«У бязмежную цемру мы павінны несці сваё ўласнае святло». Прычым беларускія габрэі да ці не найлепшай карціны Стэнлі Кубрыка?

 Легендарны кінарэжысёр Стэнлі Кубрык, аўтар трылеру «Ззянне», што лічыцца адной з найбольш уплывовых карцін у гісторыі кінематографа, пакінуў у сваім шэдэўры шмат пасхалак. Сярод іх знайшлося месца і для Беларусі. Сабралі для вас незвычайныя факты пра здымкі, рэакцыі ды ўвекавечанне самай паспяховай работы Кубрыка.

vokladka_82.jpg

«Ззянне» («The Shining») — сапраўдны дыямент сярод хорар-фільмаў. Знятая ў 1980 годзе па сюжэце аднайменнай кнігі Стывена Кінга карціна з'яўляецца адной з лепшых у сваім жанры: паводле версіі Амерыканскага інстытута кіно, у 2001 годзе экранізацыя Стэнлі Кубрыка заняла 29-е месца ў спісе 100 найлепшых вострасюжэтных амерыканскіх фільмаў дваццатага стагоддзя. Вядомая брытанская тэлекампанія Channel 4 склала рэйтынг «100 найстрашнейшых фільмаў усіх часоў», у якім эталонная работа размяшчалася на першай пазіцыі, а культавы творца Стывен Спілберг называў Кубрыка лепшым рэжысёрам усіх часоў. 

Стэнлі Кубрык

Стэнлі Кубрык

Варта пачаць з таго, што папярэдняя карціна выбітнага рэжысёра пацярпела значны крах: ён меў неабходнасць зняць грандыёзны шэдэўр, каб гарантавана падвысіць рэпутацыю. На гэты момант Кубрык ужо быў вядомай асобай, у той час як пра Стывена Кінга гэтак сказаць нельга —  яго папулярнасць толькі пачынала зараджацца. Але праз тое, што пісьменнік ведаў кошт сваім работам, ён заўсёды вельмі крытычна ставіўся да зменаў у экранізацыях яго твораў, што нарадзіла шмат спрэчак паміж творцамі яшчэ на стадыі здымак. 

Кубрыка ў рабоце Кінга зачапіла дэталь, якая стала асноўнай плынню сюжэту — павольны распад асобы галоўнага героя Джэка Торанса пад уздзеяннем алкаголю. Свой раман Кінг пісаў, калі змагаўся з алкагольнай залежнасцю, таму ўключыў у апавяданне аўтабіяграфічны элемент: галоўны герой Джэк Торанс злоўжывае алкаголем, спрабуючы захаваць здаровы розум дзеля жонкі і сына.

У фільме прысутнічаюць асобныя сцэны, у якіх вельмі яскрава і востра адлюстроўваецца гэтая важная тэма: напрыклад, дыялог з прывідам-бармэнам гатэля «Оверлук» Лойдам. 

«Чарку перакуліш. Адну, другую — і вось ты сам перакулены», — кажа Джэк Торанс у спробах супрацьстаяць залежнасці.


 Прывід Лойд «співае» Джэка Торанса

 Прывід Лойд «співае» Джэка Торанса

На думку Кінга, наадварот, у фільме Кубрыка тэма небяспекі алкаголю і распаду сям'і праз алкагалізм практычна адсутнічае. У экранізацыі розум ды свядомасць галоўнага героя нібыта пажыраецца духам злавеснага будынку, таму ў адрозненне ад сваёй кнігі пісьменнік называе яе «пустой і халоднай».

«Калі мы ўпершыню бачым Джэка Нікалсана, то адразу разумеем, што ён ненармальны, як пацук ва ўнітазе. Усё, што ён робіць, становіцца яшчэ больш ненармальным. А ў кнізе гэта хлопец, які змагаецца за сваё псіхічнае здароўе — і ўрэшце губляе яго. На мой погляд, гэта трагедыя. У фільме няма трагедыі, таму што ён насамрэч не мяняецца», — шчыра адгукаўся Кінг пра экранізацыю. 

Персанаж Джэк Торанс (акцёр Джэк Нікалсан)

Персанаж Джэк Торанс (акцёр Джэк Нікалсан)

Увогуле, пісьменнік і рэжысёр бачылі свет дыяметральна супрацьлеглым чынам: іх спрэчкі суправаджалі здымкі на кожным кроку. Кінг быў абсалютна незадаволены зменамі сюжэту, лакацыямі, акцёрамі, якіх падбіраў вялікі рэжысёр. Тым не менш, тое, што атрымалася зрабіць Кубрыку, уражвае дагэтуль. Гледзячы на першыя ж кадры з верталёта, цяжка ўявіць, што такую якасную карцінку магчыма было зрабіць амаль 50 гадоў таму. 

