У Музеі гісторыі беларускай літаратуры з'явілася крэсла Васіля Быкава

У фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры трапіла венскае крэсла, якое належала Васілю Быкаву, народнаму пісьменніку Беларусі.

bellitmuseum.by

bellitmuseum.by


Гісторыя гэтага прадмета пачынаецца з Віцебская краю. Крэсла знаходзілася ў панскай сядзібе, у вёсцы Бычкі, дзе пасля рэвалюцыі была адкрыта школа. На ім сядзеў настаўнік. У бычкоўскай школе некалькі класаў адвучыўся Васіль Быкаў. З цягам часу школу закрылі й Васіль пайшоў вучыцца ў Белякоўскую сярэднюю школу, затым у Кубліцкую СШ, якую скончыў у 1939 годзе (8 класаў). Панская сядзіба ў хуткім часе запусцела й мясцовыя жыхары пачалі яе разбіраць.
Васіль з сястрой Валянцінай таксама пайшлі ў сядзібу й прынеслі адтуль крэсла. Каб ніхто не западозрыў, што дзеці скралі крэсла са школы, Васіль выразаў з абодвух бакоў на спінцы крэсла ініцыялы бацькі «Б.В.Х.» (Быкаў Уладзімір Хведаравіч). На сённяшні дзень захаваўся толькі адзін надпіс на асабовым баку.
У 2004 годзе хата бацькоў Быкава была зруйнаваная й і на яе месцы пабудавана «Сядзіба-музей Васіля Быкава» — філіял Установы культуры «Ушацкі музей народнай славы імя Уладзіміра Елісеевіча Лабанка».
Да разбору хаты бацькоў Быкава крэсла знаходзілася ў жонкі брата (Мікалая Уладзіміравіча) Быкава Антаніны Аляксандраўны, ляжала ў дрывотні. У 2014 годзе Глеб Лабадзенка й Сяргей Шапран заўважылі крэсла, але яно было пашкоджана: зламана ножка, спінка, адсутнічала сядзенне, патрабавалася рэстаўрацыя. У канцы 2014 года яна была праведзена майстрам Яўгенам Зарубайкам.
Сёння, дзякуючы намаганням супрацоўнікаў установы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры» крэсла было перавезена з Віцебшчыны (радзімы пісьменніка) у Мінск. На дадзены момант яно захоўваецца ў фондах музэя. Экспанаваць крэсла плануецца ва ўстанове «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры» або ў яго філіяле «Музей-дача Васіля Быкава» а. г. Ждановічы, але прыярытэтным застаецца радзіма пісменьніка в. Бычкі «Сядзіба-музей Васіля Быкава» філіял Установы культуры «Ушацкі музей народнай славы імя Уладзіміра Елісеевіча Лабанка».
Польскае радыё