Трохтомнік Януша Корчака па-беларуску
28 лістапада ў Педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прайшла прэзентацыя дзіцячых кніг польскага педагога, пісьменніка і публіцыста Януша Корчака (1878/1879 — 1942) з удзелам прафесара педагогікі з Польшчы Анджэя Яноўскага і перакладчыц Інэсы Кур’ян і Марыны Шода.
Дом Сірот у Варшаве
Імя Януша Корчака, па нараджэнні Эрша Хенрыка Гольдшміта, было вядомае ў СССР. Светлыя і трагічныя старонкі жыцця выхавацеля і нязменнага дырэктара Дома Сірот у перадваеннай Варшаве, якога выхаванцы называлі таксама Стары Доктар ці Пан Доктар, назаўсёды засталася ў гісторыі педагогікі. Слынны настаўнік пакінуў па сабе корпус педагагічных твораў і некалькі цудоўных дзіцячых кніг. Частка з іх пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча выйшла трохтомнікам у выдавецтве «Логвінаў». Выданне аздоблена ўнучкай Кандрата Крапівы мастачкай Настассяй Атраховіч, якая зараз жыве ў Германіі.
Першыя два тамы складаюць творы «Кароль Мацюсь Першы» і «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве»: яны выходзілі ў выдавецтве «Юнацтва» ў Мінску ў перакладах Ядвігі Бяганскай і Уладзміра Васілевіча адпаведна, але… з цэнзурнымі купюрамі. Постсавецкая пільнасць тады не дазволіла выдаўцам пакінуць у аповедзе пра гарэзу-Мацюся фразу: «Бо так ужо ўладкаваны свет, што найпрыемней гаварыць і рабіць тое, што забаронена». У іншым месцы знік цэлы пасаж пра зварот малога караля Мацюся да Бога ў малітве, калі яго краіне абвяшчаюць вайну тры іншыя каралі. Як, зрэшты, павыкіданыя ўсе згадкі пра Бога, рэлігію, малітвы і да таго падобнае. Малы чытач мог так і не дазнаецца, што «любую важную справу трэба пачынаць з малітвы», як вучыла Мацюся добрая мама. Сёння несправядлівасць працаю з тэкстамі Андрэя Хадановіча ліквідавана.
Выдаўцы з «Юнацтва», імкнучыся паводле савецкай традыцыі зрабіць тэкст больш свецкім, парушылі найпершую са сфармуляваных Корчакам 10 запаведзяў выхавання: «Не чакай, што тваё дзіця будзе такім самым, як ты, або такім, як ты хочаш. Дапамажы яму стаць не табой, а сабой». Запаведзь перагукаецца з асноўнымі правамі дзіцяці, выказанымі аўтарам у кнізе па выхаванні «Як любіць дзіця»: «1. Права дзіцяці на смерць. 2. Права дзіцяці на сённяшні дзень. 3. Права дзіцяці быць тым, кім ён ёсць». Як бы парадаксальна ні гучала «права на смерць» — гэта прынцып не хаваць малога ад жыццёвых выпрабаванняў у атмасферы хатняга суму і бяздзеяння. Магчымасць малому чалавеку жыць актыўна, рызыкаваць, прымаць рашэнні.
Менавіта роля Корчака ў развіцці сусветнай педагагічнай тэорыі і практыкі вызначылі выбар месца прэзентацыі выданняў у межах прысвечанага яму міні-фестывалю (24 лістапада адбыўся дзіцячы ранішнік у кнігарні «Ў») — Педагагічны ўніверсітэт. Польскі педагог-літаратар стаіць у сусветнай педагагічнай практыцы ў шэрагу сярод зорак навукі выхавання — ад Іагана Песталоцы, дзейнасць якога Корчак сам вывучаў у Швейцарыі ў 1899 года, да Антона Макаранкі, пра чый досвед ён прыхільна адгукаўся. Яно вызначана універсальнай ідэяй — педагог найперш мусіць любіць дзяцей.
Непераможная любоў да выхаванцаў змусіла Корчака, не маючы ўласнай сям’і, ад якой ён свядома адмовіўся, больш 30 гадоў — ад заснавання Дома Сірот у Варшаве на вуліцы Крахмальнай у 1911 г., да часу ліквідацыі пераведзенага нацыстамі ў варшаўскае гета Дома ў жніўні 1942 г., заўсёды быць пры сваіх паднаглядных. Жахі вайны і апошні шлях дзяцей у газавыя камеры канцлагера Трэблінкі з настаўнікам, які меў магчымасць выратавацца, але адмовіўся, — можна бачыць у страшным простай апавядальнасцю фільме Анджэя Вайды «Корчак» (1990). Адданасць дзіцяці падштурхнула Пана Доктара даць малому чалавеку тое, на што мае права дарослы. Так узнік першы ў свеце педагагічны часопіс «Малы агляд» (1926), у рэдагаванні і стварэнні якога бралі ўдзел самі дзеці. А вывучэнне дзіцячай псіхалогіі і выхаваўчай дыягностыкі спарадзілі ў Доме Сірот эксперыментальны дзіцячы «Сяброўскі суд», на якім выхаванцы выносілі рашэнні не толькі ў дачыненні да сяброў, але і выхавацеляў.
Педагагічныя працы Корчака перакладзеныя больш як на 20 моваў, зазналі прызнанне не толькі ў былым савецкім лагеры, але і на Захадзе: адным з цэнтраў «корчаказнаўства» была Заходняя Германія. Ідэі педагога, які сцвярджаў, што «няма дзіцяці — ёсць людзі» паспрыялі ў пасляваенныя часы выпрацоўцы Дэкларацыі правоў дзіцяці 1959 года, а затым «Канвенцыі аб правах дзіцяці», прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН у 1989-м.
Дзіцячыя кнігі Корчака па-беларуску пачала пераўвасабляць яшчэ Ядвіга Бяганская, пісьменніца, якая ў 1937–1947 гадах зведала выпрабаванні сталінскіх лагераў на Калыме. Аптымістычны светапогляд дзіцячай літаратуры на тое і створаны, каб пераадолець жахі вайны і змрочных часоў рэпрэсій. Апошні твор з трохтомніка, «Кайтусь-чарадзей» — вынік працы перакладчыцы Марыны Шоды. На яе думку, свет цудаў і дзівосаў, у якія трапляе звычайны варшаўскі хлопчык, ператвораны ў чараўніка, нічым не саступае намаляванаму Джаан Роулінг у папулярнай эпапеі Гары Потэра. Ён узнік на 80 гадоў раней, а застаўся актуальны сёння, дапамагаючы дарослым успрымаць малых з павагай і любоўю. Так, як раіць папулярны накірунак сучаснай педагогікі, што адштурхоўваецца ад практыкі Януша Корчака і мае сімвалічную назву — «справядлівае грамадства дзяцей».
Беларускамоўных бацькоў застаецца павіншаваць, што за перакладамі Астрыд Ліндгрэн, Тувэ Янсан ды іншых класікаў літаратуры для дзяцей, на іх кніжных паліцах з’явяцца адразу тры тамы прозы Януша Корчака.