 Кадры з верталёта, з якіх пачынаецца «Ззянне»

 Кадры з верталёта, з якіх пачынаецца «Ззянне»

Стэнлі Кубрык лічыў, што ён прыбраў асабістыя гісторыі герояў, каб дасягнуць сімвалізму рамана, паказаць аблічча вар'яцтва і зла. Перыядычна ў кадры з’яўляюцца артэфакты, якія псіхалагічна адсылаюць «пракачанага» гледача да важных гістарычных падзей.

Некаторыя кінакрытыкі адзначаюць, што ў кадр трапляюць кансервавыя банкі з профілем індзейца, а гэтая сімволіка адсылае да генацыду карэннай нацыянальнасці ЗША. Пішучая машынка Джэка нямецкай вытворчасці з'яўляецца сімвалам Трэцяга Рэйху, а лічба 42, якая ўвесь час паўтараецца, — адсылка да года пачатку поўнамаштабнага знішчэння габрэяў у западнай частцы Украіны і Беларусі. Пра Халакост таксама сведчыць вялікая колькасць чамаданаў, якія незразумела каму належаць.

«У бязмежную цемру мы павінны несці сваё ўласнае святло», — казаў Стэнлі Кубрык.

 

 Лічба 42 адсылае да генацыду габрэйскага насельніцтва

 Лічба 42 адсылае да генацыду габрэйскага насельніцтва

Запалам вялікага рэжысёра былі жывыя эмоцыі, таму акцёры на здымачных пляцоўках Кубрыка літаральна пакутавалі: усе за выключэннем Дэні Лойда, які адыграў ролю сусветна вядомага «хлопчыка на ровары», што едзе па рознакаляровым дыване гатэля «Оверлук». На момант здымак дзіцяці было толькі пяць гадоў, таму яму нават не расказвалі, што ён грае ў хорар-фільме. Дэні паглядзеў карціну толькі калі яму споўнілася 16 гадоў — згодна з узроставымі абмежаваннямі. 

Персанаж Дэні Торанс едзе на ровары па каляровым дыване

Персанаж Дэні Торанс едзе на ровары па каляровым дыване

А вось іншых акцёраў Кубрык заўсёды трымаў у напрузе і няёмкім становішчы, каб максімальна адлюстраваць эмоцыі страху, безвыходнасці, сталага стрэсу і таго самага паступовага распаду асобы. Так, Джэка Нікалсана рэжысёр прымушаў есці сэндвічы з сырам, якія той цярпець не мог, а Шэлі Дзюваль крытыкаваў за яе акцёрскія скілы і забараняў калегам рабіць ёй кампліменты, сімпатызаваць, спачуваць ды нават ласкава вітацца.

Галоўнае жаданне Вандзі Торанс паводле сюжэту «Ззяння», — уцячы з гасцініцы. Менавіта таго ж хацеў дабіцца Стэнлі Кубрык у рэальным жыцці, таму ўключаў музыку з фільма падчас здымак, што ператварала ў пекла нават работу аператарскай групы. 

Здымкі «Ззяння»

Здымкі «Ззяння»

Кубрык запомніўся як чалавек, які ставіўся карпатліва за самай дробнай дэталі. Так, кадр з ліфтам, з якога льюцца ручаі крыві, здымалі ажно цягам года, бо рэжысёру не падабаўся колер і фактура рэчыва — на яго вока, вадкасць выглядала непраўдападобна.

Кадр, у якім Джэк Торанс заглядае ў праламаныя дзверы з сякерай у руцэ, стаў адным з найбольш пазнавальных за ўсю гісторыю кіно. Для здымак сцэны былі выраблены палегчаныя дзверы, каб акцёр меў магчымасць праламаць іх без асаблівых высілка. Кубрыку гэта зноў не спадабалася: ён загадаў замовіць у «Оверлук» магутныя дзверы, каб дадаць экспрэсіі ў гісторыю. Праз гэтыя нюансы ўрывак цягам некалькі секунд здымалі 3 дні, а Нікалсан да ідэальнага выніку разбіў 60 дзвярэй! 

Персанаж Джэк Торанс ламае дзверы

Персанаж Джэк Торанс ламае дзверы

Дзякуючы такому ўнікальнаму бачанню кампазіцыі і грандыёзнаму рэжысёрскаму воку гэты кадр, як і ўся карціна цалкам, сталі сусветна вядомымі сімваламі кінематографа і медыяпрасторы.