У Мінску пачалі паказваць «Брата 2». Узгадалі, чаму фільм многія лічаць шавіністычным


У некалькіх мінскіх кінатэатрах прама ў гэтыя дні можна паглядзець культавы расійскій фільм «Брат 2». Рэдкі выпадак: рэжысёр Аляксей Балабанаў зняў дзве стужкі пра прыгоды простага хлопца Данілы Багрова (ёсць яшчэ проста «Брат»), але больш папулярным стаў менавіта сіквел — другая серыя дылогіі.

fdfb1a3cf2f09bd37eef28d161bf3858.jpg


Зрэшты, абодва фільмы сталі культавымі на абшарах былога Саюза, іх даўно парвалі на цытаты і памятаюць ледзьве не даслоўна. Да нейкай пары бяскрыўдна ўспрымалі і тонкі момант сюжэту — нацыянальнае пытанне, што рэгулярна падымаюць у стасунках з навакольнымі галоўныя героі. Асабліва тое заўважна як раз у «Браце 2», падзеі якога адбываюцца пераважна ў ЗША.

Змянілася сітуацыя пасля 2014-га, калі Расія анексавала Крым і ўварвалася на Данбас. Геапалітычны кантэкст вызначыў і адносіны для балабанаўскага кінашэдэўра. Цяпер шмат хто — ва Украіне найперш — бачыць у кіно пра рускіх братоў выразны шавіністычны матыў.

Вырашылі ўзгадаць самыя непаліткарэктныя эпізоды з эпічнай стужкі, якія ў сённяшняй сітуацыі сапраўды выглядаюць неадназначна, а месцамі і зашкварна.


Пра што кіно?

Большасць беларусаў, вядома, ведае фабулу «Брата 2», але законы жанру патрабуюць нагадаць асноўную сюжэтную лінію. Просты рускі хлопец Даніла Багроў, адслужыўшы ў войску, прыязджае ў Маскву, дзе сустракаецца з сябрамі і ўсяляк бавіць час. Там ён даведваецца, што брат аднаго з сяброў — хакеіст, які гуляе ў ЗША — займеў праблемы з украінскай мафіяй і амерыканскім капіталістам, які нібыта кінуў яго на грошы.

Зразумела, што дэмбель Даніла адразу хоча яму дапамагчы — і для гэтага едзе ў Штаты са сваім старэйшым братам. Разбірацца, шукаць праўду і даведацца адказ на спрадвечнае пытанне «У чым сіла?»

У Амерыцы галоўны герой аказваецца ў гушчы дзівосных падзей. Знаходзіць прыгоды ў стасунках з мясцовымі афраамерыканцамі, ратуе ад сексуальнай кабалы рускую прастытутку, кранальна сябруе з дальнабойшчыкам-рэднэкам, а ягоны брат віртуозна разбіраецца з украінскімі бандытамі…

І, зразумела, хлопец вырашае галоўную праблему. Знаходзіць кідалу-бізнесоўца, забірае ў яго грошы падманутага рускага хакеіста ды прыпірае цынічнага «амерыкоса» да сцяны нарэшце знойдзенай ісцінай жыцця. Сіла, маўляў, у праўдзе, а вы, дурныя янкі, і не ведалі.

Напрыканцы фільма, прыхапіўшы прастытутку Дашу, Даніла вяртаецца з ЗША ў Расію пад хіт «Науцілуса» «Гудбай, Амерыка». «Хлопчык, гарэлачкі нам прынясі, мы дадому ляцім», — фінальная фраза стужкі ў адзін момант становіцца знакамітай.





Свае і чужыя

Тэма глыбінных супярэчнасцяў паміж рознымі народамі і нацыямі праходзіць праз «Брата 2» чырвонай ніткай. Уласна, яна праскоквае яшчэ ў першай серыі, але там хутчэй эпізоды.

