«Па расстрэле кіну ў сухую яму з жоўтым пясочкам»
У Мінску пад грыфам «сакрэтна» ў невялікім пакойчыку прайшоў закрыты прэм’ерны паказ кінастужкі Аляксея Туровіча «Жоўты пясочак» паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава.
Да гэтага ніводная жывая душа, апроч рэжысёра і гукарэжысёра, фільм не бачыла.
«Зняў пасля адсідкі»
Аўтар
адседзеў за кратамі 6 гадоў (4 з іх, паводле яго слоў, па сфабрыкаванай справе)
за тое, што балатаваўся ў парламент. У той час па ягонай акрузе таксама
вылучалася Вольга Казуліна, дачка экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра
Казуліна. Спадар Туровіч сцвярджае, што даўно карцела зняць фільм пра Курапаты —
яшчэ ў час, калі спробы зрабіць кінапраект па «Жоўтым пясочку» ажыццяўляў мэтр
беларускага кіно Ігар Дабралюбаў.
Але Дабралюбаў бачыў, што кіно атрымаецца эфектным і вартасным толькі ў выпадку годнага дзяржаўнага фінансавання — чакаліся 2 мільёны долараў на яго ажыццяўленне. Але не выпала. Яшчэ маладым акторам Аляксей Туровіч здымаўся ў Дабралюбава. І свой «Жоўты пясочак» прысвяціў акурат свайму настаўніку.
«Здымаць трэба было хутка, грошай магло не
стаць у любы момант», — тлумачыць рэжысёр вымушаныя тэхнічныя недапрацоўкі
фільма. Па непацверджаных дадзеных, праца над фільмам каштавала некалькі
дзясяткаў тысяч долараў. З якіх ці не 10 тысяч пайшло на гукавое аздабленне.
Але сродкаў дарэшты так і не хапіла, і цяпер спадар Туровіч не можа атрымаць свой жа фільм на рукі, пакуль не разлічыцца з гукарэжысёрам цалкам — а гэта яшчэ 6,5 тысячы долараў пазыкі. Дарэчы, гук у фільме выдатны, прафесійны, шмат у чым ён эмацыйна выцягвае некаторыя сцэны.
Савецкі
НКУС знішчаў беларускі народ у Курапатах
«Наколькі мне вядома, у Курапатах расстраляныя каля 30 000 чалавек, аднак сапраўдныя лічбы невядомыя. Я вось так сабе бачу, чаму іх расстрэльвалі? Даведаўся, што гаворыць чалавек па-беларуску, што хоча працаваць для сваёй сям’і — іх проста знішчаў савецкі НКУС. З-за поглядаў знішчалі беларускі народ, везлі эшалонамі і ставілі сваіх намеснікаў.
Але
недарэчна ў фільме ўсе рэплікі персанажаў і аўтарскі тэкст перакладзеныя на
рускую мову. Дзіўна, што і селянін, і паэт гавораць не па-свойму. У прынцыпе,
можна разглядзець такі крок як асэнсаваны — каб захапіць, зацікавіць тэмай нашу
ўсходнюю суседку. Да таго ж, Аляксей Тураў сцвярджае, што на фільм была замова
ад спонсара з Расіі — але, зноў жа, не склалася. Было б нават дапушчальна, каб,
напрыклад, супрацоўнік НКУС размаўляў па-руску, селянін — на трасянцы, паэт —
па-беларуску і г.д. Яно было б абгрунтавана.
Але ў 2017 годзе ў Беларусі рабіць фільм па Васілю Быкаву па-руску — дзіўна і недарэчна. Хаця аўтар мае мару сабраць сродкі на пераагучку кінастужкі на роднай мове. Магчыма, калі атрымаецца арганізаваць збор сродкаў з дапамогай адной з краўнфандынгавых платформаў, дык і мара здзейсніцца, і пазыка будзе аддадзеная.
Селянін, паэт, здраднік, чэкіст…
Аляксей Туровіч збольшага захаваў структуру і храналогію падзей апавядання Быкава. Шэсць персанажаў з розных слаёў, з розным лёсамі і адным фіналам. У кузаве машыны іх вязуць на расстрэл у Курапаты. Селянін, паэт, здраднік, чэкіст, буржуй... Камера фіксуе іх нервовыя дыялогі, пераключаецца з машыны — у мінулае герояў, кім былі, як іх забіралі, як маніпулятыўна іх мушаюць падпісваць даносы і самапаклёпы.
У фільме здымаліся выключна беларускія акторы, пераважна з перыферыі. Цікава, што ў стужцы мусіў зняцца і заўчасна памерлы эстрадны выканаўца Аляксандр Ціхановіч, якія да гэтага прымаў удзел у іншых карцінах Туровіча.
Кожны
з вобразаў быў зразумелы і запамінальны. Адно — сцэны, дзе глядач мог паспець
палюбіць ці пранікнуцца спачуваннем да герояў, настолькі фрагментарныя, што
калі вязняў расстрэльваюць, не шкадуеш іх як асобаў, аднак жах забойства
немінуча прысутнічае. Бадай, гэта адны з самых моцных сцэн фільма. Не менш
моцная сцэна, як і ў творы Быкава, дзе вырачаныя вязні самі пхаюць загразлы
грузавік, набліжаючы сваю смерць. Іх больш, яны могуць кінуцца на ката — і ёсць
шанец перамагчы.
Але герояў воля падаўленая. Наймацней вылучаецца акурат
акторская ігра самога рэжысёра, які ўзяўся выканаць у стужцы ролю аднаго з
вырачаных — былога чэкіста. Выразна, тыпажна, яму верыш. Як і верыш, што
Аляксей Туровіч ад усяго сэрца рабіў гэты фільм, уклаўся ў яго максімальна.
Але, на жаль, недахоп сродкаў і нястача здымачных дзён застаюцца заўважныя.
А яшчэ — вельмі хочацца, каб «Жоўты пясочак» загучаў і па-беларуску. Цяпер — самы час.
Фота аўтара