У Берасці можна пабачыць «Старонкі жывой гісторыі»
Каля Берасцейскага археалагічнага музея, што знаходзіцца на месцы сярэднявечнага Берасця, рэканструююць эпоху XVII стагоддзя. Людзі ў цывільных і вайсковых строях таго часу, сярод прадметаў побыту, запрашаюць турыстаў паглядзець і паўдзельнічаць у інсталяцыі.
Мерапрыемства праходзіць у межах праекту «Старонкі жывой гісторыі», які ініцыяваў згаданы музей супольна з мясцовымі рэканструктарамі.
Падрабязней кажа рэканструктар-інсталятар Андрэй Варабей:
— Зараз людзі ўспрымаюць усё праз эмоцыі. Хто зараз чытае тыя ж кнігі? У інтэрнэце проста вал рознай туфты. Людзі чытаюць і вераць. Калі яны бачуць рэканструкцыю — чалавеку цікава. Яму цікава патрымаць палаш, ці саблю, яму цікава стрэліць з мушкету, зразумела, халастым, яму цікава памуштравацца, у гэтых шыхтах пахадзіць. Скажу шчыра, мы нічога не выдумляем новага, мы глядзім, як гэта робяць нашыя суседзі — на Захадзе, на Усходзе, на Поўначы, на Поўдні, і спрабуем нешта такое зрабіць у нас.
Наведвальнікам прапануюць адчуць атмасферу вайсковага лагеру і побыту XVII стагоддзя на гэтых землях, прайсці навучанне і атрымаць падставовыя веды вайсковага майстэрства. «Гістарычны перыяд гэты абраны не здарма. Бо акурат у сярэдзіне XVII стагоддзя тут, на месцы былога Берасцейскага замку, адбываліся значныя вайсковыя падзеі. Прыход мадзьяраў, атака замку маскавітамі на чале з Хаванскім і шмат іншага. Таму запрашаем», — падсумоўвае Андрэй Варабей. Інсталяцыя адбываецца штотыднёва, адзін раз на тыдзень, і дакладны дзень правядзення можна даведацца праз інфармацыю ў берасцейскіх СМІ.
Паводле Радыё Рацыя