«Не брат ты мне, гніда чарнажо…я», — шчыра кажа герой Сяргея Бадрова ў трамваі нахабным асобам каўказскай нацыянальнасці. «Хутка вашай Амерыцы прыйдзе кірдык», — адрасуе наратыў сённяушняй пуцінскай прапаганды выпадковаму «інтурысту» на нейкім п’яным тусачы. Дробязі, яны ў агульным кантэксце так дробязямі і застаюцца. Каб расквітнець ужо ў працягу, на адмыслова ўзаранай нацыянальнай глебе.

У «Браце 2» рускія героі супрацьстаўляюцца ўжо амаль усім астатнім. Украінцам, афра- і белым амерыканцам, яўрэям…

«Мы, гускія, не падманваем адно аднаго», — кажа наіўнаму Даніле чалавек з характэрным вымаўленнем на Брайтан-Біч. І, канечне, падманвае — прадае яму дабітую машыну, якая потым становіцца калом на шляху ў Чыкага. Пры знаёмстве дзядзька назваўся «Куйбышавым», але ж мы ведаем, якія сапраўдныя прозвішчы ў таго племя.

«Бендеравец?» — пытаецца ў украінца старэйшы брат галоўнага героя ў адказ на тое, што той назваў яго «маскалём». І пазней расстрэльвае таго ў прыбіральні са словамі «Вы мне яшчэ за Севастопаль адкажаце».
 Гэтыя эпізоды ўвогуле стануць прароцтвам — праз паўтара дзясятка гадоў пасля прэм’еры Расія забярэ Крым (разам з Севастопалем), а менавіта непісьменным словам «бендераўцы» Пуцін будзе называць украінцаў.


maxresdefault__1__14.jpg

Амерыканцаў фільм ганіць адразу ў некалькіх аспектах. Па-першае, цемнаскурыя — іх Даніла Багроў называе наўпрост «неграмі», праз што адбываецца канфлікт. Раней тыя «негры» наогул збіваюць залётнага рускага, бо ані на што больш не здатныя — яны скрозь сутэнёры, гандляры наркатой і зброяй. З імі нельга цацкацца, вырашае рускі волат, хуценька майструе абрэз з лайна і палак — літаральна з водаправоднай трубы — ды зводзіць рахункі з тымі, каго можна было б таксама назваць «гнідамі чарнажо…мі».

У іншым — сацыяльным — разрэзе можна супрацьпаставіць іншых амерыканцаў, што фігуруюць у кінааповедзе. З аднаго боку просты кіроўца-дальнабойшчык Бэн, які любіць рускую музыку і бескарысліва аказвае госцю з далёкай Масквы шэраг вялікіх паслуг. З другога — гламурная тэлевядучая з саслоўя істэблішменту, якую анічога не каштуе зацягнуць у ложак. Дастаткова толькі сказаць «Ды ладна, чё ты?»

Усе яны са сваёй амерыканскай марай і побач не стаялі ў сэнсе духоўнасці з героямі рускай нацыянальнасці. З той жа прастытуткай Дашай, альбо — во таксама прыклад — з абаяльным маскоўскім фашыстам па мянушцы Фашыст, які ходзіць у форме фашыста і гандлюе зброяй пад рэкламным слоганам «Рэха вайны».


Да Крыма і пасля

4300383.jpg


Каб усё, вышэй сказанае, не ўспрымалася нейкім дыстыляваным паліткарэктным бурчаннем, варта адзначыць: да пэўнага часу кпіны адносна іншых нацыянальнасцяў у «Браце 2» не выглядалі праявамі шавінізму. Да іх ставіліся паблажліва, лёгка і з гумарам — прыкладна як да анекдотаў на адпаведную тэматыку. Пра прастадушных чукчаў, маруднаватых эстонцаў ці хітраватых яўрэяў.

