Праваабаронцы пра чачэнскіх уцекачоў у Брэсце: праблема можа пашырыцца

Праваабарончая місія Human Constanta, якая вывучае жыццё ўцекачоў з Паўночнага Каўказа ў  Брэсце, прадставіла даклад пра сітуацыю на беларуска-польскім памежжы.

beshancy_3jpg.jpg


Журналісты eurobelarus.info падрабязна распыталі аб праблеме ўцекачоў сузаснавальніка праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксея Казлюка.

А ці ёсць уцекачы?


— Паводле нашых ацэнак, ёсць ад адной да трох тысяч патэнцыйных уцекачоў, скажам так, бо ў іх няма ўвогуле ніякага статусу. Яны прыехалі пераважна з Паўночнага Каўказу — Чачні, Інгушэціі, Дагестану, — і спрабуюць атрымаць прытулак у Польшчы. На цягніку Брэст — Цярэспаль яны трапляюць на мяжу, і польскія памежнікі кажуць ім, што “ў вас няма візы, вы мусіце з’ехаць”. Людзі кажуць, што хочуць атрымаць прытулак, на што ім адказваюць: “А вось гэтага мы не чулі”, — распавядае сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казлюк.
Але ці карэктна людзей, якія спрабуюць знайсці прытулак у Польшчы, называць уцекачамі? З аднаго боку, прадстаўнікі Упраўлення Вярхоўнага камісара па справах уцекачоў у Польшчы кажуць, што гэта не іх мандат, бо людзі знаходзяцца на тэрыторыі іншай дзяржавы. Тое самае кажа і беларускі бок, бо да яго па прытулак ніхто не звяртаўся.
— Мы іх называем уцекачамі, польская пагранічная служба кажуць, што няма ніякіх уцекачоў, міжнародныя інстытуцыі таксама кажуць, што як уцекачоў іх не бачаць. То бок, гэта “нябачныя” ўцекачы. Так, сярод іх ёсць нейкі адсотак эканамічных мігрантаў, ёсць адсотак людзей, якія хаваюцца ад пераследу. Але мы дакладна не тыя людзі, якія павінны вырашаць, хто з іх заслугоўвае юрыдычнай ці гуманітарнай дапамогі, а хто не.
Як патлумачыў юрыст, паводле польскага заканадаўства памежнікі павінны прыняць у гэтых людзей заяву ў вуснай ці пісьмовай форме, прапусціць і перадаць у службу па справах замежнікаў, якая праводзіць праверку і вырашае, ці маюць яны права на прытулак. Але гэты механізм дае збой яшчэ на этапе памежнага кантролю. Штодня ў Польшчу ўмоўна прапускаюць 10 — 15 чалавек, астатніх вяртаюць назад у Беларусь. Многім даводзіцца рабіць па некалькі дзясяткаў спробаў перайсці мяжу — і, бывае, на 40-вы раз нечакана шанцуе. Праўда, якая заканамернасць тут працуе, праваабаронцы зразумець пакуль не могуць.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін з дзецьмі чачэнскіх уцекачоў.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін з дзецьмі чачэнскіх уцекачоў.


Жыццё “ў падвешаным стане”


