Легендарны «Знахар» цяпер па-беларуску

Месяц польскай літаратуры — ужо традыцыйная восенькая падзея, якую ладзіць амбасада Рэспублікі Польшча і Польскі Інстытут у Мінску. Сёлета месяц пачаўся з прэзентацыі беларускага перакладу рамана Тадэвуша Даленгі-Мастовіча «Знахар».

padczas_prezentacyi__9__logo.jpg


Вечарына прайшла ў галерэі «Ў» з удзелам польскіх дыпламатаў, дырэктара Інстытуту Матэўша Адамскага, перакладчыц, актораў Купалаўскага тэатру. Мадэратарам імпрэзы выступіў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.
Даленга-Мастовіч і ягоны «Знахар» належаць да рэлікту польска-беларускай літаратуры, добра вядомай у Польшчы, але пакуль нязведанай у нас. І гэта пры тым, што сам аўтар нарадзіўся ў Беларусі ды пісаў творы на беларускім матэрыяле: як Міцкевіч, Ажэшка альбо Пясецкі.

padczas_prezentacyi__8__logo.jpg


За крытыку Пілсудскага Мастовіча вывозілі ў лес…

Тадэвуш Даленга-Мастовіч нарадзіўся ў фальварку Акунёва недалёка ад Глыбокага ў 1898 годзе. Вучыўся ў Вільні ды Кіеве, пры гэтым адначасна належыў да польскага падполля, якое марыла пра аднаўленне Рэчы Паспалітай. Калі Імперыя пачала развальвацца на часткі, у 1917-м Мастовіч едзе ў Варшаву, каб далучыцца да польскага войска і змагацца з бальшавікамі цягам Польска-савецкай вайны.
Цікава пры гэтым, што Мастовіч быў палітычным апанентам Пілсудскага. Будучы журналістам штодзённіка «Rzecz Pospolita», Мастовіч крытыкаваў маршалка пры дай-нагодзе, што, часам, не праходзіла незаўважна… У 1927-м ён быў выкрадзены і вывезены невядомымі асобамі ў лес ды моцна збіты — здароўе давялося аднаўляць у варшаўскім шпіталі. Гэты эпізод пасля будзе апісаны ў «Знахары».

padczas_prezentacyi__2__logo.jpg


Дзве кніжкі на год і вядомасць па ўсёй Польшчы

Легендай стала фантастычная працаздольнасць Мастовіча як пісьменніка і публіцыста. Кажуць, што кожны дзень Тадэвуш пачынаў а пятай ранку кілішкам гарэлкі. Далей — браўся за пісанне. І толькі а 9-й ішоў снедаць.
У перыяд з 1931 па 1939 было надрукавана ажно 17(!) раманаў Даленгі-Мастовіча, то бок прыкладна па два ў год. Найбольш вядомымі сталі «Знахар», «Прафесар Вільчур», «Тры сэрцы». Яшчэ пры жыцці аўтаравы творы пачалі экранізаваць, «Знахар» таксама выйшаў у пракат. Час плённай працы і вядомасці па ўсім краі, аднак, доўжыўся няшмат…
У 1939-м з пачаткам вайны Мастовіча паклікалі ў войска. Служыць давялося на румынска-польскай мяжы ў гарадку Куты. Там жа ён і загінуў, як лічыцца, падчас сутыкнення з атрадам савецкіх войскаў.

padczas_prezentacyi__4__logo.jpg


Прататып «Знахара» — вязень НКУС

Дагэтуль малавядомай застаецца гісторыя прататыпа «Знахара», жыхара Глыбокага Алега Нагушчы. Як сцвярджаюць мясцовыя краязнаўцы, гэта быў чалавек надзвычайных талентаў у медыцыне, да дому якога хворых везлі падводамі ды фурманкамі. Пры гэтым, сам Нагушча быў інвалідам ды насіў пратэз на адной назе.Невядома як, але ў 1941-м Нагушча апынуўся сярод вязняў Глыбоцкай турмы. З пачаткам вайны супрацоўнікі НКУС мелі загад аб ліквідацыі ўсіх зняволеных ды пагналі людзей пешкі на Улу. Але па дарозе караван быў атакаваны нямецкімі самалётамі: пашыхтаваную калону прынялі за адступаючых вайскоўцаў… Там акурат і загінуў народны лекар Алег Нагушча.

padczas_prezentacyi__7__logo.jpg


Не бюст, дык хаця б шыльда…

Яшчэ ў 1998 да стагоддзя Даленгі-Мастовіча краязнаўцы з Глыбокага звярнуліся да гарадскіх уладаў з прапановай паставіць знакамітаму земляку бюст. З добрай задумкі, нажаль, нічога не атрымалася. Затое, дзякуючы высілкам польскай амбасады на доме, які зараз адносіцца да вуліцы Савецкай, з’явілася мемарыяльная шыльда.
Пераклад «Знахара» на беларускую — яшчэ адзін крок да таго, каб узгадаць ды вярнуць Даленгу-Мастовіча ягоным землякам ды ўсім беларусам.