Расійскі пісьменнік Леў Рубінштэйн яшчэ шмат гадоў таму ў дасціпным эсэ патлумачыў, чаму нельга крыўдзіцца на такія гумарэскі. І ў сваю чаргу расказаў французскі анекдот пра бельгійцаў. «Што такое шкілет у шафе? — Гэта бельгійскі хлопчык, які гуляў у хованкі. І выйграў».
Так было і ў «Браце 2». Кажа герой Віктара Сухарукава пра амерыканцаў «Вось вырадкі», і ў аніводнага адэкватнага чалавека нічога не варухнецца ўнутры. Бо кантэкст, бо незласлівасць, бо абаянне ў рэшце рэшт таленавітага акцёра.
І ва Украіне — той, яшчэ прыязнай да Расіі — фільмы пра Данілу Багрова таксама паказвалі ў кінатэатрах. Крытыкавалі ў прэсе, канечне, але нічога. Нават «Океан Эльзи» там гучыць саўндтрэкам, і, так бы мовіць, норм.
Забаранілі гэтае кіно толькі пасля захопу Крыма «ветлівымі людзьмі», бо, вядома, зайграла яно іншымі фарбамі. Тымі самымі, якія зараз наадварот заахвочваюць дэманстраваць «Братоў» у Расіі (і ў Беларусі). Кажуць, на фразе «Хутка вашай Амерыцы будзе кірдык» гледачы ў расійскіх залах часта апладзіруюць…

Што пра фільм казаў Балабанаў?

rian_157036.jpg


Лёс наканаваў так, што ні выканаўца галоўнай ролі Сяргей Бадроў, ні рэжысёр Аляксей Балабанаў да крымскіх падзей не дажылі. Бадроў загінуў у Кармадонскай цясніне ў 2002-м — праз два гады пасля прэм’еры. Яму было ўсяго 30. Балабанаў раптоўна памёр ад сардэчнай недастатковасці ў 2013-м у санаторыі пад Пецярбургам. Яму было ўсяго 54.
Таму невядома, што б яны цяпер сказалі пра той свой твор, прасякнуты бяскрыўднай, як падавалася, ксенафобіяй.
Хаця рэжысёр, напэўна, нічога дрэннага б і не сказаў. Балабанаў рэдка даваў інтэрв’ю, але і з таго, што зараз ёсць у сеціве, яго светапогляд скласці няцяжка.
«Як могуць у адной краіне спалучацца Крым і Львоў? Дзікунства. На Крым значна больш правоў татары маюць, чым украінцы, там іх проста больш, Хрушчоў, прыдурак, падарыў», — казаў пра паўвостраў Аляксей Акцябрынавіч яшчэ тады, калі гэта не было мэйнстрымам.
«Дрэнна стаўлюся. Я іх не люблю, — а гэта ўжо пра мігрантаў, што «панаехалі» ў Расіі. — Лічу, што гэтыя людзі павінны жыць на сваёй гістарычнай радзіме, працаваць на яе карысць. Я ж не еду да іх. А яны едуць. Таму што ў іх дрэнна. Яны недалёкія людзі ў большасці сваёй. Лічу, яны перашкаджаюць краіне, у якой я жыву».
Зрэшты, крытыкі прынялі фільм ухвальна і не шукалі ў ім адлюстравання ўнутранага свету рэжысёра. Крытыкі пісалі пра «пра рускую ідэю», якую неўсвядомлена шукае галоўны герой. Лічылі яго чыстым наіўным хлопчыкам, якіх шмат у расійскай глыбінцы — і якім цяжка кіравацца ў жыцці адным толькі просценькім вершыкам пра «Я узнал, что у меня есть огромная семья». Казалі, што не так усё разумеюць тыя, хто бачыць у сюжэце парасткі будучай экспансіі РФ на суседнія тэрыторыі.
Дарэчы, у пракаце «Брат 2» праваліўся, так і застаўшыся стратным праектам. Але звязана гэта было не з адсутнасцю поспеху (поспех як раз быў аглушальным), а з распаўсюдам запісаў пірацкім чынам — тыповая з’ява для пачатку нулявых.
Можа, цяпер, на пачатку дваццатых, частку выдаткаў атрымаецца «адбіць». Момант надта спрыяльны.