганізацыі турніраў па боксу за кароткі час. І безумоўна, гэты фільм не пра бокс, ён пра жыцьцё, па якім часам наносяцца страшэнныя ўдары, нібы па грушы, што вісіць у старой залі.
Нумар 1. Шалёны бык (Raging Bull). 1980

Лепшым фільмам пра спорт мы называем працу Марціна Скарсэзэ з Робэртам Дэ Ніра ў галоўнай ролі, за якую ён атрымаў сваю другую ўзнагароду Оскар. Калі спорт – гэта пра змаганьне, тады тут яно паказана буйным плянам, магутнымі ўдарамі кулакоў. Скарсэзэ вырашыў здымаць фільм чорна-белым пасьля таго, як праглядзеў першыя зьнятыя сцэны ў колеры: занадта рэалістычнымі былі кадры, і каб не адцягваць празьмерную ўвагу гледачоў на кроў, было прынятае рашэньне абысьціся двума колерамі.
Гэтая карціна пра цяжкі і складаны лёс баксёра Джэйка Ля Мота, які атрымаў мянушку Бронкскі бык. Ужо ў далёкім ад нас 1980 годзе Марцін Скарсэзэ ўзьняў папулярную сёньня тэму аб маскуліннасьці, якая атручвае ўсё на сваім шляху.
Абавязкова паглядзіце фільм.