Трылогію «Уладар пярсцёнкаў» выдадуць па-беларуску

Знакамітую эпапею «The Lord of the Rings» («Уладар пярсцёнкаў») Джона Толкіна выдадуць па-беларуску. Кнігу рыхтуе выдавецтва «Янушкевіч».

Вокладка будучага беларускага выдання «Валадара пярсцёнкаў»

Вокладка будучага беларускага выдання «Валадара пярсцёнкаў»


Да выдання рыхтуецца ўся трылогія «Валадар пярсцёнкаў». Пераклад першай часткі — «Брацтва пярсцёнка» — ужо гатовы, але з-за пытанняў па аўтарскім праве выдаць яго атрымаецца толькі праз два гады.
«Насамрэч гэтую кнігу мы маглі і хацелі выдаць у 2022 годзе, аднак працяглыя перамовы з праваўладальнікамі з Вялікабрытаніі скончыліся беспаспяхова. Таму прыходзіцца чакаць сканчэння тэрміну выхаду правоў для Беларусі, а гэта наступіць праз 50 гадоў пасля смерці Дж. Р. Р. Толкіна — у 2024 годзе. Дарэчы, Беларусь адзіная з еўрапейскіх краін, дзе дзейнічае правіла 50-ці гадоў для вызвалення аўтарскіх ліцэнзій, а не 70-ці»,
 — растлумачылі ў выдавецтве.
Так што цяпер вядзецца праца над перакладам другой і трэцяй кніг трылогіі, а выданне першай запланавана пакуль што на 1 студзеня 2024 года. Тэкст «Валадара пярсцёнкаў» на беларускай мове рыхтуе паэт і перакладчык Ігар Кулікоў. У яго выйшла шэсць уласных паэтычных зборнікаў, ён вядомы перакладамі з англійскай мовы (у тым ліку перавёў апавяданне Толкіна «Ліст Нігла» («Leaf by Niggle»), раман Чарльза Букоўскі «Чытво» («Pulp»), з санскрыту (перакладаў Рыгведу і ўрыўкі з Махабхараты), а ў 2019 годзе выдаў зборнік перакладаў са стараанглійскай мовы «Стараангельская паэзія», за які атрымаў прэмію імя Карласа Шэрмана.
Нагадаем, выдавецтва «Янушкевіч» займаецца выданнем на беларускай мове іншай легендарнай эпапеі — «Гары Потэра» Джаан Роўлінг. На беларускую знакамітую серыю кніг перакладае Алена Пятровіч. Трэцяя частка выйшла восенню 2021 года.