Валдзіс Фугаш, яшчэ адзін сузаснавальнік Human Constanta, патлумачыў Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі”,  што іншага шляху атрымаць прытулак ў замежжы ў гэтых людзей няма. Паводле інфармацыі, якая ёсць у праваабаронцаў, праз астатнія памежныя пераходы з Беларусі ў Польшчу ці Літву ўцекачоў не прапускаюць зусім. Шлях ва Украіну праз расійскае грамадзянства ў сувязі з расійска-ўкраінскім канфліктам для іх таксама закрыты.
— Гэта людзі, якія знаходзяцца ў сітуацыі альбо вымушанай міграцыі, альбо добраахвотнай, але тут таксама трэба разбірацца. Мы маем шэраг гісторый ад людзей, якія пацярпелі ад палітычнага пераследу, сітуацыі фізічнай небяспекі для сябе і родных, — асцярожна раскрывае падрабязнасці Валдзіс Фугаш. — Не ва ўсіх ёсць доказы таго, што з імі адбылося, бо, калі казаць пра Чачэнскую Рэспубліку, там яшчэ нядаўня былі якія-ніякія механізмы, што дазвалялі хаця б мінімальна фіксаваць парушэнні правоў чалавека. Але ўжо амаль два гады як апошняя праваабарончая арганізацыя перастала працаваць на тэрыторыі Чачні. Пракуратура, Следчы камітэт і іншыя структуры яшчэ больш перайшлі пад кантроль мясцовай улады, і цяпер яны нават не прымаюць заявы аб парушэнні правоў чалавека. Бо калі нехта спрабуе дэклараваць сваю праблему, гэта аўтаматычна ўключае рэпрэсіўную машыну ў дачыненні да чалавека і яго сям’і.
Праблема ўскладняецца яшчэ тым, што ўцекачы неахвотна распавядаюць пра сябе. Паколькі Чачэнская Рэспубліка ўваходзіць у склад Расійскай Федэрацыі, а ў Беларусі з Расіяй мяжы няма, яны баяцца пераследу на нашай тэрыторыі. Да таго ж пасля некаторых журналісцкіх матэрыялаў такія прэцэдэнты ўжо былі. З гэтай жа прычыны чачэнцы (якія складаюць на беларуска-польскім памежжы большасць уцекачоў) баяцца звяртацца і да беларускіх праваахоўнікаў.
— Падчас раздачы гуманітарнай дапамогі нехта з “пільных грамадзян” выклікаў міліцыю, бо гэта здавалася вельмі “падазроным” мерапрыемствам. Міліцыянеры прыехалі, паслухалі і папрасілі ў наступны раз папярэджваць загадзя, каб людзі не турбаваліся і міліцыя магла ахоўваць парадак, — апісвае Аляксей Казлюк узаемаадносіны ўцекачоў з брэсцкімі праваахоўнымі органамі.
— Больш за тое, яны пакінулі свае кантакты і сказалі, што ў наступны раз могуць дапамагчы выдзеліць месца для раздачы дапамогі, — дадае Ганна Бадзяка, якая курыруе гуманітарную дапамогу місіі.
Праўда, не заўсёды міліцыя ў Брэсце ставіцца да ўцекачоў нейтральна і з паразуменнем.
— Нядаўна адбыўся эксцэс, калі людзей, вымушаных цяпер жыць на вакзале, прымусова даставілі ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі, перапісалі пашпартныя дадзеныя. Дактыласкапія не адбылася  і іх адпусцілі дзякуючы таму, што паспелі пад’ехаць валанцёры нашай місіі. Пакуль мы не разумеем, да чаго гэты выпадак можа прывесці, — гаворыць Валдзіс Фугаш.

Бежанцы на вакзале ў Брэсце. Фота: "Вячэрні Брэст".

Бежанцы на вакзале ў Брэсце. Фота: "Вячэрні Брэст".


Лакмусавая паперка для беларускага грамадства


У першую чаргу юрысты разглядаюць сітуацыю ў Брэсце як прававую праблему, бо не працуе закон, але не менш востра стаіць і праблема гуманітарнай дапамогі. Родны край уцекачы пакінулі яшчэ летам, і ў многіх з іх няма цёплых рэчаў. Таксама патрэбны лекі, заканчваюцца грошы і некаторым ужо няма чаго есці і дзе жыць. Масавая акцыя збору дапамогі адбылася ў верасні ў сталічнай прасторы “Цэх”. Цяпер рэчы для ўцекачоў таксама працягваюць перадаваць валанцёрам: напрыклад, пастаянны пункт збору ёсць у мінскай краме “Kali laska”, дапамогу збіраюць і берасцейцы.
Праваабаронцы самі не чакалі такога разгортвання праблемы і, адпаведна, сваёй місіі, прыехаўшы ў Брэст напачатку верасня. Валацёры знаходзяцца там ужо другі месяц. За гэты час быў выпушчаны даклад па праблеме, яго пераклалі на тры мовы (рускую, англійскую і польскую), і даслалі спецдакладчыку ААН па правах мігрантаў, польскім праваабаронцам, сетцы еўрапейскіх праваабарончых арганізацый, афіцыйным інстытуцыям Польшчы і пагранічным службам. Таксама беларускія праваабаронцы сустрэліся з шэрагам спецыялістаў па гэтай тэме.
Юрысты папярэджваюць пра магчымае пашырэнне праблемы і заклікаюць беларусаў дапамагаць тым, хто апынуўся ў бядзе, не злавацца і не пашыраць агульны ксенафобны наратыў, які апошнім часам распаўсюджваецца праз наплыў мігрантаў у Еўропу.
— Важна разумець, што ўсе людзі роўныя. Сітуацыя ў Брэсце — лакмусавая паперка таго, на якой ступені развіцця знаходзіцца наша грамадства, ці гатовыя мы дапамагаць. Мы часта чуем: “Чаму вы дапамагаеце чачэнцам, у вас што, іншых праблем няма? Спачатку беларусам дапамажыце”. Але ж праблема датычыцца не толькі канкрэтнай супольнасці чачэнцаў, а патэнцыйна можа закрануць увесь Брэст. Гэтаксама і беларусы маглі б апынуцца ў бядзе, просячы прытулку ў іншай краіне. Гэта нармальна, калі людзі аказваюць дапамогу незалежна ад нацыянальнасці, рэлігіі і іншых чыннікаў, — падсумаваў Аляксей Казлюк. 
Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
spring96.org