Улады Ліды палічылі курсы «Мова нанова» немэтазгоднымі

Арганізатары бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова нанова» звярнуліся ў аддзел ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкаму, але атрымалі адказ, у якім гаворыцца, што правядзенне курсаў там лічаць немэтазгодным.

Фота: http://naviny.by/

Фота: http://naviny.by/


Валеры Мінец, сябра ТБМ і адзін з арганізатараў курсаў, кажа, што ідэя правесці курсы «Мова нанова» пайшла ад супрацоўнікаў мясцовага музею. Распрацавалі канцэпцыю, правялі падрыхтоўчую працу, пачалі шукаць памяшканне. Спачатку хацелі праводзіць заняткі ў памяшканні літаратурнай часткі музею, але ідэалагічны аддзел райвыканкаму гэтага не дазволіў.
У адказе загадчыца аддзелу ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Ірына Рабец піша, што ў Лідскім раёне праводзіцца мэтанакіраваная работа па захавані, развіцці і папулярызацыі беларускай мовы і традыцыйнай культуры.
«На цяперашні час распрацаваны раённы культурна-адукацыйны праект «У школу да Цёткі», які абагульняе лепшыя напрацоўкі ў дадзеным кірунку ўстаноў культуры за апошнія гады. Праект разлічаны на рознаўзроставую аўдыторыю і будзе рэалізаваны на працягу 2017 году. Таму лічым правядзенне курсаў немэтазгодным. Разам з тым запрашаем вас прыняць удзел у вышэйназваных мерапрыемствах».
Валеры Мінец здзіўлены адмовай чыноўніцы. Паводле яго, праект вырашылі зрабіць сумесна з музеем, і абодва бакі ўсё задавальняла, а вось з чыноўнікамі агульнай мовы не знайшлі.
«Чыноўнікі баяцца грамадскай ініцыятывы, і вось цяпер прыдумалі нешта сваё. Добра, няхай яны рэалізуюць свой праект, але ж «Мова нанова» — не перашкода. А цяпер яны кажуць, што памяшканні будуць занятыя, і, маўляў, шукайце недзе ў іншым месцы. Грамадская ініцыятыва не мае сродкаў на арэнду памяшкання, і там гэта добра разумеюць», — кажа Валеры Мінец.
Загадчыца раённага аддзелу ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Ірына Рабец падкрэсліла, што яна не супраць курсаў «Мова нанова», але прасіла яе зразумець: ва ўстановах культуры, кажа яна, няма вольнага памяшкання, каб праводзіць моўныя курсы.
«Мы ўжо амаль дапрацоўваем наш вялікі культурна-адукацыйны праект. І проста моўныя курсы — гэта вузка, бо мы ў сваім праекце плануем прапагандаваць беларускасць ва ўсіх установах культуры раёну і гэтым самым ахопім вялікую колькасць людзей. У нас будуць падключаны да працы і бібліятэка, і музей, і школы мастацтваў, і Цэнтр культуры і народнай творчасці. Перад намі стаіць задача — адраджэнне не толькі мовы, але і нацыянальных абрадаў. На наступным тыдні праект павінен быць зацверджаны. Дарэчы, мы запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх жадаючых. Не хаваю таго, што ў нейкім сэнсе да гэтага праекту нас падштурхнула тое, што робіць «Мова нанова».
Рабец кажа, што, акрамя просьбы наконт памяшкання музею, была яшчэ адна — старшыня мясцовага філіялу Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік звяртаўся да яе, каб дазволілі праводзіць заняткі курсаў «Мова нанова» ў канфэрэнц-залі раённай бібліятэкі. Але яму таксама адмовілі — з прычыны таго, што заля «прэзентатыўная» і там не могуць праводзіць падобныя заняткі.
«Ну няма ў мяне месца, куды іх пасадзіць. Школы мастацтваў працуюць у дзьве змены, а ў музеі адна заля зараз на рамонце. Мы запрашаем прымаць удзел у нашым праекце», — сказала Рабец.
Станіслаў Суднік кажа, што культурна-адукацыйны праект, распрацаваны ў райвыканкаме, заслугоўвае павагі — але гэта не курсы вывучэння беларускай мовы.
«Мне патлумачылі, што не хочуць пускаць натоўп людзей у канферэнц-залю, паколькі яна «прэзэнтатыўная» і існуе дзеля іншых мэтаў. Але ў мяне няма ніякай панікі, бо ў Лідзе ёсць іншыя памяшканні. У Лідзе ёсць трэнд у бок беларускасці, і мне зразумела, што стрымаць людзей, якія хочуць вывучаць беларускую мову, сёння ўжо ніхто не зможа. Турбуе пакуль адно — каб, адкрыўшы курсы «Мова нанова», мы іх не правалілі, бо тут вялікая адказнасць», — сказаў Суднік.
Паводле svaboda.org